Вы тут

Як арганізаваць экалагічную гаспадарку,або «Сябры» і «ворагі» гаспадара


У краінах Заходняй Еўропы ўжо даўно набірае папулярнасць так званая арганічная сельская гаспадарка, калі забаронена выкарыстанне розных хімічных угнаенняў. А што рабіць, каб і ў нас — нават на маленькім дачным участку — можна было вырошчваць прадукты, якія прынясуць арганізму толькі карысць?

1381268111982_9-28

Мікробы замест хімікалій

Па-першае, неабходна адмовіцца ад рознага кшталту штучных угнаенняў. Заменай ім могуць стаць натуральныя, атрыманыя з прыроднай сыравіны — тыя ж кампост, попел, гной. Ёсць і новыя айчынныя распрацоўкі ў гэтай галіне. Інстытут мікрабіялогіі Нацыянальнай акадэміі навук прапануе выкарыстоўваць так званыя мікробныя ўгнаенні, дзе галоўная роля адводзіцца жывым арганізмам, якія ў стане выпрацоўваць і перарабляць карысныя рэчывы (азот, фосфар), неабходныя для добрага ўраджаю, з самой глебы. Па словах Зінаіды Алешчанкавай, доктара біялагічных навук Інстытута мікрабіялогіі, мікробныя ўгнаенні ў стане калі не цалкам, то часткова замяніць больш звыклыя для нас мінеральныя. Галоўны іх плюс — яны не наносяць шкоды ні арганізму, ні прыродзе, бо цалкам натуральныя. Пакуль што іх няма ў продажы, але ўгнаенні можна замовіць у самім інстытуце. Яшчэ адзін «плюс» — цана. Порцыя ў 200 мілілітраў дапаможа апрацаваць насенне зерневых культур (кукурузы, грэчкі, фасолі і інш.), а таксама агародніны (буракоў, морквы, агуркоў, памідораў) для цэлага гектара і каштуе ўсяго толькі 8 тысяч рублёў. Як правіла, неабходную колькасць мікробных угнаенняў неабходна разбавіць вадой ва ўказанай прапорцыі і апрацаваць атрыманым растворам само насенне.
Чаму пра «мікробных сяброў» гаспадара не ведае масавы беларускі пакупнік? Усё вельмі проста: бюджэт навуковых праектаў не прадугледжвае выдаткі на рэкламу. Але затое ў Венесуэле, Казахстане нашымі мікробнымі ўгнаеннямі даўно ўжо зацікавіліся.

Не працуйце шмат!

Чысціня і парадак вельмі важныя для беларусаў. Нездарма нашы гарады лічацца вельмі чыстымі. І не толькі гарады — агароды таксама землякі стараюцца трымаць у парадку. Перакапаць або пераараць на зіму — амаль святая справа. Але, як аказалася, не заўсёды гаспадары маюць рацыю, калі так робяць.
«Калі вы працуеце ў сябе на ўчастку занадта шмат, значыць, вы нешта дрэнна прадумалі», — упэўнена Вольга Шчыглінская, эксперт у галіне арганічнай сельскай гаспадаркі і пермакультуры (сістэма вядзення гаспадаркі, заснаваная на ўзаемасувязях, напрыклад, свойскіх жывёл, агароду, саду, што назіраюцца ў натуральных умовах) установы «АграЭкаКультура». Хутчэй за ўсё, у такім выпадку вы іграеце не па законах асяроддзя. Вось і перакопваць зямлю на зіму зусім не абавязкова. Карані раслін фарміруюць у глебе своеасаблівую сістэму маленькіх каналаў, якія ў наступным годзе дапамогуць зямлі лепш перанесці засушлівае надвор'е, і ў выніку гаспадар атрымае добры ўраджай.

Што паліць, а што пакінуць?

Спальваць запар усе сухія расліны таксама не трэба, бо ў сцяблінках хаваюцца на зіму драпежныя насякомыя: божая кароўка, жужаль, — якія ў наступным годзе будуць кантраляваць колькасць шкодных насякомых. Гэта ж сапраўдныя сябры гаспадаркі!
З іншага боку, хворыя расліны лепш знішчыць менавіта такім чынам, а потым попел выкарыстаць у якасці своеасаблівага «адраснага» ўгнаення. Напрыклад, попел ад спаленых хворых сцяблін таматаў высыпаць на тую частку агарода, дзе ў наступным годзе плануеце пасадзіць тыя ж памідоры: менавіта ў гэтым попеле змяшчаецца вялікая колькасць мінеральных рэчываў, патрэбных для росту названай культуры.

Прытрымліваючыся гэтых простых парад, уздзеянне шкодных рэчываў на свой арганізм можна значна зменшыць. Навошта самім вырошчваць «хімію»?

Надзея ЮШКЕВІЧ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?