Вы тут

Каманда тэрміновай службе — «Разысціся!» Па-ўкраінску


У нашых суседзяў-украінцаў зроблены цікавы крок па правядзенні вайсковай рэформы: там падпісаны ўказ аб пераходзе на прафесіянальную армію.

У рэдакцыю з гэтай нагоды паступае даволі шмат пытанняў: што цяпер можа быць з украінскай арміяй і ці можа такое адбыцца ў нас?
Пытаюцца і сябры, відаць, памятаючы пра мой асабісты даволі працяглы вопыт вайсковай службы. Адказваю ім проста: нічога асаблівага ад украінскага рашэння не чакаю. Так, пераход аб'яўлены, а калі хто да чаго пяройдзе — яшчэ невядома. Будзем глядзець на рэальныя факты.
А яшчэ раіў бы пацікавіцца палітычным календаром у нашых паўднёвых суседзяў: можа, нейкія важныя палітычныя кампаніі там чакаюцца ці патрэбны неардынарныя крокі для рэйтынгу.

1382131577919_19-33

Наогул, варта памятаць, што ваенныя рэформы даюцца няпроста, патрабуюць шмат часу і сродкаў. Армейская машына нават у маленькіх краінах — сістэма грувасткая, складаная і даволі кансерватыўная. Тым больш цяжка ажыццяўляюцца ў ёй вось такія кардынальныя і наватарскія крокі. Ці гатова да іх краіна і грамадства? А наша паўднёвая суседка — вялікая па еўрапейскіх мерках краіна. І армію мае адпаведную — спадчыну трох магутных савецкіх вайсковых акруг, што дыслацыраваліся на яе тэрыторыі, і частку Чарнаморскага флоту.
Памятаецца, першы прэзідэнт Расійскай Федэрацыі ў свой час таксама абяцаў пераход да прафесіянальнай арміі. Колькі гадоў прайшло, ужо каторы па ліку прэзідэнт там заступіў на пасаду, а прафесійныя рэйкі расійская армія так і не перайшла. Вайскоўцам плацяць вельмі добрыя грошы, але ўсё роўна маладыя расіяне не надта рвуцца ў кантрактнікі. Нават на падводны флот і ў ракетныя войскі стратэгічнага прызначэння, дзе нібы толькі вопытным спецыялістам месца, вымушаны набіраць звычайных прызыўнікоў. Няхай не на «самыя баявыя» пасты, але на адказную службу побач з імі. Там, каля ракет і рэактараў, сапраўды вялікая адказнасць, і туды не заманіць прафесіяналаў нават доўгім рублём — як і ў далёкія расійскія гарнізоны з цяжкімі кліматычнымі ўмовамі. Бо там — нясоладка...
Доўгі час мець прафесіянальную армію дазвалялі сабе толькі дзве краіны ў свеце — ЗША і Вялікабрытанія. У апошнія гады гэты спіс крыху пашырыўся. Але і ў ім — толькі нябедныя краіны. Бо для стварэння прафесійнай арміі павінны быць належныя эканамічныя ўмовы. Добрай службы можна патрабаваць толькі з усебакова забяспечанага прафесіянала. Яму патрэбна годна плаціць. (Хаця, шчыра кажучы, у любой галіне сапраўднаму прафесіяналу жадана забяспечваць добры заробак). Салдат-прафесіянал павінен мець жыллё і належныя бытавыя ўмовы. У казарму яго, як звычайнага салдата, не паселіш (калі ў адным пакоі жывуць дзясяткі чалавек). Тым больш, рана ці позна ён абзавядзецца сям'ёй. Раней на мотастралковую роту са ста чалавек хапала адной казармы, а цяпер для такой роты трэба мець сто кватэр ці інтэрнацкіх пакояў. А на батальён, дзе тры роты? А на полк з дзевяці рот? А на дывізію наогул патрэбна ўзводзіць цэлы горад. Такое неспадзяванае будаўніцтва — напруга і для эканомікі, і для бюджэту, і для будаўнічай галіны. Як хутка, за якія грошы і кім пабудуюцца для вайсковых часцей новыя жылыя дамы і інтэрнаты, школы, бальніцы і садкі пры гарнізонах? Калі такіх фінансавых выдаткаў дзяржава не прадбачвае, можа атрымацца не прафесіянальная армія, а хіба пародыя на яе.
І таму з Украіны я чакаю вестак, што ўслед за прэзідэнцкім указам аб'явяць, якія дадатковыя сродкі плануе выдзеліць у сувязі з гэтым бюджэт і калі. Пакуль украінскія улады паведамляюць, армію там моцна скароцяць. Са 180 да 122 тысяч асабовага складу. Плануюць распрадаць лішнюю вайсковую маёмасць. Нібыта вось гэтыя грошы і пакрыюць усе матэрыяльныя выдаткі прафесіяналізацыі.
Грошы — важная справа. Але пытанне не толькі ў іх. Як мяркуюць ваенныя эксперты, любой краіне пры імкненні да прафесіянальнага войска патрэбна мець адпаведныя традыцыі, гатоўнасць грамадства і самой сілавой машыны да падобных новаўвядзенняў. Што казаць, калі нават афіцэраў у вучылішчах трэба пачынаць рыхтаваць па-іншаму. Бо камандаваць васямнаццацігадовым прызыўніком і дарослым мужчынам-салдатам — вельмі розныя рэчы.
Яшчэ ва Украіне, які і ў нас дарэчы, застаецца актуальнай дзяржаўная задача мець добра падрыхтаваны вайсковы рэзерв, для чаго патрэбна як мага больш моладзі ахапіць сістэмай вайсковага навучання. Раней лепш за ўсё гэта рабіла менавіта ўсеагульная тэрміновая служба. Які інстытут заменіць яе цяпер? Яшчэ тэрміновая служба ў постсавецкіх краінах выконвала многія сацыяльныя і патрыятычныя функцыі. Вучыла, загартоўвала, выхоўвала. Юнакі там і добрую прафесію сабе на будучыню маглі прыдбаць — повара ці вадзіцеля, напрыклад. Прычым, бясплатна.
Сусветны вопыт падказвае, што нядрэнна яшчэ мець у краіне і адпаведны ўзровень беспрацоўя сярод моладзі, якая б магла падацца ў вайсковыя прафесіяналы, і каб было з каго выбіраць. Бо нават у ЗША ў самыя цяжкія эканамічныя часы не надта кідаліся на вярбовачныя пункты страціўшыя працу банкіры, ІТ-шнікі, юрысты і іншыя прадстаўнікі прэстыжных і высокааплатных прафесій. Калі ЗША ўвязаліся ў войны ў Іраку і Афганістане, праблема яшчэ больш абвастрылася. Калі не дапамаглі ніякія абяцаныя звыш ільготы ды магутнейшая рэкламная кампанія, на службу дазволілі браць не толькі грамадзян краіны, але і асоб з відам на месцажыхарства — не ад добрага жыцця, напэўна.
У свой час давялося быць у Германіі і Францыі, калі гэтыя краіны якраз адмаўляліся ад прызыўнікоў і стваралі прафесійную армію. Грошы на гэта ў іх знаходзіліся, але столькі іншых праблем паўставала! І гэтыя пытанні жыва абмяркоўвала грамадскасць, палітыкі, партыйцы, парламентарыі. Балазе, даваўся працяглы пераходны перыяд у некалькі гадоў. І дзякуючы такому падыходу ўдавалася карэктаваць алгарытмы прафесіяналізацыі, аператыўна выпраўляць памылкі.
А тут неяк усё па-славянску атрымліваецца — указ падпісаны — вось на табе адразу прафесіянальная армія.
Ёсць яшчэ адзін цікавы для мяне момант у тым дакуменце: аказваецца, ва ўнутраных войсках тэрміновая служба ўсё ж захаваецца.
Вайны пакуль, дзякуй богу, не прадбачыцца. І таму танк ці гармата, развітаўшыся з экіпажам па прызыве, могуць колькі часу і пачакаць прафесіянальнага танкіста ці артылерыста. А вось з аховай грамадскага парадку, вартай важнейшых дзяржаўных аб'ектаў ці канваіраваннем асуджаных да месцаў адбывання пакарання, чым займаюцца ўнутраныя войскі, справу на самацёк не пусціш. Відаць, разумеюць нашы суседзі, як можа ў жыцці пайсці звышхуткая прафесіяналізацыя па ўказе. І таму там, дзе асабліва тонка, усё ж падстрахаваліся.

Віктар ВІКЕНЦЬЕЎ

Выбар рэдакцыі

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Вольга Здзярская: Для мяне мая прафесія — жыццё

Вольга Здзярская: Для мяне мая прафесія — жыццё

Актрыса НАДТ імя М. Горкага — пра шлях да сцэны і натхненне.

Грамадства

«Любоў — галоўнае, што бацькі павінны даць сваім дзецям»

«Любоў — галоўнае, што бацькі павінны даць сваім дзецям»

Тата і мама — два самыя важныя чалавекі ў жыцці кожнага дзіцяці.