Вы тут

ДАРОГІ БЕЛАРУСІ ПАВІННЫ СТАЦЬ НАШЫМ БРЭНДАМ


Ці часта, едучы па дарозе і імкліва пакідаючы за сабою яе кіламетры, мы задумваемся над тым, хто і колькі сіл і сродкаў уклаў у будаўніцтва, хто ўтрымлівае яе ў стане, які выклікае ў нас часцей за ўсё задавальненне, хто даглядае прылеглую тэрыторыю. Вядома, усё залежыць ад аб'ёмаў фінансавання галіны і канкрэтных работ, ад значнасці дарогі, а таксама ад яе «гаспадара» — ад таго, хто нясе адказнасць за тое, каб мы, едучы па шашы, пра гэтыя пытанні не задумваліся... А яшчэ дарогі называюць артэрыямі эканомікі, рухавікамі культурных зносін і ўзбагачэння народаў. І ўвогуле, дарогі ўзніклі тады, калі чалавеку спатрэбілася асвойваць новыя прасторы.

1382784746205_1

Пра дарогі часта пішуць у сродках масавай інфармацыі, людзі могуць і маюць права ацэньваць іх стан і якасць — мы ж усе карыстаемся імі... А што думаюць, гавораць і пра што мараць тыя, хто пастаянна робіць дарогі, абслугоўвае іх і для каго дарожная галіна стала сэнсам жыцця і біяграфіяй, — карысна ведаць усім.

Дарагія нашы дарогі...

Генеральны дырэктар рэспубліканскага ўнітарнага прадпрыемства «Магілёўаўтадар» Анатоль Лапацін, ганаровы дарожнік Рэспублікі Беларусь, якраз і адносіцца да тых, хто ўвесь свой лёс звязаў з дарогамі. Колькі іх кіламетраў пабудавана — палічыць за трыццаціпяцігадовы час працы цяжка. Апошнія ж 10 гадоў кар'еры Анатоль Іванавіч — генеральны дырэктар. Праца на гэтай пасадзе адзначана падзякай Прэзідэнта.

Як расказвае Анатоль Іванавіч, толькі на балансе прадпрыемства знаходзіцца больш за 2500 кіламетраў дарог.

1382784749929_2

На пытанне, а які ўчастак самы прыгожы, адказвае, што нейкі ўчастак лепш выглядае зімою, нейкі — вясною альбо залатой восенню. — А ўвогуле, усе нашы дарогі прыгожыя, асабліва тыя, да будаўніцтва ці абслугоўвання якіх сам прыклаў душу і сілы, — лічыць ён.

А душу і сілы спецыялісты РУП «Магілёўаўтадар» толькі сёлета прыклалі да сапраўды вялікіх дарожных спраў: толькі інвестыцыі ў асноўны капітал за дзевяць месяцаў года за кошт уласных сродкаў склалі больш за 10 млрд рублёў — гэта больш, чым за ўвесь год леташні. А сродкі гэта вельмі істотныя: за іх ужо набыта 13 трактараў МТЗ, 4 аўтамабілі МАЗ, ды яшчэ ў растэрміноўку будзе куплена сем грузавікоў. На 100 працэнтаў выкананы план па атрыманні чыстага прыбытку, планы па зніжэнні ўзроўню затрат, энергазберажэнні і рэнтабельнасці. Істотна перавышаны і аб'ём работ, якія выконваліся ўласнымі сіламі.

1382784752578_3

Вельмі важным і прынцыповым паказчыкам Анатоль Лапацін лічыць матэрыяльныя стымулы для кожнага з 834 работнікаў прадпрыемства. І сёння іх сярэднямесячная заработная плата складае 5050 тысяч рублёў — таксама вышэй за даведзеныя планы. Гэтае дасягненне — асаблівы гонар кіраўніка, бо апошнім часам практычна спынены аддток высокакваліфікаваных кадраў магілёўскіх дарожнікаў у недалёкую Расію. А само прадпрыемства ўдастоена Ганаровай Граматы міжурадавага Савета аўтадарожнікаў краін СНД.

1382784757529_4

Відавочна, за такімі паказчыкамі стаіць напружаная работа ўсіх дарожнікаў Магілёўшчыны — ад кіраўнікоў да рабочых. Сёння ў структуры РУП знаходзіцца 9 філіялаў — дарожна-эксплуатацыйных упраўленняў, што размешчаны ў раённых цэнтрах, кожнае з якіх мае свае ўчасткі і планы па іх рэканструкцыі і абслугоўванні. І пры ўсім тым, што ў вобласці, як і па ўсёй краіне, дарогам надаецца ўсё большая ўвага, нагрузка на іх, аб'ёмы перавозак растуць, на дарогах з'яўляецца ўсё больш цяжкавагавага транспарту з высокімі нагрузкамі на вось, фінансаванне дарожнай гаспадаркі абвастрылася пасля прыпынення дзеяння Закона «Аб дарожных фондах у Рэспубліцы Беларусь». Напрыклад, паводле нарматыву ўтрыманне існуючай сеткі дарог патрабуе сёлета 260 млрд рублёў, а выдзеленыя ліміты складаюць 120. А пры гэтым агульная працягласць толькі тых дарог, што патрабуюць рознага віду рамонту, складае больш за тысячу кіламетраў, а кошт гэтага рамонту — 1 016 млрд рублёў. Таму і беларускія дарожнікі з нецярплівасцю чакаюць аднаўлення дзеяння заканадаўства аб дарожных фондах. У суседняй Расіі, дзе таксама былі адменены дарожныя фонды, да іх праз некалькі гадоў вярнуліся, што стала вельмі добрым стымулам для галіны. Магчыма і з гэтым звязана тое, што расійскія дарогі ўсё больш робяцца падобнымі да нашых як па сваёй якасці, так і па ўзроўні дарожнага і прыдарожнага сэрвісу?

І пры ўсіх праблемах работы на галоўных падведамасных зараз «Магілёўаўтадару» магістралях М-4 (Мінск — Магілёў) і М-5 (Мінск — Гомель) працягваюцца. Дарэчы, на гэтых трасах пракладваюцца оптыка-валаконныя лініі, устанаўліваецца апаратура назірання за дарогай па 17 паказчыках. Карацей, тое, што называецца рамонтам, смела можна назваць мадэрнізацыяй. У гэтым месяцы пачнецца рэалізацыя інвестыцыйнага праекта рэканструкцыі ўчастка аўтадарогі М-5 Бабруйск — Жлобін працягласцю ад 131 да 208 кіламетра. Аб'ёмы належыць выканаць велізарныя, бо тэрмін здачы аб'екта — восенню 2015 года.

1382784760254_5

Людзі і тэхналогіі

У 74-м дарожна-эксплуатацыйным упраўленні пашчасціла пазнаёміцца з яго начальнікам Віктарам Лемешавым, начальнікам дыстанцыі Віктарам Барашковым і галоўным механікам ДЭУ Міхаілам Шчацінкам. Усе яны — сталыя дарожнікі, як гаворыцца, патрыёты прафесіі. Пад іх падпарадкаваннем знаходзяцца дзясяткі кіламетраў дарог толькі першай тэхнічнай катэгорыі, аб'екты прыдарожнага сэрвісу.

Менавіта на базе гэтага ўпраўлення вырабляецца вельмі цікавы прэпарат для дарог — халодная арганічна-мінеральная сумесь. Знешне яна падобна на асфальт. На самой справе гэта тое, пра што марым усе мы, аўтаўладальнікі: у гэтай сумесі разам з уласцівымі для асфальту кампанентамі змяшчаюцца і розныя хімічныя інгрэдыенты, што дазваляюць, напрыклад, трывала, як на абутак, накладваць «латкі» на асфальт нават у халодны час года. Дзеля такой вытворчасці непадалёку ад дарогі быў спецыяльна пабудаваны ўчастак — цэлы міні-завод са сховішчам матэрыялаў, дзе і вырабляюцца гэтыя сумесі. Як паведамілі спецыялісты ўчастка, вялікую цікавасць да гэтага рэчыва праявілі не толькі айчынныя дарожнікі, але і калегі з Расіі, так што перспектывы ў добрага пачынання ёсць.

1382784763271_6

Сам кіраўнік ДЭУ Віктар Леанідавіч Лемешаў якраз напярэдадні прафесійнага свята — Дня дарожніка — адсвяткаваў свой юбілей. Усё жыццё чалавек аддаў стваральнай справе — будаўніцтву, дарогам, па якіх яшчэ доўга будзе рухацца транспарт. І гэтаксама, як і многія яго калегі, ён не назваў сваю любімую дарогу, бо дарагія і прыгожыя для яго яны ўсе...

Сучасныя дарожнікі — гэта хто і для чаго?

Асноўнымі відамі дзейнасці «Магілёўаўтадара», як вядома, з'яўляецца будаўніцтва, рамонт і ўтрыманне дарог, іх разметка, вытворчасць асфальтабетону і рознага тыпу бітумных вырабаў, інжынерныя і архітэктурныя паслугі. Сёння, калі актыўна дзейнічае сістэма менеджменту якасці і кіравання праектамі, гэта паспяхова ажыццяўляецца. Тут, як гаворыцца, прадпрыемства выконвае свае абвязкі і патрабаванні. І, як сведчаць вынікі працы, выконвае якасна. Але ёсць і асаблівыя клопаты: чысціня і ўзорны знешні выгляд дарог. Паводле тых жа нарматыўных дакументаў, дарожнікі павінны двойчы на год абкошваць узбочыны і адхоны. А так склалася (самі дарожнікі гэта, праўда, не каментуюць), што амаль усё лета ўздоўж трас рухаюцца касілкі, у няўдобіцах і асаблівых месцах — і рабочыя з бензакосамі, якія ператвараюць прылеглую да дарогі тэрыторыю ў нешта падобнае на англійскі газон. Яно, несумненна, прыгожа. Але ці варта такія сродкі і сілы выкладваць толькі дзеля гэтага? Магчыма, я памыляюся. І хаця заўсёды з удзячнасцю ўспамінаю дарожнікаў, гледзячы на гэтую стэрыльнасць, але і шкадую іх сіл. Той жа трактар, які цягае дзень пры дні ротарную касілку, праязджаючы не адзін дзясятак кіламетраў уздоўж дарог, мог бы з куды большым поспехам прымяніць свае «конскія сілы» ў нейкай больш цяжкай і адказнай працы.

1382784765988_7

І яшчэ пра адно пытанне, якое займае кіраўніцтва гэтага перадавога ў краіне прадпрыемства — прыбіранне тэрыторый. Многія з нас бачылі, як на чысцюткі асфальт, дзе-небудзь на ўзбочыне прыстойнага выгляду людзі з нятанных аўто выцярушваюць попельніцу, поўную недакуркаў. Некаторыя з іх робяць гэта больш «культурна» — выкідваюць смецце за асфальт, на абочыну. І вось кожнай вясною (калі, па беларускай традыцыі, мы зграбаем смецце са двара) супрацоўнікі «Магілёўаўтадара» на прылеглых да дарог тэрыторыях збіраюць «падснежнікі» — усё тое, што вылятае з вокнаў транспарту. Як на мяне, дык робіцца гэта, як кажуць, «не за страх, а за сумленне».

Калі я падзяліўся гэтым роздумам з кіраўніком «Магілёўаўтадара», то пачуў... (праўда, пасля невялікай паўзы):

— Ведаеце, чаму мы выдаткоўваем штогод мільярды толькі на прыбіранне і вываз смецця, — а гэта, дарэчы, не з'яўляецца нашым абавязкам? Толькі з-за павагі да прафесіі і да дарог, за якія мы адказваем. На самой справе — мы ж не дворнікі, не камунальнікі, не ДАІ... У нас на дарогах устаноўлены кантэйнеры для збору смецця. Але калі з блізкіх вёсак ці дамоў нават у гарадах людзі выносяць смецце — значыць, каля іх жылля збор яго не арганізаваны... Здаецца, настаў час, каб за выкінуты на дарозе ці пры дарозе пакунак смецця штрафавалі альбо складалі пратаколы аб адміністрацыйных парушэннях менавіта тыя, хто надзелены для гэтага адпаведнымі функцыямі. Калі наш работнік працуе на дарозе, а побач праносяцца сотні аўто, дык не яго справа сачыць за паводзінамі вадзіцеляў альбо пасажыраў. Магчыма, сітуацыя зменіцца з увядзеннем на дарогах камер назірання і аплаты за дарогі. А пакуль... Справа, хутчэй за ўсё, у культуры паводзін на дарогах, якую, як вядома, трэба выхоўваць, у тым ліку і жорсткімі мерамі...

Анатоль Лапацін жорсткім кіраўніком сябе не лічыць, але патрабавальнасць да падначаленых для яго з'яўляецца нормай. І нават калі праходзяць ведамасныя спартакіяды, ён, як галоўны іх завадатар, сочыць, каб там былі (а найлепш удзельнічалі) усе падначаленыя. І тут калектыў мае свае вельмі прыстойныя здабыткі, бо актыўна развіваецца і стымулюецца турызм, футбол, валейбол, лыжы.

Матэрыялы падрыхтавалі Пётр Раманчук, Алена Даўжанок, Яўген Пясецкі (фота).
УНП 700437908

Загаловак у газеце: Генеральны дырэктар «Магілёўаўтадар» Анатоль Лапацін: «ДАРОГІ БЕЛАРУСІ ПАВІННЫ СТАЦЬ НАШЫМ БРЭНДАМ»

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Грамадства

Рэспубліканскі суботнік прайшоў сёння ў Беларусі

Рэспубліканскі суботнік прайшоў сёння ў Беларусі

Мерапрыемства праводзілася на добраахвотнай аснове.