Вы тут

Вяршыня майстэрства: карункі з суцэльнага аркуша


У яе руках нажніцы перастаюць быць проста інструментам, а становяцца «чароўнай палачкай», ад узмаху якой аркуш паперы ператвараецца ў дзівосныя ўзоры. «Амаль кожны мае дачыненне да выцінанкі, таму што сняжынкі на вокны з паперы выстрыгалі ўсе», — усміхаецца «чараўніца» — майстар выцінанкі Вольга Бабурына. Стварэнне папяровых вобразаў для яе — форма асэнсавання падзей рэчаіснасці. Так, нядаўна ў сталічным Музеі сучаснага выяўленчага мастацтва прайшла выстава Вольгі пад назвай «Правы выцінанкі», якая сапраўды гучна заявіла пра сябе. Бо прадстаўлены там былі не звыклыя дэкаратыўна аформленыя традыцыйныя святы, абрады і карункі, а юрыдычны дакумент — Усеагульная дэкларацыя правоў чалавека.

1381181913689_1

— Выцінанка для многіх — гэта толькі папера і нажніцы, якое ж тут мастацтва?
— Цяпер такая думка сустракаецца рэдка і тое ад людзей, зусім далёкіх ад мастацтва. Яны і ў ткацтве бачаць толькі ніткі. Каб людзі ўяўлялі каштоўнасць папяровай выразкі і не бачылі ў гэтым толькі «паперку», я выкарыстоўваю яе не толькі ў творах мастацтва, але і ў рамесніцкіх вырабах пры дапамозе знаёмых і блізкіх рэчаў. Так з'явілася ідэя рабіць завушніцы, магніцікі з выцінанкамі, паштоўкі, закладкі для кніг, бірулькі... Але мастацкіх прац усё роўна не пакідаю, бо менавіта ў іх адлюстроўваецца тое, што мяне хвалюе. Гэта немагчыма зрабіць на магніціку альбо на бірульцы. Усё ж ёсць розніца паміж мастацтвам і рамесніцтвам. Хоць і для рамесніцкіх вырабаў таксама патрэбны густ і мастацкі падыход. Але пры іх дапамозе я не столькі выказваю ідэі, колькі папулярызую выцінанку і беларускую традыцыйную культуру.

— Наколькі цяпер гэта актуальна?
— Я вельмі задаволеная тым, што ў нас выцінанка — ужо сапраўдны брэнд. Думаю, недалёка той час, калі яна стане і сусветным брэндам, якім калісьці была саломка. Я вазіла свае выставы ў Польшчу, Арменію, ведаюць беларускую выцінанку ў Індыі. Таму ў нашай папяровай выразкі ёсць усе шанцы стаць не менш вядомай за, скажам, кітайскую.
— Чаму гэты від традыцыйнага мастацтва так позна пачаў заяўляць пра сябе?
— У народзе выцінанка была. Я памятаю яе ў бабулінай хаце, але да яе ніхто не ставіўся як да нейкага мастацтва. Прыбіраюць хату да свята — сарвалі гэтую паперу, выкінулі ў печ і настрыглі новую. І пра тое, што гэта называецца «выцінанкай», я даведалася падчас вучобы ў мастацкай школе, тады мне было 12 гадоў. Мая любімая настаўніца і духоўная маці Вікторыя Мікітаўна Чырвонцава пачала адраджаць беларускую выцінанку. Дагэтуль майстроў можна было па пальцах адной рукі пералічыць: Вячаслаў Дубінка, Ніна Сакалова-Кубай. А трэба, каб былі апантаныя людзі, якія не проста займаліся гэтым, але і выпускалі вучняў, захаплялі людзей.

1381181915347_2

— А чым выцінанка захапіла вас?
— Я займаюся выразаннем ужо больш за 25 гадоў, мая першая персанальная выстава адбылася ў 1997 годзе, тады ж уступіла ў Беларускі саюз майстроў народнай творчасці, але па-сапраўднаму закахалася ў гэты від мастацтва толькі ў 2004 годзе. Нагледзелася ўсялякіх відаў сусветнай папяровай выразкі — еўрапейскай, яўрэйскай, мексіканскай, кітайскай... І зразумела, чым я валодаю, наколькі ўнікальная і адмысловая беларуская выцінанка. У пэўным сэнсе, як у песні атрымалася: каб любіць Беларусь нашу мілую, трэба ў розных краях пабываць.

— У чым жа ўнікальнасць беларускай выцінанкі?
— Яна манахромная, не любіць шмат стракатых колераў. Вельмі густоўная, рафінаваная, мастацкая, яе вылучаюць стылізацыя, схільнасць да геаметрычных формаў, шматразовае складванне. Часцей за ўсё беларуская выцінанка выстрыгалася з суцэльнага аркуша, яе, як тыя карункі, можна было ўзяць за адзін край, і яна не рассыпалася. Гэта вяршыня майстэрства.
— А як з'явілася ідэя «выразаць» Усеагульную дэкларацыю правоў чалавека?
— Работа была накіраваная на тое, каб людзі, якія ніколі гэтую Дэкларацыю ў рукі не бралі, усё ж задумаліся і прачыталі яе. Бо калі чытала я, мне не ўсё было зразумела, і даводзілася звяртацца па тлумачэнні да людзей, якія маюць юрыдычны вопыт. І пасля я прапусціла праз сябе гэты дакумент, як праз прызму, выкарыстаўшы ў афармленні традыцыйную беларускую сімволіку, кампазіцыю, вобразы, прыёмы. І большасць работ гэтага праекта зразумелыя для ўсіх. Стылізацыя Усеагульнай дэкларацыі правоў чалавека была спробай даказаць, што любое мастацтва, застаючыся традыцыйным, можа быць сучасным.

— Ці лёгка нараджаліся вобразы для Дэкларацыі?
— Нешта прыходзіла адразу, як, напрыклад, з правам на маёмасць. Зразумела, што гэта павінна быць беларуская сядзіба з сажалкай, такі маёнтак. Нават гучанне падобнае: маёмасць — маёнтак. А над некаторымі артыкуламі даводзілася падумаць. Нягледзячы на традыцыйнасць пэўных вобразаў, як, напрыклад, вяселле, якое ўвасабляе права на шлюб, не хацелася выкарыстоўваць шаблоны. Таму нешта даводзілася перарабляць. А ўвогуле ўся калекцыя была зроблена за паўгода.

— Выцінанка — асноўны ваш занятак. Ваш муж таксама мастак, вы маеце дваіх дзяцей... Як ужыцца дзвюм творчым асобам у адной сям'і і справіцца з побытам?
— Я аднойчы зразумела, што калі не буду займацца выцінанкай, то ўсіх пазагрызаю (смяецца). Таму іншым разам проста кажу сабе, што сёння я пра тое, што трэба падмесці падлогу, не думаю. Усё адно зараз настрыгу, потым усё падмяту. Хатніх спраў заўжды шмат, і яны ніколі не скончацца, колькі б мы іх не рабілі. А для сябе трэба вылучаць пэўны час. А з мужам мы ў розных сферах, ён займаецца жывапісам, таму не спрачаемся і паважаем схільнасці адно аднаго.

— А не было страшна прысвячаць сябе творчасці, усведамляючы, што трэба забяспечваць сям'ю, падымаць дзяцей?
— Усіх грошай не заробіш, аднак і дзяцей «пусціць па свеце» не хацелася б. Але колькі б ты не зарабляў, калі ты не задаволены сваім жыццём, ніякія матэрыяльныя каштоўнасці не выратуюць. На пэўным этапе я зразумела, што хачу займацца тым, што прыносіць задавальненне. А калі чалавек займаецца сваёй справай, у яго будзе столькі сродкаў, колькі патрэбна для яго жыцця. У адваротным выпадку ў яго або не будзе грошай, або здароўя.

— А дзяцей да творчасці далучаеце?
— Сыну 16 гадоў, у яго іншыя інтарэсы, хоць прыгожыя сняжынкі ён выразаць умее. А сямігадовая дачка ўжо ўдзельнічае ў выставах. Яна любіць нешта прыдумляць, а я ствараю ёй для гэтага ўмовы. Увогуле, хачу сказаць: не бойцеся даваць нажніцы дзецям. Толькі спярша трэба набыць інструмент з закругленымі тупымі канцамі і навучыць ім правільна карыстацца. У працэсе выразання дзейнічаюць абедзьве рукі, якія адказваюць за розныя паўшар'і мозга. Значыць, яны абодва таксама развіваюцца. А гіперактыўным дзецям з няўстойлівай увагай выстрыганне дапамагае выпрацаваць уседлівасць. І, вядома, выразайце самі нашу беларускую выцінанку!

Дзіяна СЕРАДЗЮК.Фота аўтара

Выбар рэдакцыі

Спорт

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

Інтэрв'ю з алімпійскім чэмпіёнам па фехтаванні.