Вы тут

Адпачыць... па-еўрапейску?!


Чым здзівіў і расчараваў ореn-аіr «Цэнтр Еўропы» ў Ратамцы?

Самая вялікая клёцка ў Еўропе, якую абяцалі прэзентаваць на вышэйзгаданым фэсце, аказалася памерам усяго толькі... з качан капусты. А прысутныя ж чакалі гіганцкую...
Тым не менш кулінарная частка опэн-эйру абяцала быць цікавай. У праграме значылася сямейна-кулінарнае шоу, а ў дадатак — майстар-класы па прыгатаванні страў з розных еўрапейскіх кухань ад лепшых шэф-кухараў мінскіх рэстаранаў. Дарэчы, у іх атрымалася пазнаёміць людзей з адной цікавай, смачнай і простай стравай беларускай кухні, але пра ўсё па парадку...

1381873455982_1

 

«Пы́зы — гэта смачна»!

...Сем'яў, якія павінны былі спаборнічаць у прыгатаванні страў з бульбы, чамусьці аказалася толькі тры. Дакладней, дзве: сям'я Федаровічаў, сям'я Якубоўскіх і «адна за ўсіх» абаяльная жанчына Дар'я Кудзіна. Проста на свежым паветры, карыстаючыся электрычнымі пліткамі, сем'і гатавалі свае «фірмовыя» стравы з бульбы. Напрыклад, сям'я Федаровічаў падзялілася цікавым рэцэптам дранікаў з рыбай.
Калі публіка ўжо досыць нанюхалася апетытных водараў, за справу ўзяліся шэф-кухары (фота 1), якія, па праўдзе сказаць, зрабілі немагчымае. На маленькіх сталах, што стаялі проста на траве, яны па чарзе гатавалі беларускія, нямецкія, чэшскія і англійскія стравы з бульбы. Дарэчы, пытанне: чаму нельга было пабудаваць для кулінарных майстар-класаў хоць малюсенькую сцэну, каб кухараў, што шчыруюць над гарачай патэльняй, не заціскалі ў кола галодныя гледачы? У тлуме опэн-эйру яно засталося без адказу, бо нашмат цікавей было назіраць за працэсам прыгатавання. Так, шэф-кухар сеткі рэстаранаў «Еўразія» Павел Глечыкаў навучыў усіх прысутных гатаваць пызы. Гэта традыцыйная беларуская страва, нешта сярэдняе паміж дранікамі і сырнікамі. Калі жадаеце паспытаць, што ж гэта такое, вазьміце колькі бульбін, надзярыце на дробнай тарцы, дадайце тварог і невялікую колькасць мукі і крухмалу, пасаліце і папярчыце. З гатовага цеста раскатайце невялічкія аладкі, у якія загарніце смажаны фарш з прыправамі. Смажацца пызы на патэльні, як і дранікі.
Вядучая майстар-класа аднекуль даведалася, што сярод прысутных «прытаіўся» англічанін, якому далі пакаштаваць нашу нацыянальную страву.
— Пызы? Смачна! — вымавіў ён падказанае перакладчыкам слова.
Кухары прадоўжылі шчыраваць, так што публіка пакаштавала яшчэ нямецкі бульбяны салат, чэшскія брамбаракі (бульбяныя аладкі), а таксама англійскую страву з бульбы і печані пад назвай «Гусь бедняка».
Акурат напрыканцы майстар-класаў прысутных паклікалі на прэзентацыю «самай вялікай у Еўропе клёцкі». Вось яно, тое самае «расчараванне». Вынеслі на талерцы жоўты калабок памерам з качан капусты (фота 2), ды яшчэ і ўдакладнілі: калі нехта думаў, што яна будзе большая, ён памыляўся. І прапанавалі крыху пачакаць, каб «пакаштаваць фрагменты» клёцкі-рэкардсменкі.

1381873458317_2

 

«Мы яшчэ будзем «на кані»

 

— Мы пастараліся зрабіць усё, каб гэтае свята было запамінальным. Ёсць планы, каб налета выступалі для публікі не толькі беларускія калектывы, але і замежныя. Мы будзем расці і ўдасканальвацца, — паабяцаў адзін з арганізатараў, дырэктар Цэнтра стратэгічнага развіцця «Маркетынгавыя сістэмы» Анатоль Аканцінаў.
А жанчыны ў натоўпе ў гэты час па-змоўніцку перашэптваліся:
«А калі там коннае шоу?»
Конна-спартыўнае шоу пад назвай «Кавалькада», сказаць па праўдзе, не расчаравала. Малыя дзеці, ды і дарослыя людзі са шчырым захапленнем назіралі за выездкай, вальтыжыроўкай (акрабатычныя практыкаванні на спіне ў каня, які бяжыць па крузе). Пляскалі ў далоні, калі на манеж у элегантных касцюмах і капелюшах выехалі прадстаўніцы вышэйшай школы верхавой язды Галіна Зотава і Надзея Фёдарава, чые коні паслухмяна хадзілі так, як хацелі вершніцы, але іх «кіраўніцтва» было зусім незаўважнае.
Там, дзе шмат дзяцей, ніколі не бывае ціха. Вось і на мерапрыемстве ў Ратамцы хлопчыкі і дзяўчаткі насіліся за пераапранутымі аніматарамі, вішчалі, накідвалі кольцы на палкі, каталіся на «пракатных» роліках і займаліся яшчэ шэрагам спраў, незразумелых сярэднестатыстычнаму даросламу.
Якая забаўка была «хітом»? Аніматар, малады хлопец выдаваў купцы яснавокай малечы спецыяльную «зброю» — мяккія мячы. А пасля станавіўся «ахвярай». Дзеці без шкадавання малацілі па ім мячамі, паступова заганяючы за бліжэйшыя дрэвы...
Прысутныя заўважна ажывіліся, калі на стадыёне пачалі надзімаць сапраўдны вялікі паветраны шар. Многія кінуліся паглядзець на такое дзіва і пакатацца, зразумела, але шар падняўся ў паветра толькі пару разоў.
...«Еўрапейскае» свята падвялі да завяршэння малыя насы, ручкі і ножкі, якія за некалькі гадзін знаходжання на вуліцы крыху падмерзлі і запатрабавалі неадкладнага вяртання дахаты. «Мама, я хачу есці!» — прасіла бялявая дзяўчынка ў зялёненькай куртцы. Мама спрачацца з ёй не стала, а таму хуценька падхапіла малую на рукі і рушыла да выхаду...

Ганна ГАРУСТОВІЧ.
Фота аўтара

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Грамадства

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Мерапрыемства праводзіцца на добраахвотнай аснове.