Вы тут

Бялынічы на «Калоне славы»


У раённым цэнтры адкрылася выстава вядомага беларускага мастака Віктара Альшэўскага

Культура мае вытокі, і для творчых людзей яна пачынаецца з малой радзімы. Віктар Альшэўскі нарадзіўся ў вёсцы Вугольшчына на Бялыніччыне, і свой творчы шлях пачаў з малюнка рыцара на сцяне хаты. Сёння ён — прафесар, кіраўнік Цэнтра сучасных мастацтваў, лаўрэат Дзяржаўнай прэміі Беларусі. Аднак са сталіцы мастак часта вяртаецца ў родныя мясціны, каб падзяліцца творчымі здабыткамі і натхніцца на новыя.

1381959415113_17-38

— Культура заўсёды пачынаецца з правінцыі, — упэўнены Альшэўскі. — Вялікія гарады, якія выраслі, часам разбураюць нейкі такі філасофскі настрой. Той, пра які мы гаворым — ад зямлі.
Бялыніцкі раённы мастацкі музей імя Вітольда Бялыніцкага-Бірулі прадставіў творы земляка, аб'яднаныя пад назвай «Калона славы». Выстава прысвечана 60-годдзю Віктара Альшэўскага.
— Мастакі вяртаюцца дадому, да роднага парога, каб паказаць вынікі сваёй працы, — сказаў на адкрыцці намеснік старшыні Магілёўскага аблвыканкама Валерый МАЛАШКА

. — Карціны Альшэўскага нібыта пракладваюць масток паміж мінулым і будучыняй, і будучыня гэтая прыемная.
На выставе ў Бялынічах — больш за два дзясяткі мастацкіх палотнаў. На «Калону славы» пастаўлены нацыянальныя і культурныя каштоўнасці краіны. Творы маюць свой пазнавальны стыль: новыя формы падкрэсліваюць сутнасць. Тут ёсць і карціны, якія Віктар Альшэўскі падарыў раённаму музею: напрыклад, «Канверт для Бялыніч» з выявай Вітольда Бялыніцкага-Бірулі, якога мастак называе «святлом, за якім заўсёды ішоў».
— Бялынічы і мая радзіма заўсёды знаходзяцца на калоне славы: яны натхняюць мяне і даюць магчымасць для стварэння новых твораў, — сказаў мастак. — А ўвогуле, кожны з нас павінен на гэтую калону славы ствараць нешта новае, сваё адметнае, што будзе з'яўляцца часткай нашай культуры.
Юбіляра ў Бялынічах віншавалі, рабілі падарункі. Вылучыліся дары Цяхцінскага сельсавета, дзе месціцца родная вёска Віктара Альшэўскага: кошык чырвоных спелых яблыкаў і журавіны з мясцовага лесу. А народны ансамбль «Журавінка» выканаў вясёлыя прыпеўкі пра землякоў. У тым ліку і пра самога мастака. Мастак выказаў удзячнасць землякам і ўсёй Магілёўшчыне, таму што лічыць яе «самым прыгожым і самым шчырым краем».
— Калі ў мяне негатыўны настрой, я знаходжу ў карцінах Альшэўскага пазітыў, гэта самае галоўнае. І калі ён прывозіць свае работы, то ў іх ён нясе сваю цеплыню, — прызнаўся начальнік галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай працы, культуры і па справах моладзі Магілёўскага аблвыканкама Анатоль СІНКАВЕЦ.
Урэшце Віктар Альшэўскі загасіў свечкі на імянінным торце і... адразу ўсім расказаў пра сваё вялікае жаданне:
— Я загадаў, каб у Бялынічах стварылі вялікі музей, якім ён і павінен быць на радзіме такога мастака, як Бялыніцкі-Біруля, — сказаў юбіляр. — І каб сабралі там самыя лепшыя творы мастакоў, якія нарадзіліся на Бялыніччыне.
Няхай спраўдзіцца такое добрае жаданне!

Ілона ІВАНОВА. Фота аўтара. Бялынічы.

Выбар рэдакцыі

Спорт

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

Інтэрв'ю з алімпійскім чэмпіёнам па фехтаванні.