Вы тут

Аптымізацыя для аптымістычных


Калі хто задумваецца, дзе працуюць самыя вялікія аптымісты ў Беларусі, то самы час скіраваць увагу на работнікаў культуры. Гэта людзі, якія, па сутнасці, аптымісты, таму што займаюцца тым, што ў першую чаргу робяць нешта для іншых — ствараюць, іграюць, паказваюць, адкрываюць. І робяць гэта перш за ўсё таму, што самім ім гэта вельмі прыемна, а не таму, што гэта іх праца, на якой яны зарабляюць грошы (зусім не вялікія, калі браць сярэдні заробак па краіне). Сёння 65 тысяч чалавек працуе ў галіне культуры Беларусі. Але гэтая лічба, хутчэй за ўсё, у бліжэйшы час атрымае карэкціроўку ў сувязі з аптымізацыяй кадраў у вышэйзгаданай галіне. Што гэта прынясе беларускай культуры і людзям, якія на яе працуюць, распавядаў напярэдадні Дня работнікаў культуры Барыс СВЯТЛОЎ, міністр культуры Беларусі:

 

1381268253148_9-49

1381268253148_9-49

 

— Сёння галоўнае пытанне — не скарачэнне кадраў, а аптымізацыя галіны. Калі яна на нейкім этапе запатрабавала і запатрабуе скарачэння (у тым ліку), то яно будзе адбывацца. Але гэтае пытанне будзе вырашацца кіраўнікамі на месцах і тымі, хто кіруе той ці іншай установай. Я хацеў бы ўдакладніць, што размова ідзе не пра людзей, а пра штатныя адзінкі. Што гэта значыць? Па-першае: згодна са штатным раскладам, у нас існуюць бюджэтныя і пазабюджэтныя адзінкі. У першую чаргу размова ідзе пра скарачэнне бюджэтных адзінак. Па-другое: мы ведаем добра, што сёння існуе дастатковая колькасць вакантных месцаў у штатным раскладзе арганізацый і ўстаноў, і гэтыя месцы таксама будуць падлягаць скарачэнню. Гэта яшчэ адзін прынцып аптымізацыі кожнай са структур. Па-трэцяе: я хацеў бы звярнуць вашу ўвагу, што размова павінна ісці не пра скарачэнне тых, хто стварае культурныя каштоўнасці, не пра вытворцаў, а ў першую чаргу пра кіраўнічы апарат. Я паглядзеў даследаванне нашага Інстытута культуры Беларусі па выніках 2012 года. У нас кіраўнічы апарат складае 19 працэнтаў ад колькасці ўсіх супрацоўнікаў галіны. Ёсць дзе і каго скарачаць. Ёсць і іншыя прынцыпы, каб правесці аптымізацыю.

Што тычыцца нашай галіны, то нельга не звяртаць увагу на тое, што размова ідзе аб характары рэкамендацый. Рашэнні будуць прымаць кіраўнікі... Наконт скарачэння ў Міністэрстве культуры. Я ўжо прыняў гэтае рашэнне: сёлета з 1 ліпеня апарат Міністэрства культуры скарочаны на 25 працэнтаў, ці на 27 адзінак. Мы скарачалі прапарцыянальна кожны наш аддзел і кожнае ўпраўленне. Пры гэтым мы мелі на ўвазе, хто якія функцыі выконвае і застаецца на бягучы момант, а таксама з улікам перспектывы. Калі канкрэтна, то больш за ўсіх «пацярпела» ўпраўленне кінамастацтва. Менш за ўсіх — аддзелы ці такія структурныя падраздзяленні, як упраўленне мастацтваў, агульныя структурныя падраздзяленні, такія, як эканамічнае ўпраўленне.
Неабходнасць «аптымізацыі», на думку міністра, прадыктавана яшчэ і думкамі пра рэальныя заробкі людзей, якія працуюць на культуру. Сёння заробак у галіне складае амаль 62 працэнты ад сярэднерэспубліканскага. Напрыклад, у катэгорыі тэатральна-відовішчных устаноў гэты паказчык складае каля 4 мільёнаў 800 тысяч рублёў (у прыватнасці, па тэатры імя Янкі Купалы і па Оперным тэатры — амаль 5 мільёнаў). Сярэдні заробак па тэатральна-відовішчных арганізацыях — 4,2 мільёна рублёў. Па музеях (катэгорыя культурна-асветных устаноў) заробак меншы — каля 3,6 мільёна. Міністр сказаў, што цікавіцца заробкамі супрацоўнікаў на месцах. Напрыклад, калі ён быў у Капыльскім раёне, то называлі лічбу ў 2,8 мільёна рублёў для работнікаў культуры па гэтым раёне.

Ларыса ЦІМОШЫК.

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Як арганізаваць правільны догляд за валасамі гарачай парой

Як арганізаваць правільны догляд за валасамі гарачай парой

У 90 % выпадкаў людзі не ведаюць, як правільна мыць галаву.

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

У Блізнятаў ёсць шанц кардынальна змяніць жыццё.