Вы тут

Горад маладога Танка


З вялiкай цiкавасцю прыняў запрашэнне на адкрыццё выставы «Максiм Танк. Гартаючы жыцця свайго старонкi...» у Вiльнюсе, у Доме-музеi сям'i Венцлавых. Максiм Танк даўно вабiць мяне як беларускi i вельмi самабытны творца. Як лiтовец, не магу застацца абыякавым, калi чытаю яго радкi пра Лiтву, пра мой родны Вiльнюс. Яны поўныя пяшчотных, цёплых пачуццяў, хоць яго жыццё ў акупаванай палякамi Вiльнi не было лёгкiм. Але малады таленавiты хлопец здолеў ствараць i надгаладзь, i пры назойлiвым палiцэйскiм наглядзе, i апынуўшыся за кратамi Лукiшскай турмы...

1383710613318_6-5

Пiсаць пра Танка лёгка. У лiтоўскай прэсе я ўжо апублiкаваў каля дзесяцi артыкулаў пра гэтага вялiкага чалавека i паэта, але далёка не вычарпаў тэму. Такое ўражанне, што толькi крышку чарпануў з глыбокага калодзежа яго творчасцi. Вось чаму з хваляваннем iшоў у Дом-музей сям'i Венцлавых. Спадзяваўся ўбачыць i даведацца штосьцi новае пра Максiма Танка, таму што выставу ў Вiльнюс прывёз Дзяржаўны музей гiсторыi беларускай лiтаратуры пры садзейнiчаннi Пасольства Беларусi ў Лiтве. I не памылiўся.

«Для гэтай выставы мы выбралi Дом Венцлавых не проста так, — сказала на адкрыццi дырэктар Дома-музея сям'i Венцлавых Лайма Жукаўскайтэ. — Тут доўга жыў вядомы лiтоўскi паэт Антанас Венцлава, якi блiзка сябраваў з Максiмам Танкам. Яны ў гэтым доме сустракалiся. Антанас Венцлава перавёў на лiтоўскую мову шмат вершаў свайго сябра. Яго пераклады ёсць i ў двух вялiкiх зборнiках паэзii Танка, выдадзеных у Вiльнюсе на лiтоўскай мове, — «След маланкi» (1961) i «Глыток вады» (1986)».

Вядомая грамадская дзяячка Лiтвы, мастачка Гражына Дрэмайтэ ўспомнiла сваё юнацтва, калi ў дом яе бацькi, мастака Уладаса Дрэмы, прыходзiў яшчэ малады Максiм Танк, лiтоўскiя паэты Ёнас Кекштас, Албiнас Жукаўскас, Она Мiцютэ i iншыя. Яны гаварылi пра паэзiю, спрачалiся пра будучыню, дапамагалi адно аднаму. Усе гэтыя лiтоўскiя паэты перакладалi вершы Танка, а ён — iхнiя.

Шмат цiкавага распавялi i пасол Беларусi ў Лiтве Уладзiмiр Дражын, i дырэктар Дзяржаўнага музея гiсторыi беларускай лiтаратуры Лiдзiя Макарэвiч, i беларускi пiсьменнiк Анатоль Бутэвiч.

Ды i сама выстава «Максiм Танк. Гартаючы жыцця свайго старонкi...» зноў i зноў вяртае вялiкага беларуса гораду яго маладосцi, умацоўвае лiтоўска-беларускiя лiтаратурныя сувязi...

Вiтаўтас ЖЭЙМАНТАС,
уласны карэспандэнт «Звязды» ў Лiтве.
г. Вiльнюс

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?