Вы тут

Пусты бальнічны ложак — «дзірка» ў медыцынскім бюджэце


«Па колькасці бальнічных ложкаў, аб'ёмаў шпіталізацыі і колькасці наведванняў урачоў Беларусь сёння лідзіруе і сярод краін СНД, і сярод краін Еўрасаюза», — паведаміў у сваім выступленні на міжнароднай навукова-практычнай канферэнцыі «Эканамічныя аспекты здароўя і сістэмы аховы здароўя» намеснік міністра аховы здароўя нашай краіны Ігар ЛАСІЦКІ.

1382784698499_26-35

Так, летась на 100 жыхароў у Беларусі прыпала больш як 30 шпіталізацый. А колькасць наведванняў урачоў склала 13,2 у разліку на аднаго беларуса.

— Каб павысіць эканамічную эфектыўнасць сістэмы аховы здароўя, нам неабходна скіраваць сваю ўвагу на празмернасць аб'ёмаў медыцынскай дапамогі — гэта значыць, змагацца з нерацыянальным выкарыстаннем ложкавага фонду, зменшыць колькасць шпіталізацый, выклікаў хуткай медыцынскай дапамогі і колькасць наведванняў амбулаторна-поліклінічнага звяна, — падкрэсліў Ігар Ласіцкі. — Беларусь, як і многія іншыя краіны, сутыкнулася ў апошнія гады з ростам выдаткаў на ахову здароўя, прычым гэтыя выдаткі растуць хутчэй, чым узровень нашага дабрабыту. Па прагнозах даследчыкаў, да 2020 года ў сістэму аховы здароўя краін Заходняй Еўропы будуць накіроўвацца 12—15% ад унутранага валавога прадукту.

У Беларусі ў 2014 годзе выдаткі на ахову здароўя складуць 4,2% ад унутранага валавога прадукту, што адпавядае 34 трлн рублёў. Гэта вельмі буйная сума... Упэўнены, што ў аснове эфектыўнай дзейнасці сістэмы аховы здароўя павінна ляжаць не проста нарошчванне выдаткаў, а эфектыўнае размеркаванне і эфектыўнае выкарыстанне нашых рэсурсаў.

Як зазначыў Ігар Ласіцкі, сёння галоўны акцэнт пераносіцца на амбулаторна-поліклінічнае звяно, паколькі дапамога, што аказваецца на першасным узроўні, — найбольш даступная, запатрабаваная і менш дарагая.

Ад якасці аказання першаснай дапамогі ў многім залежаць і якасць жыцця пацыента, і доля эканамічных выдаткаў на яго медыцынскае суправаджэнне. Сёлета ў амбулаторна-поліклінічную службу будзе накіравана каля 40% ад усіх выдаткаў на ахову здароўя.

Для паляпшэння абслугоўвання пацыентаў у амбулаторна-поліклінічных арганізацыях было праведзена перааснашчэнне паліклінік, перагледжаны стандарты і клінічныя пратаколы. Актывізавана работа па ўкараненні стацыянаразамяшчальных тэхналогій, ствараюцца цэнтры калектыўнага выкарыстання дарагога абсталявання, развіваецца інстытут памочніка ўрача. Урачы атрымалі права выдаваць пацыентам лісток непрацаздольнасці тэрмінам да 10 дзён, а таксама выпісваць рэцэпты пацыентам з хранічнымі захворваннямі і пацыентам ільготных катэгорый тэрмінам на паўгода.

— Мы прад'яўляем да якасці работы амбулаторна-поліклінічнага звяна самыя высокія патрабаванні: гэтыя арганізацыі павінны быць фільтрамі, якія прапускаюць праз сабе насельніцтва, усебакова ацэньваючы яго здароўе, — падкрэсліў Ігар Ласіцкі. — Яны павінны браць пад улік кожны выпадак захворвання, прызначаць своечасовае і адэкватнае лячэнне, назіраць за змяненнямі ў стане здароўя пацыента, прымяняць на практыцы метады прафілактыкі. Не сакрэт, што, калі першаснае звяно працуе неэфектыўна, а ўрачы прапускаюць хваробу на пачатковым этапе, гэта цягне за сабой неабходнасць задзейнічаць стацыянарную дапамогу — высокатэхналагічную і больш дарагую.

Але і ў стацыянарных арганізацыях фінансавыя сродкі павінны працаваць эфектыўна. Так, прастой бальнічнага ложка не толькі не скарачае аб'ёмы стацыянарнай дапамогі, што фінансуюцца з бюджэту, але і пагаршае медыцынскае абслугоўванне насельніцтва ўвогуле. Ложак, які працуе неэфектыўна, фінансуецца ў памеры 2/3 ад ложка, які працуе эфектыўна. Прасцей кажучы, пусты бальнічны ложак усё роўна забірае сродкі...

Надзея НІКАЛАЕВА.

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Сёння распачынае работу УНС у новым статусе

Сёння распачынае работу УНС у новым статусе

Амаль тысяча дзвесце чалавек збяруцца, каб вырашаць найважнейшыя пытанні развіцця краіны. 

Навука

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Расказаў першы намеснік старшыні Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Рэспублікі Беларусь Дзяніс Каржыцкі.

Здароўе

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

Як вакцыны выратоўваюць жыцці і чаго можа каштаваць іх ігнараванне?

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.