Вы тут

Студэнтам «дадуць» святло?


На днях некаторыя студэнты БДУ павінны былі пераехаць у новы інтэрнат № 4, які знаходзіцца на тэрыторыі так званай Студэнцкай вёскі. Але наваселле чарговы раз адмянілі. Пайшла пагалоска, нібыта ў будынку па вуліцы Чурлёніса здарылася аварыя, затоплена некалькі паверхаў...

Каб удакладніць інфармацыю, карэспандэнт «Звязды» патэлефанавала на эканамічны факультэт БДУ. Навучэнцы гэтага факультэта павінны былі стаць аднымі з насельнікаў інтэрната №4.

— Нашы студэнты зараз не на вуліцы, яны спакойна жывуць у іншых інтэрнатах. А засяленне ў «чацвёрку» планавалася, але пастаянна адкладвалася. Спачатку абяцалі, што гэта адбудзецца ў верасні, пасля тэрмін перанеслі на кастрычнік, — паведаміў намеснік дэкана па вучэбна-выхаваўчай рабоце эканамічнага факультэта БДУ Аляксандр Вараб'ёў.

Па яго словах, у гэтым месяцы верагоднай датай засялення называлі спачатку 15 га, а пазней — 21 кастрычніка, але пераезд зноў адмяніўся.

— Прычыну нам не тлумачылі. Тут трэба разумець, што дырэкцыя студгарадка не можа адказваць за будаўнікоў, якія вядуць работы ў інтэрнаце, — адзначыў Аляксандр Вараб'ёў.

Высветліць, чаму адмянілі пераезд у інтэрнат на Чурлёніса, мы паспрабавалі ў дырэктара студэнцкага гарадка БДУ Міхаіла Чарапеннікава:

— Інфармацыя пра некалькі затопленых паверхаў — гэта няпраўда. У інтэрнаце прарвала водаправод, наступствы распаўсюдзіліся ўсяго толькі на пару пакояў. Але не гэта стала прычынай часовага пераносу засялення, няспраўнасць даволі хутка ліквідавалі, — адзначыў Міхаіл Чарапеннікаў.

Як расказаў дырэктар Студэнцкага гарадка, запаветныя ключы ад пакояў студэнты ўсё яшчэ не атрымалі па прычыне адсутнасці ў інтэрнаце пастаяннай схемы падключэння электрычнасці. Але гэта — «пытанне да заказчыка і падрадчыка». Як толькі праблема з электрычнасцю будзе вырашана, студэнты змогуць пераехаць у інтэрнат літаральна на наступны дзень.

Ганна ГАРУСТОВІЧ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?