Вы тут

20 мільёнаў беларусаў: мара дасягальная


У людзей майго пакалення пры адказе на пытанне аб колькасці насельніцтва Беларусі заўжды ў памяці ўсплываюць знаёмыя лічбы — 10 мільёнаў 300 тысяч чалавек, вядомыя яшчэ з курсу школьнай геаграфіі паводле перапісу 1989 года.

Менш на два абласныя цэнтры

У побытавых размовах беларусы таксама прызвычаіліся казаць: «Нас 10 мільёнаў». Насамрэч гэтыя даныя даўно не адпавядаюць рэчаіснасці, а пытанне дэмаграфічнай бяспекі ў наш час стаіць надзвычай востра. Рэальная колькасць насельніцтва Беларусі зараз складае 9 мільёнаў 461,5 тысячы чалавек, гэта значыць, за апошнія 25 гадоў беларусаў стала менш на 800 тысяч. Гэта больш, чым два Віцебскі.
Між тым, тэрытарыяльныя магчымасці рэспублікі, патэнцыял сельскагаспадарчага і прамысловага комплексу патрабуюць, каб на тэрыторыі Беларусі пражывала не менш за 20 мільёнаў чалавек. Толькі ў гэтым выпадку сучасная эканамічная мадэль будзе здольная захаваць сваю сацыяльную скіраванасць і забяспечыць якасны рост вытворчасці. У адваротнай сітуацыі беларускі ўрад ужо бліжэйшым часам будзе вымушаны пайсці на такія непапулярныя меры, як запрашэнне працоўных мігрантаў з краін Цэнтральнай Азіі ды павелічэнне парогу працоўнага ўзросту за кошт пенсіянераў.

1381959443867_17-44

 

Дарэчы ўжо зараз Беларусь сутыкаецца з праблемай недахопу працоўных рук у прамысловасці, а сістэма сярэдняй спецыяльнай прафесіянальна-тэхнічнай адукацыі перажывае перыяд павольнай дэградацыі. Напрыклад, за апошнія 7 гадоў колькасць абітурыентаў, абраўшых установы прафесіянальна-тэхнічнай адукацыі, зменшылася амаль на 35%. Паказальна, што на 10 тысяч чалавек насельніцтва Беларусі прыходзіцца ўсяго 161 навучэнец тэхнікумаў, вучылішчаў і каледжаў, у той час як колькасць студэнтаў ВНУ складае аж 453 чалавекі. Вядома, што побач з дэмаграфічным складнікам важную ролю тут адыгрывае таксама развіццё спажывецкай культуры, калі рост заробкаў і ўзроўню жыцця насельніцтва адпаведным чынам адбіваецца на спецыфіцы сацыяльных паводзін асобы. Так, бацькі-рабочыя робяць усё магчымае дзеля таго, каб уладкаваць уласнае дзіця ў ВНУ з выбарам спецыяльнасці, не звязанай з фізічнай працай, а праца на прамысловасці ці ў сельскай гаспадарцы выглядае сацыяльна непрэстыжнай сярод беларускай моладзі.
Гэтак жа на другі план адыходзяць каштоўнасці сям'і і мацярынства. Традыцыйна кансерватыўныя ў пытаннях сям'і і шлюбу беларусы паступова мяняюць свае жыццёвыя ўстаноўкі на сумнеўныя каштоўнасці індывідуалісцка-эгаістычнага кшталту, калі галоўнай мэтай жыцця становіцца дасягненне ўласнага камфорту. Пры гэтым асабліва прыкра, калі пад дахам падобнай самарэалізацыі чалавека насамрэч адбываецца духоўная дэградацыя асобы, а разуменне камфорту зводзіцца да прымітыўнага лозунга «Бяры ад жыцця ўсё!», што часта прыводзіць як да заняпаду інстытуту сям'і ў грамадстве, так і да фактычнай сацыяльнай гібелі асобных грамадзян, люмпенізацыі часткі айчыннай моладзі.

Сумная статыстыка

 

Напрыклад, на 100 родаў у нашай краіне адбываецца 29,5 выпадку абортаў, гэта значыць, як слушна заўважае спецыяліст кансерватыўнага цэнтра NОMОS Любоў Баркун, «амаль кожны трэці зачаты чалавек будзе забіты». Гэтаксама даволі сумна выглядае і статыстыка суадносін шлюбаў і разводаў: у 2012 годзе разысціся пажадалі 39 тысяч пар, прытым на заключаныя 1000 шлюбаў прыходзіцца ажно 512 разводаў.
Калі такую складаную сітуацыю дапоўніць негатыўнымі лічбамі, што сведчаць аб павелічэнні долі грамадзян з асацыяльным тыпам паводзін (наркаманія, алкагалізм) у структуры беларускага грамадства, то забеспячэнне дэмаграфічнай бяспекі ўвогуле становіцца найважнейшым пытаннем не толькі далейшага развіцця, але і выжывання беларускай нацыі. У якасці практычнай ілюстрацыі няпростага становішча, адзначым, што колькасць нарказалежных павялічылася за апошнія 25 гадоў у 23 разы па Беларусі, а ў горадзе Мінску — у 56 разоў. На афіцыйным уліку знаходзяцца каля 14 тысяч наркаманаў, аднак сусветныя практыкі з улікам паказчыкаў латэнтнасці кажуць, што такую лічбу трэба памнажаць прыкладна на 10. Гэта значыць, колькасць беларускіх наркаспажыўцоў складае каля 140-150 тысяч чалавек — менавіта такімі лічбамі карыстаюцца ў сваіх ацэнках МУС і Генеральная пракуратура. Калі ўлічваць, што сацыяльны партрэт беларускага нарказалежнага — гэта ін'екцыйны наркаман: малады нежанаты беспрацоўны мужчына 20-35 гадоў, а працягласць жыцця пастаяннага спажыўца наркотыку опійнай групы — 5-7 гадоў, то і яшчэ адзін з аспектаў дэмаграфічнай ямы, у якой апынулася Беларусь, становіцца цалкам зразумелым.
Яшчэ больш складаная сітуацыя склалася з пытаннямі алкагалізму. Згодна з інфармацыяй Міністэрства аховы здароўя, на ўліку ў сувязі са злоўжываннем алкаголем знаходзіцца каля 270 тысяч чалавек, пры гэтым 180 тысяч маюць дыягназ «хранічны алкагалізм». Аднак многія эксперты лічаць, што і гэтая лічба далёка не поўная, а рэальная колькасць алкаголікаў дасягае 500 тысяч чалавек. Вельмі непрыемнай тэндэнцыяй бачыцца таксама той факт, што алкагалізацыя ахоплівае ўсё больш шырокія колы грамадства. Падлеткавы і жаночы алкагалізм больш не з'яўляюцца незвычайнай з'явай. Згодна з данымі Белстата, толькі за апошнія 5 гадоў колькасць зарэгістраваных алкаголікаў-жанчын вырасла на 37%.Такі рост праяў алкагалізацыі прама адпаведны статыстыцы гандлю спіртнымі напоямі: зараз на адну душу насельніцтва рэалізуецца прыкладна 12,5 літра чыстага спірту, пры гэтым яшчэ ў 1970 годзе такі паказчык складаў усяго 6,4 літра. Патрэбна адзначыць, што згодна з данымі Сусветнай арганізацыі аховы здароўя, крытычная адзнака, пасля якой адбываюцца незваротныя дэмаграфічныя наступствы, — 8 літраў на душу насельніцтва.

Ці ёсць у нас шанц?

Аднак, нават з улікам вышэйазначаных даных, шанц для Беларусі і яе народа не толькі выжыць і захавацца, але і развівацца, безумоўна, ёсць. Названыя лічбы, вядома, не надта аптымістычныя, аднак на статыстыку можна паглядзець і з іншага боку: напрыклад, яшчэ у 1995 годзе колькасць абортаў на 100 родаў складала 188 выпадкаў (а зараз 29), з 2008 года стаў назірацца рост колькасці нараджальнасці пры змяншэнні смяротнасці. Скажам, у студзені—ліпені гэтага года ў рэспубліцы нарадзілася 66,9 тысячы дзяцей, што больш на 2,5 тысячы за аналагічны перыяд 2012 года, значна знізілася дзіцячая смяротнасць і павялічылася колькасць паўторных родаў у жанчын.
Падобная сітуацыя з'яўляецца сведчаннем паспяховасці дзяржаўнай палітыкі па заахвочванні мацярынства і падтрымцы інстытута сям'і. Некаторыя спецыялісты ў галіне дэмаграфічнай бяспекі нават пачалі казаць, што Беларусь пакрысе выходзіць з дэмаграфічнай катастрофы, у якой наш народ апынуўся падчас 90-х гадоў мінулага стагоддзя. Аднак патрэбна разумець, што нават дасягнутыя вынікі з'яўляюцца недастатковымі, бо ўсяго толькі даюць узнаўленне насельніцтва на 70%, а Беларусі для забеспячэння плануемага індустрыяльнага рыўка патрэбна нават не поўнае ўзнаўленне, а моцны дэмаграфічны рост.
У гэтым становішчы вельмі разумным і неабходным бачыцца рашэнне дзяржаўнага кіраўніцтва па стварэнні практыкі выплаты «мацярынскага капіталу» ў рамках праекта «Вялікая сям'я». Пры гэтым, мяркую, што грошы для вырашэння найважнейшага пытання нацыянальнага выжывання мог бы прадаставіць сацыяльна адказны беларускі бізнес. Нагадаем, што ў Беларусі пражывае каля 11 тысяч доларавых мільянераў, а праект «Вялікая сям'я» быў прапанаваны Прэзідэнту адным з айчынных банкіраў. Аднак разам з матэрыяльным заахвочваннем мацярынства неабходна правядзенне больш якаснай інфармацыйнай і ідэалагічнай палітыкі з апорай на традыцыйныя каштоўнасці нашага народа, а таксама прыняцце рэальных захадаў па супрацьдзеянні алкагалізму і наркаманіі.
Калі матэрыяльныя стымулы для насельніцтва будуць крочыць у дзяржаўнай палітыцы поруч з духоўным выхаваннем грамадства і эфектыўнай нарматворчай практыкай, то будучыня нацыі ўсё ж бачыцца аптымістычна, а лічба ў 20 мільёнаў беларусаў не здаецца такой недасягальнай.

Аляксандр ШПАКОЎСКІ, палітычны аналітык.

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.