Вы тут

Спеўны вечар дабрыні, ці Калі мары становяцца явай


У адзін з апошніх вераснёўскіх вечароў у Глыбокае завітаў Акадэмічны ансамбль песні і танца Узброеных Сіл Рэспублікі Беларусь і падарыў глыбачанам незабыўны вечар творчасці, прыгажосці і дабрыні.

На канцэрце прысутнічала сям'я з Падсвілля, якая атрымлівала асалоду ад убачанага і пачутага ўжо другі раз — гэта Людміла Паўлаўна Альсевіч і яе ўнукі Насця і Ян. Справа ў тым, што летам ансамбль прыязджаў на свята «Падсвільскі світанак», і там маленькі Ян проста не зводзіў вачэй з прыгожых і статных ваенных, якія выдатна спявалі і па-заліхвацку танцавалі. І нездарма адміністратар калектыву Ала Сушч яго заўважыла падчас канцэрта: хлопчык танцаваў увесь час з балетам. Яна прафесійным вокам балетмайстра ацаніла пластычныя рухі юнага танцора.

1381268266846_9-22

Напрыканцы выступлення ансамбля да Алы Анатольеўны падышла мілавідная жанчына (як аказалася, бабуля няўрымслівага хлопчыка) і расказала пра запаветную мару свайго ўнука. Аказваецца, Ян марыць стаць ваенным, дакладней, дэсантнікам, а каб наблізіць сваю мару, яму вельмі ж хочацца мець і форму: сапраўдны блакітны берэт і цяльняшку. Адмовіць Людміле Альсевіч, якая выхоўвае ўнукаў-сірот адна і ніколі і ні да каго не звярталася па дапамогу, было проста немагчыма...
— Як і трэба ўсім ваенным, прыехаўшы з гастроляў, я далажыла пра гэты выпадак начальніку, Уладзіміру Варапаеву, — ужо з глыбоцкай сцэны гарадскога Дома культуры згадвала Ала СУШЧ мінулыя падзеі. — Падумалі і вырашылі пашыць касцюм, як у маленькіх артыстаў з дзіцячай студыі «Зорачкі» (створана ў верасні 2008 года пры Акадэмічным ансамблі песні і танца. — Аўт.). Якраз паглядзелі, што ў Глыбокім у нас па графіку канцэрт. І я патэлефанавала той чароўнай жанчыне, якая падыходзіла да мяне, і запрасіла яе папрысутнічаць на нашым мерапрыемстве. Трэба сказаць, што вайскоўцы ўмеюць ацэньваць становішча імгненна і дакладна: Уладзімір Сяргеевіч звязаўся па тэлефоне са сваім знаёмым генералам і расказаў пра мару юнага падсвільчаніна.
— Ёсць у хлопчыка такая мара — значыць, будзем дапамагаць у яе здзяйсненні, — паабяцаў генерал.
...І вось ужо на глыбоцкай сцэне разам са сваёй сям'ёй — групай падтрымкі — хвалюецца Ян.
— Ты мне паверыў? — спыталася ў хлопчыка Ала Анатольеўна. — Лічы, што твая мара збылася!
На сцэну выйшаў генерал-маёр Алег БЕЛАКОНЕЎ, камандуючы сіламі спецыяльных аперацый Узброеных Сіл Беларусі. Ён звярнуўся да прысутных у зале і асабіста да Яна:
— Ёсць такая прафесія — Радзіму абараняць. І добра, што маленькі хлопчык марыць стаць дэсантнікам. Веру, што дзякуючы сваёй настойлівасці і выдатнай вучобе, ты зможаш прысвяціць жыццё абароне Айчыны!
Алег Аляксеевіч уручыў хлопчыку вымпел сіл спецыяльных аперацый з лагатыпам нядаўна праведзеных вучэнняў «Захад-2013» і самае жаданае і чаканае: сапраўдныя цяльняшку і блакітны берэт. А яшчэ генерал падарыў Яну імянны гадзіннік.
Аказваецца, мары здзяйсняюцца не толькі пад Новы год... Шчаслівыя вочы хлопчыка свяціліся, і ад гэтага іскрыстага святла ўсім дарослым халодны восеньскі вечар здаваўся цёплым і сонечным. Дарэчы, скажам вам па сакрэце, Алег Белаконеў паабяцаў Яну трымаць сяброўскія сувязі да здзяйснення яго запаветнай мары — стаць дэсантнікам. А пакуль прысвяціў яму гімн дэсантнікаў.

Алена ХАЙНОЎСКАЯ.


г. Глыбокае

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».