Вы тут

Чалавек, які адкрыў беларускую Атлантыду


Сучасныя беларусы добра ведаюць не толькі імёны, але і акалічнасці жыцця знакамітых навукоўцаў свету. Энштэйн і Тэсла, Паскаль і Кюры-Складоўская, Фрэйд і Шліман — яны для некаторых беларусаў па адчуванні блізкія, амаль што сваякі ці суседзі. І вельмі мала хто ведае імёны знакамітых беларускіх навукоўцаў. Тым не менш побач з намі былі і ёсць знаўцы, чый інтэлект, веды, шырыня поглядаў, уменне шукаць і знаходзіць, не саступаюць «зоркам» навукі сусветнага ўзроўню.

1381413209850_ki

Калі б мяне спыталі: «Хто для вас узор навукоўца, ідэальны вучоны?», то без затрымкі назвала б імя Генадзя Кісялёва. Літаратуразнаўца, гісторык, архівіст, чалавек, які, па сутнасці, адкрыў для нас усю беларускую літаратуру ХІХ стагоддзя, бо да яго даследаванняў практычна не існавала гэтай культурнай з'явы менавіта як цэласнай, паўнавартаснай карціны. На яго рахунку сотні ўзноўленых імёнаў і тэкстаў, рэканструяваных падзей і біяграфій... Але, у першую чаргу, Кісялёў — апавядальнік, чалавек, які расказвае пра мінулае так, што ад гэтых гісторый немагчыма адарвацца. Ты ў іх ужываешся, спачуваеш іх героям, ненавідзіш іх ворагаў... Ты плачаш над несправядлівасцю лёсу і пачынаеш верыць ва ўваскрашальную сілу кахання... Але самае неверагоднае — ты забываеш, што гэтых людзей няма на свеце! Смак той далёкай эпохі так ярка і востра перададзены Кісялёвым, што, гартаючы старонкі, ты і блізка не помніш, што гэта навука, а не мастацкі твор!
Выхад кнігі «Смак Беларушчыны», куды ўвайшлі два зборнікі артыкулаў гэтага знакамітага падарожніка па дарогах мінулага, ёсць цудоўны падарунак для тых, хто неабыякавы да Беларушчыны. Пяцісотстаронкавае выданне змяшчае два зборнікі артыкулаў — «Радаводнае дрэва», які ўжо выходзіў у 1994 годзе і, не пабаюся гэтага вызначэння, стаў пуцяводнай зоркай для цэлага пакалення беларускіх гісторыкаў, і «Смак Беларушчыны», які раней не выдаваўся.
Безумоўна, асаблівую цікавасць уяўляе гэтая другая частка кнігі, якая змяшчае такую колькасць навуковых адкрыццяў, што іх, без перабольшвання, хапіла б на цэлы даследчы інстытут. Не здзіўлюся, калі ў будучым гэтыя тэксты, якія сам аўтар вызначыў як «кверэнды», будуць расцягнуты беларускімі пісьменнікамі на сюжэты гістарычных раманаў. Ёсць што цягнуць! Тым больш што Кісялёў ніколі не быў філісцёрам, сухім занудным навукоўцам, а ўмеў пісаць жывой, вобразнай мовай, той мовай, якой карыстаюцца вандроўнікі, авантурысты і пісьменнікі прыгодніцкіх жанраў. У кверэндзе «Фантомы тайных архіваў» даследчык піша пра героя паўстання 1863 года Зыгмунта Мінейку: «Так што аўтар ліста вока мае вострае, нюх выдатны, умеў бачыць (нават прадчуваць) буйных, каларытных, неардынарных людзей». Такое ўражанне, што захапіўшыся сваім героем Кісялёў апісаў сябе! Дарэчы, гэты самы згаданы Зыгмунт уцёк з сібірскай катаргі і стаў ганаровым грамадзянінам Грэцыі — чым не герой рамана ці прыгодніцкага фільма?
Аднак, што цікава, у новай кнізе Кісялёва ёсць не толькі ідэальныя героі... Час не меў бы сапраўднага смаку без солі і горычы. І такой — не заўсёды прыемнай, але важнай і патрэбнай нотай у кнізе — сталі партрэты антыгерояў: здраднікаў, даносчыкаў, шпіёнаў. Вось чытаем пра такога: «Ясна, што гэта не даносчык-аматар (хапала і такіх ва ўсе часы), а нейкі тайны агент, платны супрацоўнік
ІІІ аддзялення. (Пішучы пра небяспеку, «Уладзімір», магчыма, проста набіваў сабе цану.) Хто ж менавіта? Тайная агентура не раскрывалася, спасылацца на сапраўдныя імёны не было прынята... Аднак пачакайце. На аркушы 7 той самай справы жандары ўсё ж прагаварыліся, пазначыўшы сабе для памяці: «...извлечены из письма Бернацкого». Вось вам і прозвішча шпіка».
Наогул, гэты неверагодны для беларускай сучаснай навукі жанр росшукаў — «кверэндаў» — патрабуе асобнага слова. І хочацца, каб гэта было жывое і трапнае слова самога Генадзя Кісялёва.
«Генералы хваляцца выйгранымі бітвамі, даследчыкі вядуць рахунак знаходкам, радуюцца адкрыццям, калі яны здараюцца, плённым думкам, гіпотэзам.
Ці не самы прыцягальны для мяне жанр — пошук. Тут пачуваюся найбольш упэўнена. Калі расказваю пра перыпетыі пошукаў, пра шлях да знаходкі, адчуваю, як мае ветразі напаўняюцца спрыяльным спадарожным ветрам. Гучнае, як заўсёды, загадкава-ўзнёслае лацінскае слова «quаеrеndа» азначае «рэч, якую шукаюць». Так ці амаль так (kwеrеndа) нашы бліжэйшыя суседзі і партнёры па гісторыі палякі называюць вучоныя пошукі ў архівах і бібліятэках. Здаецца, ці не ўсё жыццё захапляюся такімі раскопкамі-расследаваннямі, але доўга не ведаў, што займаюся «кверэндамі».
Хачу, каб гэтае ўпадабанае адметнае слова прагучала і па-беларуску. Тым больш што нашы адукаваныя продкі з імпэтам грызлі і лаціну, і пальшчыну.
А што да «шуканай рэчы», мэты пошукаў, то для мяне, як і для ўсіх нас, гэта заўсёды наша Беларусь, яе гісторыя, культура і літаратура, яе вызвольны і нацыянальны рух і стасункі з суседзямі.
Шалёныя хвалі гісторыі б'юць у раз'едзеную часам і нягодамі Выспу Беларушчыны. Мацуйма яе берагі».
Складана сказаць, ці набудзе працяг у нацыянальнай навуцы гэты рамантычны, узнёслы, захапляльны жанр. Але хочацца спадзявацца што пад ветразем новай кнігі Генадзя Кісялёва ў нас з'явіцца чарговае пакаленне чытачоў, адданых светлым ідэалам Беларушчыны.

Ганна КІСЛІЦЫНА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».