Вы тут

Цёплы прыём — служба з агеньчыкам


Менавіта так і прынята працаваць з афіцэрскім папаўненнем у 72-м гвардзейскім Аб'яднаным вучэбным цэнтры падрыхтоўкі прапаршчыкаў і малодшых спецыялістаў.

Сёлета вучэбнае злучэнне атрымала вялікае (па сённяшніх мерках) папаўненне прафесіяналаў. Месяц таму ў распараджэнне камандавання 72-га гвардзейскага АВЦ прыбылі 27 маладых афіцэраў. Пятнаццаць лейтэнантаў скончылі Ваенную акадэмію, астатнія маладыя прафесіяналы вучыліся на ваенных факультэтах у іншых ВНУ краіны.

Пасля прыбыцця афіцэраў-навічкоў у Печы з кожным з іх персанальна пагутарыў выканаўца абавязкаў начальніка 72-га гвардзейскага АВЦ гвардыі палкоўнік Сяргей Новік. Яго цікавіла літаральна ўсё: настрой на службу, сямейнае становішча, планы на перспектыву. На месцы былі вырашаны праблемы як службовага, так і асабістага характару. Такім чынам, напрыклад, лейтэнанту Яўгену Гарбачову дапамаглі з пераводам і працаўладкаваннем яго жонкі ў мясцовую школу № 7 настаўніцай матэматыкі.
Змаглі вырашыць і адну з надзённых праблем — размяшчэнне выпускнікоў. Адшукаўшы рэзервы, усіх халасцякоў, якія мелі патрэбу ў жыллі, размясцілі ў загадзя адрамантаваных пакоях афіцэрскага інтэрната. Жанатым выдзелілі асобныя пакоі сямейнага тыпу. Паводле слоў саміх выпускнікоў, жыллёвыя ўмовы іх цалкам задавальняюць.

1381268256990_9-21

Як расказаў начальнік аддзялення кадраў АВЦ гвардыі падпалкоўнік Вадзім МЯЦЕЛЬСКІ, амаль палова выпускнікоў накіравана на кадравае ўзмацненне цэнтраў тылавога і тэхнічнага забеспячэння. У гэтых вайсковых часцях да ўсіх афіцэраў-навічкоў паставіліся клапатліва. З першага дня службы за кожным замацавалі вопытных і аўтарытэтных настаўнікаў, якія цярпліва і настойліва вучаць лейтэнантаў усім прамудрасцям і тонкасцям вайсковага жыцця, аказваюць ім дапамогу і словам, і справай.
— Задаволены, што старт маёй службы пачаўся ў вайсковай «вучэбцы», — заўважыў у гутарцы лейтэнант Аляксей ДЗЯЛЕНДЗІК, прызначаны на пасаду начальніка харчовай службы цэнтра тылавога забеспячэння. — З першага дня адчуў сябе паўнавартасным членам афіцэрскага калектыву. Адчуваецца дзелавая і маральная падтрымка з боку старэйшых таварышаў. Мне давяраюць і разлічваюць на мяне. Падобнае стаўленне не дазваляе расхалоджвацца. Стараюся адказна ставіцца да службовых абавязкаў, унікаць ва ўсю тонкасць арганізацыі харчавання ваеннаслужачых. З такой падтрымкай і цёплым прыёмам у часці можна горы звярнуць!..
Лейтэнанты Дзмітрый Ракіцкі і Андрэй Руткоўскі не толькі разам вучыліся на ваенна-тэхнічным факультэце БНТУ, але і трапілі на службу ў адну вайсковую часць — цэнтр тэхнічнага забеспячэння. Нават пасады ў іх аднолькавыя: абодва прызначаны намеснікамі камандзіраў рот забеспячэння вучэбнага працэсу па ўзбраенні.
Маладыя афіцэры разумеюць — служыць у гэтай часці няпроста: ненармаваны працоўны дзень, бесперабойнае забеспячэнне тэхнікай планавых заняткаў курсантаў, падтрыманне яе ў спраўным стане, работа з дакументацыяй... Але цяжкасці іх не пужаюць. Тым больш што тут створаны нармальныя ўмовы для жыцця і службы.
— У поўнай меры ўсведамляю адказнасць, якая лягла на мае плечы, — патлумачыў у ходзе гутаркі лейтэнант Дзмітрый РАКІЦКІ. — У падначаленні — вадзіцельскі склад, каля двух дзясяткаў адзінак тэхнікі вучэбна-баявой групы. — Гэта сур'ёзна. Тэарэтычных ведаў па спецыяльнасці атрымаў на факультэце дастаткова, а вось практыкі малавата. Але справа гэта нажыўная. З абавязкамі стараюся спраўляцца.
Добрую кадравую падтрымку цяпер атрымала і 3-я гвардзейская школа падрыхтоўкі спецыялістаў танкавых і артылерыйскіх падраздзяленняў. Вайсковы калектыў вучэбнай часці папоўніўся адразу пяццю выпускнікамі Ваеннай акадэміі. Усіх іх размеркавалі на раўназначныя капітанскія пасады.
Гвардыі лейтэнанты Мікалай Каспяровіч і Дзмітрый Пазняк не толькі вучыліся на агульнавайсковым факультэце, але і разам трапілі служыць у адну роту камандзірамі вучэбных танкавых узводаў. На дваіх ім нават выдзелілі добраўпарадкаваны пакой у афіцэрскім інтэрнаце, дзе аднакурснікі маюць магчымасць не толькі адпачыць пасля цяжкага ратнага дня, а і абмеркаваць агульныя для іх пытанні па службе. Пастаянныя стасункі сяброў даюць дадатковыя сілы ў афіцэрскім станаўленні.
— Без усялякага разгойдвання прыняў узвод курсантаў з трыццаці чалавек, — расказвае гвардыі лейтэнант Мікалай КАСПЯРОВІЧ са Смалявіцкага раёна. — Ва ўсіх адукацыя не ніжэй за сярэднюю тэхнічную. Настрой на вучобу ў хлопцаў ёсць. Значыць, будуць і вынікі. Ужо праз тыдзень разам з падраздзяленнем займаўся на палігоне. Цяжкавата спачатку даводзілася. Калі ў акадэміі, па сутнасці, адказваў толькі за сябе, то ў полі «ружовыя акуляры» давялося зняць. Ніякіх патуранняў, скідак на маладосць і нявопытнасць тут няма. Калі ўжо ў цябе на пагонах зоркі, будзь ласкавы падрыхтаваць вучэбна-матэрыяльную базу да заняткаў, метадычна граматна адпрацаваць з падначаленымі вучэбныя працэсы, прасачыць за выкананнем мер бяспекі.
Дастаткова хутка ўвайшоў у працоўны рытм і гвардыі лейтэнант Аляксандр Мацвееў. Дарэчы, родам Аляксандр з Печаў, нарадзіўся ў сям'і вайскоўцаў. Не дзіўна, што ён стаў афіцэрам-танкістам па прыкладзе свайго бацькі, які, дарэчы, таксама пачынаў службу ў гэтай жа вучэбнай часці.
— У нас у вайсковай часці цалкам рэальна пры нармальным стаўленні да службы за кароткі час атрымаць у падначаленне і роту, — патлумачыў лейтэнант Яўген Бутар, прызначаны на пасаду камандзіра ўзвода КШМ. — Трэба толькі старанна працаваць, набірацца вопыту. А наогул ёсць вялікае жаданне прайсці службовыя прыступкі і ў перспектыве паступіць на камандна-штабны факультэт Ваеннай акадэміі. Трывалых ведаў і навыкаў да таго часу, думаю, хопіць.
У маладых афіцэраў працягваецца нялёгкая пара станаўлення. Вельмі хацелася б, каб ва ўсіх іх афіцэрская кар'ера і асабістае жыццё склаліся ўдала. Поспехаў вам, лейтэнанты!

Мікалай МАКАРЭВІЧ.


Фота аўтара.

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».