Вы тут

Ліфт выклікалі?


У Беларусі ў будынках устаноўлена каля 37 тысяч ліфтаў, большасць з якіх перамяшчае пасажыраў і грузы штодзённа, без перапынку на выхадныя і святочныя дні. Але якімі толькі не выглядаюць пад'ёмныя машыны перад сваімі карыстальнікамі: старэнькімі і зусім новымі, бясшумнымі і не зусім... Падтрымліваюць такую велізарную колькасць пад'ёмнікаў у належным тэхнічным стане на першы погляд не вельмі прыкметныя, але такія важныя ў вялікім горадзе брыгады электрамеханікаў. Іх змена нагадвае сапраўднае баявое дзяжурства. Карэспандэнты «Звязды» вырашылі паназіраць за іх працай.

1383369305274_1

 

Паспець за 40 хвілін

— Неяк з цягам часу склалася, што электрамеханікамі па рамонце і тэхнічным абслугоўванні ліфтаў працуюць пераважна мужчыны, — гаворыць начальнік вытворчага ўчастка № 4 ААТ «Ліфтсэрвіс» Леанід Бабук. — А вось на рэгулярны агляд тэхнічнага стану пад'ёмных машын ходзяць збольшага жанчыны. Яны працуюць два дні па дванаццаць гадзін. Пасля ж двое сутак спецыялісты адпачываюць. Уначы ж у якасці аператара за пультам працуе дзяжурны электрамеханік. Ён прымае экстранныя заяўкі і пераадрасоўвае іх у аварыйную службу.

Участак, якім кіруе Леанід Бабук, абслугоўвае 1636 ліфтаў. У сваю чаргу, ён падзелены на шэсць прарабскіх участкаў. Грузавых ліфтаў тут — усяго толькі 45. Сталічныя Паўднёвы Захад і Малінаўка — гэта спальныя раёны. Тут вельмі шмат дамоў, колькасць паверхаў якіх 12 і больш. А тады, па нормах, у такіх высотных пад'ездах павінны быць устаноўлены ўжо два пад'ёмнікі.

У дыспетчарскім пункце ўчастка можна бачыць дзве сістэмы кіравання ліфтамі. Са старэйшай мы знаёмы па савецкіх кінастужках: дыспетчар прымае выклік, седзячы за металічнымі скрынкамі, на якіх шмат лямпачак і пераключальнікаў. Новы ж блок кіравання меншы за сістэмны блок камп'ютара, а на маніторы можна сачыць за ліфтамі ў рэжыме рэальнага часу. На экране відаць, на які паверх паехаў пэўны ліфт, адчыняе ці зачыняе ён дзверы... Калі ж пад'ёмнік выйдзе са строю, то часам яшчэ ў дыспетчарскім пункце можна вызначыць характар паломкі. Што ў значнай ступені спрашчае і паскарае працу механіка.

— Выклікі да нас пераважна паступаюць раніцай, вечарам і ў выхадныя, — гаворыць дыспетчар Ірына Цырынская. — Вельмі крыўдна, калі людзі ў захраслым ліфце пачынаюць спаганяць злосць на дыспетчары. Нібыта ён можа запусціць машыну ці папярэдзіць яе спыненне... У любым выпадку электрамеханік прыйдзе не пазней, чым праз 40 хвілін пасля моманту падачы заяўкі. Хаця ёсць для нас адна напружаная ноч — навагодняя. Многія спяшаюцца сустрэць 1 студзеня па-за межамі сваёй кватэры. І пры гэтым забываюцца, што стандартны ліфт разлічаны ўсяго толькі на 350-400 кілаграмаў вагі! А пасля электрамеханік выпускае кампаніі з 6-8 чалавек. Няўжо лепш чакаць у захраслым ліфце спецыяліста, чым спусціцца на першы паверх у два-тры заходы?

1383369308785_2

 

Дзікуны ў чалавечым абліччы

— Чаго толькі не робяць у ліфтах! — абураецца электрамеханік 6-га разраду па ліфтах участка № 4 Іван Варажун. — Ёсць у мяне на абслугоўванні адзін такі «шматпакутны» пад'ёмнік у дванаццаціпавярховым доме. Я плафоны ў кабіне памяняў восем разоў. Кнопак — і не злічыць ужо. Адзін чалавек прыйдзе, выкліча ліфт і паедзе. А другі абавязкова торкне адвёрткай у пластмасавую кнопку. Навошта так рабіць? Здаралася, калі ў ліфце захрасалі дзеці. А бацька вызваляў іх з дапамогай... сякеры. Ну ці не дзікунства гэта?

Што і казаць, вандалы ліфты не шкадуюць. Падпаленыя кнопкі, размаляваныя сцены, выбітыя дзверы — гэтыя сляды дзейнасці хуліганаў бачылі многія. А калі іх ловяць, то матывацыя дзеянняў часцей за ўсё адна: «Проста захацелася зрабіць». Церпяць з-за гэтага як жыхары, так і абслуговая арганізацыя, якая вымушана лішні раз марнаваць грошы на рамонт.

— Вялізныя выдаткі мы нясём з-за гэтага, — тлумачыць сітуацыю галоўны інжынер ААТ «Ліфтсэрвіс» Георгій Івашка. — А запасныя часткі нам чараўнік на самалёце не дастаўляе — мы набываем іх за ўласныя сродкі. Да таго ж мы атрымалі ў спадчыну ад савецкіх часоў пасажырскія ліфты, вырабленыя па-за межамі Беларусі, — напрыклад, у Расіі ці ва Украіне. І камплектуючыя для іх купляюцца ўжо за валюту. Ёсць у нас на балансе дом, кватэры ў якім калісьці атрымлівалі ўніверсітэцкія выкладчыкі і прафесары. Дык там ліфты ламаліся раз у год-паўтара. А ў некаторыя дамы электрамеханікі ходзяць на заяўкі так часта, як у краму па хлеб. Вандалы падпальваюць кнопкі выкліку, ламаюць сякерамі дзверы, намагаюцца разукамплектаваць машынныя аддзяленні. У выніку ліфт прастойвае пэўны тэрмін, а людзі злуюцца: яны ж вымушаны рэгулярна падымацца па лесвіцы ўгору, плацячы пры гэтым за абслугоўванне пад'ёмніка! Вядома, з дапамогай міліцыі мы злачынцаў усё роўна знаходзім і спаганяем з іх страты. Але на гэта патрэбны час.

1383369311274_3

 

Нармальная праца ліфта амаль цалкам залежыць ад жыхароў

— З кожным годам на ўчастку з'яўляецца ўсё больш новых ліфтаў. Старыя машыны, якія сваё адпрацавалі, саступаюць месца сучасным. Пад'ёмнікаў, выпушчаных у 1970-я гады, на ўчастку ўжо амаль не засталося, нягледзячы на пэўныя цяжкасці з фінансаваннем праграмы па іх замене. 25 гадоў эксплуатацыі для ліфта — гэта ні ў якім разе не догма. Проста пасля кантроль за састарэлай машынай становіцца яшчэ больш пільным. Пры беражлівым абыходжанні яна можа праслужыць значна даўжэй. Па статыстыцы, у 95% даўгавечнасць працы ліфта залежыць ад жыхароў. Але сказаць, што ўсё новае — супернадзейнае і застрахаванае ад паломак, мы не можам, — запэўнівае Леанід Бабук. — Ёсць свае плюсы і мінусы як у старых савецкіх, так і ў новых машын. Па частцы непераборлівасці эксплуатацыі невялікую фору даюць усё ж старыя ліфты. Сваю лепту сюды ўносіць і час, які патрабуецца на наладку машыны пасля яго ўстаноўкі. Паступова механікі даводзяць машыну, як кажуць, «да розуму», і працэнт паломак рэзка паніжаецца.

Самая распаўсюджаная прычына, па якой захрасаюць людзі, — гэта таўханне і скокі, асабліва пры руху ўніз. Спрацоўваюць сістэмы абароны, кабіну істотна трасе, і яна застывае на месцы. «Любяць» гэтым займацца пераважна дзеці. Для пасажыра гэта небяспечна: дзесьці паўгадзіны давядзецца правесці ў «падвешаным» стане. Тыповую памылку пры захрасанні чалавек дапускае, спрабуючы самастойна выбрацца. Але гэта рабіць ні ў якім разе нельга. У кабіне чалавек знаходзіцца ў бяспецы. Пасажыру ўсяго толькі трэба націснуць кнопку сувязі і дачакацца адказу аператара. Можа здарыцца і так, што хопіць парад дыспетчара. Бывалі выпадкі, што чалавек проста недаціскаў да канца кнопку патрэбнага паверха. Ліфт зачыняўся і, вядома, нікуды не ехаў...

Рэдка, але ўсё ж здараецца так, што на раёне масава адключаецца электраэнергія. Самае важнае ў гэтым выпадку — не разгубіцца, калі залітая яркім святлом кабіна адразу становіцца цёмнай. Справа ў тым, што сувязь з дыспетчарам не залежыць ад лініі, ад якой сілкуецца ліфт, і нагадвае нешта накшталт праваднога радыё са сваім уласным напружаннем. Сапраўдны галаўны боль для спецыялістаў — гэта зладзеі, якія жадаюць пажывіцца за кошт ліфтавога абсталявання...

— З ліфтамі я працую ўжо 23 гады, — працягвае Леанід Бабук. — За гэты час пракаціліся ўжо як мінімум чатыры хвалі разукамплектоўкі. Ці то цана на каштоўныя металы тады павышаецца, ці то ў людзей зніжаюцца даходы. Апошняя хваля пракацілася паўтара года таму, калі пацярпела больш за сотню ліфтаў. Зламыснікам быў наркаман. Ён ішоў на ўсё, каб толькі займець грошы для набыцця чарговай дозы.

«Кландайк» у ліфтавой шахце

Калі ліфт прыязджае на першы паверх, то паміж дзвярыма і падлогай кабіны ўтвараецца прадаўгаватая шчыліна. Яна вядзе ў прыямак. Чаго там толькі не знаходзяць электрамеханікі! Справа ў тым, што людзі чамусьці выкарыстоўваюць яго ў якасці... ёмістасці для смецця. Хоць гэта забаронена ўсімі існуючымі нормамі! Пераважна ў прыямак ляцяць рэкламныя буклеты і рэкламныя лісткі з паштовых скрыняў. Ляцяць туды і недакуркі, якіх электрамеханікі часам выграбаюць амаль вёдрамі. Дастаткова адной іскры ад непатушанай цыгарэты — і пачнецца буйны пажар. Дык навошта самім сабе закладваць міну запаволенага дзеяння?

У нашых людзей чамусьці існуе адна дзіўная звычка. Яны пачынаюць даставаць ключы, яшчэ едучы ў ліфце. Хопіць аднаго неасцярожнага руху, каб яны выслізнулі з рук і апынуліся ў прыямніку. Тады неахайніки звоняць у дыспетчарскую і просяць дастаць з дна прыямка патрэбны прадмет. І электрамеханік ідзе і дастае ключы, тэлефон, кашалёк... Хоць гэта і не ўваходзіць у яго прамыя абавязкі. У гэты ж час можа захраснуць чалавек, які будзе чакаць спецыяліста з-за таго, што хтосьці не змог утрымаць у руцэ тэлефон. Знаходзілі ў прыямках і канверты з лістамі, якія кідалі адрасатам у паштовую скрынку.

— Я памятаю выпадак, які здарыўся, калі толькі пачынаў працаваць электрамеханікам, — прыгадвае Леанід Бабук. — Сям'я ехала набываць новы аўтамабіль, і людзі ўпусцілі ў прыямак поўны кашалёк грошай. Аўтамабіль тады каштаваў тысяч пяць рублёў — значная сума! Пачкі грошай рассыпаліся, і купюры вартасцю ў пяцьдзясят і сто рублёў разляцеліся па ўсім прыямку. Іх даставалі адтуль пад вельмі пільным кантролем...

Народ на выдумкі хітры

Сваіх домарослых «кулібіных» хапала ва ўсе часы. Хітрыкі выдумляюць як малыя дзеці, так і людзі ва ўзросце.

У шматпавярховых дамах даволі часта сустракаюцца ліфты з рухомай падлогай. Яны разлічаны на мінімальную вагу грузу ў пятнаццаць кілаграмаў. Зроблена гэта для таго, каб у кабіне не ездзілі самастойна малыя дзеці. Адзін хлопчык, які вельмі любіў катацца на ліфце ў адзіночку, закатваў з сабой у кабіну камень, каб хапала вагі.

Хітрыя камбінацыі выдумлялі і асобы без пэўнага месца жыхарства. Яны ўпадабалі ліфт у якасці бясплатнага прытулку над галавой. Бадзягі заходзілі ў ліфт позна ўначы, даязджалі да сярэдзіны, націскалі кнопку «Стоп» і спакойна ўкладваліся спаць. Прыходзяць раніцай людзі, якім трэба ехаць на працу. А ліфт не выклікаецца! Даводзілася чакаць аварыйную, марнаваць бензін, час... «Выкурыць» бамжоў таксама цяжкавата: пакуль не прыпужнеш — бадзягі не хочуць пакідаць імправізаванае прыстанішча...

Механікі прыгадваюць, як у пачатку 1990-х гадоў у ліфце гасцініцы «Зорка» аднойчы захраслі дзесяць кітайцаў. І кожны з іх меў вялікую сумку. Як яны ўсе там змясціліся, так і засталося загадкай...

Як стаць электрамеханікам?

Пачаць працаваць на ліфтах адначасова і проста, і не зусім. Любы чалавек пры жаданні можа навучыцца абслугоўванню пад'ёмных машын нават тады, калі ён раней нават не меў ніякага дачынення ні да электрычнасці, ні да тэхнікі. Медыцынскія патрабаванні, аднак, крыху жорсткія. Само сабой, рукі і ногі павінны быць цалкам здаровымі. Пажадана мець добры зрок і, вядома ж, слых. А вось «па сэрцы» цяпер могуць і забракаваць. Справа ў тым, што ў апошнія гады акцэнты сталічных горадабудаўнікоў змясціліся на ўзвядзенне гмахаў вышынёй у 16—25 паверхаў. І калі чалавек захрасне ў такім ліфце падчас масавага адключэння электраэнергіі па раёне, механіку давядзецца не адзін раз падымацца ў машынныя аддзяленні амаль на самы верх гмахаў.

«Ліфт давай!..»

Электрамеханікаў можна выдатна навучыць працы на тэхніцы. Аднак ніхто не вучыць іх асаблівасцям дыпламатычных перамоў і навыкам псіхолага. Ніхто не ведае, як можа зрэагаваць захраслы чалавек. Адзін рызыкуе проста моцна спалохацца. У другога можа пачацца прыступ боязі замкнёнай прасторы. Трэці пачне буяніць. А чацвёрты будзе спакойна чакаць механіка...

— Рабіў я планавы тэхнічны агляд ліфта. Павесіў перад тым таблічку: «Ліфт на рамонце». Тут раптам чую моцны ўдар у дзверы, — успамінае Іван Варажун. — Я крычу: «Ліфт на рамонце!» Сярод плыні нецэнзурнай лаянкі ледзьве разабраў: «Ты мне ліфт давай!» «Праз паўтары гадзіны пойдзе!» — адказваю. П'яны ўдарыў нагой у дзверы — тыя пагнуліся. Іду да яго, а ён мяне пабачыў і аднекуль выхапіў манціроўку. Я хуценька пабег наверх, у машыннае аддзяленне, і па сувязі прасіў дыспетчара выклікаць міліцыю. Праз колькі часу прыехаў экіпаж. Кватэру, дзе жыве злачынца, вылічылі хутка. Зайшлі ў жытло, а буян ляжыць п'яны ў сапраўдным вэрхале. Растаўхалі яго. Я пытаюся: «Ты чаго за мной ганяўся з манціроўкай?» «Ну, прабачце, не забіў жа...» Я на ліфтах працую з 1978 года. Пабачыў шмат непрыкрытага цынізму. Але гэты выпадак скалануў да глыбіні душы...

Падманлівы фальклор

Невядома чаму, але ў гарадскім фальклоры дагэтуль захаваліся байкі пра тое, як ліфт можа забіць чалавека. Маўляў, а што будзе, калі раптам тросы абарвуцца? Ёсць людзі, якія ў гэта вераць і таму вельмі баяцца ездзіць у пад'ёмніках. Аднак спецыялісты запэўніваюць: тросы, якія і прыводзяць у рух кабіну, маюць дванаццацікратны запас трываласці. Верагоднасць таго, што яны абарвуцца ўсе разам, меншая, чым падзенне метэарыту. Да таго ж калі хуткасць кабіны ўзрасце больш чым на 15%, спрацуюць лоўнікі. Іх надзейнасць яшчэ паўтара стагоддзя таму даказаў на сабе іх вынаходнік Оціс, стаўшы пад кабінай і загадаўшы абсячы адначасова ўсе тросы. Не можа праваліцца і падлога кабіны, бо яна праектуецца так, каб вытрымаць дзясяткі тон грузу. Так што карыстайцеся ліфтамі спакойна. І шануйце іх, як і спецыялістаў, якія абслугоўваюць пад'ёмнікі. Ад якасці працы гэтых незаўважных людзей вельмі залежыць якасць камфортнага пражывання ў вялікім горадзе...

Валяр'ян ШКЛЕННІК.
Фота Надзеі БУЖАН

 

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».