Вы тут

Убачыў турнік? Падцягніся!


У Мінску адкрылася першая ў Беларусі варкаўт-пляцоўка. Яна знаходзіцца на стадыёне Беларускага нацыянальнага тэхнічнага ўніверсітэта, але займацца тут могуць усе ахвотныя. Strееt Wоrkоut («вулічныя трэніроўкі») — новая разнавіднасць фізічнай культуры, якая ўключае ў сябе выкананне розных практыкаванняў на звычайных турніках, гарызантальных лесвіцах, «шведскай сценцы», брусах... Да нас гэты накірунак прыйшоў не так даўно, але адкрыццё спецыяльнай пляцоўкі сведчыць пра рост яго папулярнасці.

1381413250328_10-17

Гэта не шоу, але...

«Гэта не шоу, але пераўзыходзіць усе фантазіі», — радкі з песні пра вулічную культуру, з якой выступілі на адкрыцці варкаўт-пляцоўкі віцебскія хлопцы-спевакі Прарок і Дарвін. Сапраўды, вулічныя гімнасты здзівілі публіку сваімі магчымасцямі. Напрыклад, трымаючыся толькі рукамі (або рукой!) за «шведскую сценку», «завісалі» над зямлёй пад тупым вуглом, рабілі «сонейкі» на турніках, адціскаліся, трымаючыся нават не за металічную апору, а за рукі сваіх жа таварышаў... Мне здавалася, што такое можа быць толькі ў цырку!
Магчыма, праз некаторы час варкаўт стане алімпійскім відам спорту. Пакуль жа асноўная яго мэта — барацьба з алкагалізмам, наркаманіяй і гульнявой залежнасцю сярод моладзі. Нягледзячы на тое, што гэтая разнавіднасць вулічнай культуры яшчэ не вылучаецца ў асобны від спорту, ужо зараз на прасторах СНД праводзяцца чэмпіянаты па варкаўце. Прыхільнікі руху могуць пазмагацца ў такіх дысцыплінах, як падцягванне на адной руцэ, адцісканне ўверх нагамі, адцісканне з дадатковай вагой у 48 кілаграмаў...

Замест алкаголю і камп'ютара

Максім Сундукоў, кіраўнік суполкі «Wоrkоut Соmmunіtу Bеlаrus», лічыць, што зараз гэты кірунак фізічнай культуры вельмі актуальны:
— Паўсюдна мы сутыкаемся з алкагалізмам, у тым ліку і дзіцячым, падлеткавым. Другі варыянт, калі дзеці марнуюць час на анлайн-гульні, таксама не дадае аптымізму. У той жа час вулічныя трэніроўкі ў стане сапраўды зацікавіць моладзь.
Па словах Максіма, варкаўтам можна пачаць займацца практычна з любога ўзросту, нават калі ў цябе амаль нулявая фізічная падрыхтоўка. Праз год штодзённых трэніровак вынікі не прымусяць сябе чакаць.
Нягледзячы на тое, што гэты кірунак вулічнай культуры ў Беларусі пакуль мала вядомы шырокай публіцы, ужо зараз з ім знаёмы каля 15 тысяч маладых беларусаў.

Фітнэс-клубы «адпачываюць»

16-гадовы Пётр Гамолка пачаў займацца на турніках года паўтара таму. Вырашыў трэніравацца, каб развіваць магчымасці свайго цела. Чым жа адрозніваюцца падобныя заняткі ў фітнэс-клубах ад трэніровак на вуліцы?
— Па-першае, wоrkоut — гэта бясплатна. Навошта плаціць грошы за абанемент у фітнэс-клуб, калі можна зрабіць тое ж самае на вуліцы? Проста ідзеш па вуліцы, бачыш турнічок — і «качаешся». Па-другое, звычайна мы займаемся ў кампаніі і такім чынам маем магчымасць пераймаць новыя элементы.
З іншага боку, такія заняткі патрабуюць проста каласальных як фізічных, так і псіхалагічных намаганняў. Пятро паказаў свае рукі — сцёртыя амаль да крыві, з мазалямі. Некаторыя хлопцы носяць спецыяльныя скураныя пальчаткі, але яны праз некаторы час рвуцца: трэніроўкі, як правіла, вельмі напружаныя.
Новая пляцоўка падыходзіць не толькі непасрэдна для прадстаўнікоў варкаўт-культуры. Фрыстайл-баскетбалісты, брэйкдансеры таксама змогуць на ёй займацца. Можна спадзявацца, што хутка стадыён БНТУ стане цэнтрам вулічнай культуры.

Надзея ЮШКЕВІЧ.

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Сёння распачынае работу УНС у новым статусе

Сёння распачынае работу УНС у новым статусе

Амаль тысяча дзвесце чалавек збяруцца, каб вырашаць найважнейшыя пытанні развіцця краіны. 

Навука

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Расказаў першы намеснік старшыні Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Рэспублікі Беларусь Дзяніс Каржыцкі.

Здароўе

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

Як вакцыны выратоўваюць жыцці і чаго можа каштаваць іх ігнараванне?

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.