Вы тут

Інтэрнэт-шопінг: чакаць будзем менш?


Летась праз Мінскую рэгіянальную мытню прайшло больш за 3 мільёны міжнародных паштовых адпраўленняў, а за няпоўны сёлетні год — ужо звыш 6 мільёнаў. Такое павелічэнне звязана ў тым ліку і з ростам папулярнасці пакупак па інтэрнэце. Верагодна, праз некаторы час у Беларусі з'явяцца дадатковыя пункты міжнароднага паштовага абмену.

— Мы ўпэўнены, што паток паштовых адпраўленняў будзе расці і далей, — адзначыў падчас прэс-канферэнцыі начальнік Мінскай рэгіянальнай мытні Юрый Сянько. — У сувязі з гэтым цяпер у некаторыя дні мы працуем да 21.00. Таксама не спыняецца работа па суботах і нядзелях. У перспектыве — пераход да кругласутачнага рэжыму працы. Яшчэ ў будучым мы плануем адкрыць як мінімум два дадатковыя пункты міжнароднага паштовага абмену, калі на гэта будзе тэхнічная магчымасць як у мытні, так і ў пошты.

1383710606229_6-34

Прапускная здольнасць Мінскай рэгіянальнай мытні зараз — ад 10 да 12 тысяч міжнародных паштовых адпраўленняў у суткі. Прычым сталіца атрымлівае больш за палову з іх. Наступныя ў спісе па колькасці атрыманых адпраўленняў — Брэсцкая, Віцебская і Гомельская вобласці.

Як вядома, для нашых грамадзян агульны кошт тавараў, што на працягу месяца адзін чалавек мае права замаўляць для асабістага карыстання, складае 120 еўра. Калі сума большая, налічваецца мытная пошліна. Яе памер можна вызначыць наступным чынам: ад агульнай сумы адымаюцца «дазволеныя» 120 еўра, а 30 працэнтаў ад рэшты і ёсць памер мытнай пошліны. Акрамя таго, неабходна будзе заплаціць збор за мытнае афармленне памерам у 5 еўра. Калі ваша пасылка мае вялікі аб'ём, трэба быць гатовым заплаціць дадатковую пошліну, якая складае 4 еўра за кожны кілаграм.

Але не ўсе адпраўленні без прыгод даходзяць да адрасата, бо часам тавары за мяжой набываюцца зусім не для асабістага карыстання, а для вядзення камерцыйнай дзейнасці. Як расказаў Юрый Сянько, некаторыя асобы за гэты год паспелі зрабіць каля 130 закупак у замежных інтэрнэт-крамах. Здаралася, яны яшчэ не паспявалі атрымаць пасылку, а ўжо выстаўлялі тавар на продаж на іншым сайце, беларускім.

Вядома, для паскарэння працэсу атрымання замоўленага тавару недастаткова толькі хуткай працы мытні. Першы намеснік генеральнага дырэктара рэспубліканскага ўнітарнага прадпрыемства «Белпошта» Алена Скрыпчык нагадала, што тэрмін залежыць і ад наяўнасці дакладнай інфармацыі пра атрымальніка. Калі фарміруеце замову, абавязкова ўказваеце імя, прозвішча і імя па бацьку, поўны адрас і паштовы індэкс. Варта памятаць і аб правільна запоўненай мытнай дэкларацыі: гэта павінна быць не проста агульнае апісанне змесціва (падарунак, адзенне і інш.), а падрабязны вопіс з рэальнымі цэнамі кожнай рэчы. Максімальная дазволеная вага міжнароднага паштовага адпраўлення, што дасылаецца ў Беларусь, — да 30 кілаграмаў.

Ганна ГАРУСТОВІЧ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».