Вы тут

Ртутныя тэрмометры — персоны нон-грата


Сусветная арганізацыя аховы здароўя заклікае спыніць да 2020 года выкарыстанне ртуці ў тэрмометрах і прыборах для вымярэння крывянога ціску.

Новая ініцыятыва СААЗ прымеркавана да прыняцця 10 кастрычніка гэтага года Мінамацкай канвенцыі аб ртуці. Канвенцыя носіць імя японскага горада Мінамата, дзе адбылося найбуйнейшае забруджванне навакольнага асяроддзя ртуццю, у выніку якога пацярпелі больш як 30 тысяч чалавек.
У адпаведнасці з канвенцыяй, краіны могуць працягваць выкарыстоўваць ртуць у медыцынскіх вымяральных прыборах да 2030 года ў асаблівых абставінах. Аднак Сусветная арганізацыя аховы здароўя і няўрадавая арганізацыя «Ахова здароўя без шкоды» лічаць, што патэнцыяльныя негатыўныя наступствы ртуці для здароўя настолькі сур'ёзныя, што трэба прыкласці ўсе намаганні для таго, каб намечаная ў канвенцыі асноўная мэта была дасягнута ўжо да 2020 года.
Ртуць і яе розныя спалучэнні аказваюць сур'ёзнае таксічнае ўздзеянне на здароўе, паражаючы мозг чалавека, нервовую сістэму, ныркі і стрававальную сістэму. Асаблівую пагрозу ртуць уяўляе для ўнутрывантробнага і ранняга развіцця дзяцей, правакуючы разумовую адсталасць. Як зазначыла генеральны дырэктар СААЗ Маргарэт Чэн, ртуць з'яўляецца адным з дзесяці хімічных рэчываў, якія выклікаюць найбольшую заклапочанасць у медыкаў: яна распаўсюджваецца і захоўваецца ў экасістэмах на працягу жыцця некалькіх пакаленняў.
Акрамя адмовы ад выкарыстання ртуці ў медыцынскіх вымяральных прыборах, Сусветная арганізацыя аховы здароўя мае намер таксама спыніць выкарыстанне ртутных мясцовых антысептыкаў і ртутных касметычных сродкаў для адбельвання скуры. Сярод задач, якія ставіць перад сабой СААЗ, — мінімізацыя наступстваў для здароўя выкарыстання ртуці ў саматужнай і дробнай золатаздабычы і згортванне выкарыстання амальгамы ў стаматалогіі.
Манамацкую канвенцыю падпісалі 102 краіны, у тым ліку краіны Еўрасаюза, Канада, Японія, Арменія, Грузія, Малдова, Расія і іншыя. Беларусі пакуль у гэтым спісе няма. І цяпер канвенцыя адкрыта для падпісання...
Зараз арганізацыі-ўдзельніцы міжнароднай сеткі па ліквідацыі трывалых арганічных забруджвальнікаў звяртаюць увагу ўрадаў на неабходнасць інвентарызацыі ўсіх крыніц забруджвання ртуццю, а таксама распрацоўку мер па ліквідацыі асноўных крыніц.

Надзея НІКАЛАЕВА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».