Вы тут

Правілы паркоўкі


Найлепшы спосаб барацьбы з хамствам — штраф

Дарожныя знакі, усталяваныя ў інтарэсах людзей з абмежаванымі фізічнымі магчымасцямі, не толькі пастаянна, у масавым парадку ігнаруюцца кіроўцамі, але і... знікаюць. І гэтыя праблемы, па вялікім рахунку, хвалююць толькі саміх інвалідаў. У чым, на жаль, зноў пераканаўся наш карэспандэнт, правёўшы «маніторынг» шэрагу аўтапарковак у Гродне, дзе ўстаноўлены знакі «Прыпынак забаронены» з шыльдай «Акрамя інвалідаў».

1383710662801_1

Спачатку па нашай просьбе быў праведзены рэйд з супрацоўнікамі Дзяржаўтаінспекцыі. Наведалі паркоўкі каля двух гандлёвых аб'ектаў. Пра першую, каля крамы «Мока» па вуліцы Горкага, наша газета летась расказвала ўжо двойчы. Месца тут шматлюднае (побач з гандлёвым цэнтрам — Грандзіцкі рынак), і чалавеку з абмежаванымі фізічнымі магчымасцямі на гэтай паркоўцы практычна не спыніцца. Хоць і стаіць слуп з адпаведным знакам — што 6 метраў парковачнага асфальту прызначаны толькі для транспартных сродкаў інвалідаў і людзей, якія іх перавозяць. Такая ж сітуацыя і цяпер: зноў пад самым знакам стаяць два аўтамабілі «Фольксваген» і «БМВ» без знака «Інвалід» на заднім шкле (на фота). Хвілін 15 чакаем кіроўцаў, але яны да сваіх «колаў» не падыходзяць. Альбо заняты сваімі справамі, альбо, можа, убачылі, што фатаграфуюць, і паглядаюць збоку, чым гэта скончыцца...

Накіроўваемся да гіпермаркета «Алмі» на праспекце Касманаўтаў. «Час пік», калі людзі атаварваюцца пасля працы, яшчэ не надышоў, вольных парковачных месцаў хоць адбаўляй. Але... Аднаму з кіроўцаў захацелася паставіць машыну менавіта каля самага ўваходу ў краму (фота на стар. 2 «МС».), літаральна ў метры ад вышэйзгаданага знака. А вось і гаспадар. Садзіцца за руль, аднак інспектар ДАІ ад'ехаць не дазваляе. Складаецца пратакол. Мужчына не спрачаецца і, як здалося, без аніякіх перажыванняў, нават з усмешкай на твары плаціць штраф (на сённяшні дзень гэтае парушэнне караецца санкцыяй у памеры 2 базавых велічынь). Яшчэ пашанцавала, што не прыйшлося раскашэліцца за паслугі эвакуатара і штрафстаянкі. Хаця, магчыма, для яго кашалька і гэта не праблема. А ці зробіць высновы — невядома.

Пакуль складаецца пратакол, на пляцоўцы паркуецца яшчэ адзін аўтамабіль. Супрацоўнік ДАІ пытае, ці ёсць у кіроўцы такое права. Няма. Аднак маладая жанчына лічыць нармальным тут спыніцца, бо, маўляў, з ёю дзіця і ёй хочацца стаць бліжэй да крамы. Хаця, паўторымся, літаральна ў некалькіх дзясятках метраў мноства вольных месцаў. У гэтым выпадку абыходзіцца без штрафу — папярэджваюць, каб больш не парушала.

Пад'язджаем да іншага ўваходу ў гэты гіпермаркет, дзе таксама хапае месца, каб прыпаркаваць аўто. Але, тым не менш, бачым два аўтамабілі на паркоўцы для інвалідаў. Адзін з кіроўцаў тут на законных падставах: ён паказвае пасведчанне інваліда і дзякуе супрацоўніку ДАІ за ўвагу да «парковачнага» пытання людзей з абмежаванымі фізічнымі магчымасцямі. А што тут робіць другі кіроўца? Дзякуючы тэхнічным магчымасцям ДАІ вызначыць яго асобу і нумар мабільнага тэлефона не аказалася праблемай. Уладальніку паведамілі: калі ён праз хвіліну не падыдзе да свайго легкавіка, транспартны сродак будзе эвакуяваны на штрафстаянку. Кіроўца паспеў вярнуцца нават хутчэй, пасля чаго страціў па пратаколе 260 тысяч рублёў. Чаму тут спыніўся? Ды знак не заўважыў... Такія адгаворкі ўжо норма.

Паводле інфармацыі Гродзенскай дзяржаўтаінспекцыі, з 28 жніўня па 31 кастрычніка ў абласным цэнтры за парушэнні правілаў паркоўкі аштрафавана 79 чалавек. Пры гэтым каля 50 кіроўцаў — на паркоўках у месцах, прызначаных для людзей з абмежаванымі фізічнымі магчымасцямі. Добра, што хамства не застаецца беспакараным. Аднак рэальная колькасць парушальнікаў значна большая. У чым на наступны дзень пасля рэйду з ДАІ мы пераканаліся разам са старшынёй Гродзенскай абласной арганізацыі Беларускага таварыства інвалідаў Васілём ЛУКАШЭВІЧАМ.

— Мы ўжо неаднаразова такія рэйды з ДАІ праводзілі. Выяўляліся і штрафаваліся парушальнікі. Аднак пасля акцыі ўсё застаецца па-ранейшаму. Разумею, што ў ДАІ шмат і іншых задач... Аднак едзе нарад, бачыць парушэнне на паркоўцы для інвалідаў — здыміце яго хоць бы на відэакамеру і разбярыцеся з парушальнікам. Тыдзень-два мэтанакіравана эвакуатарам папрацуйце па гэтым пытанні, каб увесь горад «гудзеў». Раз, другі, трэці... Каб было, як у суседняй Польшчы, дзе рэдка які кіроўца парушыць правілы парковак для інвалідаў. Дарэчы, акрамя знака, паркоўкі там абазначаюцца адпаведным лагатыпам на асфальце. Заедзеш туды — мала не здасца, — зазначае Васіль Лукашэвіч.

Знаёмімся з некаторымі праблемнымі для інвалідаў аб'ектамі. Цэнтральны рынак. Паркоўка для інвалідаў занятая звычайнымі аўто, толькі адна машына з адпаведным знакам на заднім шкле. Во як пашчасціла чалавеку! Бо практычна заўсёды, кажа Васіль Лукашэвіч, інвалідам там не спыніцца. Па той прычыне, што побач са знакам размешчаны нейкія прычэпы, будкі з таварам. Вось і займаюцца паркоўкі для інвалідаў іншымі кіроўцамі. Дарэчы, непадалёк бачым і супрацоўніка ДАІ...

Праязджаем каля вышэйзгаданай крамы «Мока». Зноў, як і ўчора, шасціметровы ўчастак асфальту для інвалідаў заняты «пабочнымі» машынамі, адзін «джып» нават стаў пярэднімі коламі на газон. Дарэчы, нават калі інваліду і ўсміхнецца ўдача трапіць на вольнае месца, то далей — праблемы. Прыпаркаваў машыну, выйшаў, а там — бардзюр. Калі чалавек можа рухацца самастойна, з дапамогай мыліц, то ён яшчэ зможа гэты бардзюр пераадолець. А што рабіць інваліду-калясачніку? Прасіць людзей, каб дапамаглі? А далей... Пад'ехаў на калясцы да ўваходу ў краму, а там... прыступак шмат, а пандуса няма.

— Гэтыя пытанні ўжо ставіліся перад кіраўніцтвам гандлёвага прадпрыемства, нам гарантавалі, што зробяць належныя ўмовы для інвалідаў. А забаранілі б яму гандляваць — за тыдзень усё выправілі б, — лічыць Васіль Лукашэвіч.

Некаторыя гандлёвыя структуры ўвогуле не абцяжарваюць сябе будаўніцтвам парковак для кліентаў з абмежаванымі фізічнымі магчымасцямі або робяць іх далёка ад уваходу. Пад'язджаем, напрыклад, да гіпермаркета «Еўраопт» каля заапарка. Ён адкрыўся нядаўна, калі патрабаванні па стварэнні безбар'ернага асяроддзя, у адрозненне ад ранейшых часоў, павінны былі ўжо стаць нормай. А што бачым? Паркоўка для інвалідаў з адпаведным знакам каля ўваходу ў краму адсутнічае і сёння, хоць і звяртаўся па гэтым пытанні Васіль Лукашэвіч да кіраўніцтва гандлёвага прадпрыемства.

Зрэшты, гандлёвыя патрэбы пры ўсёй іх надзённасці ўсё ж, пэўна, саступаюць па важнасці медыцынскаму абслугоўванню. Накіроўваемся да 5-й паліклінікі, дзе на паркоўцы адпаведны знак гарантуе наяўнасць 9 метраў для інвалідаў. А на справе? Месцы для людзей з абмежаванымі фізічнымі магчымасцямі працягваюць займаць усе, каму толькі хочацца. Прыехаў інвалід — спыніцца няма дзе. І гэта ўжо не выпадак — сістэма. Аналагічную сітуацыю бачым і каля стаматалагічнай паліклінікі на вуліцы Горкага.

Больш за тое, знакі, устаноўленыя ў інтарэсах інвалідаў, пачалі... знікаць. Як гэта здарылася на паркоўках каля ўваходу ў паліклініку абласной клінічнай бальніцы і на плошчы каля гарвыканкама.

...Адзін з кіроўцаў на пытанне, чаму заняў парковачнае месца для інваліда, адказаў: «А дзе ж тыя інваліды?» Да ведама: у Гродне на сённяшні дзень іх больш за 14 тысяч, прычым колькасць людзей з абмежаванымі фізічнымі магчымасцямі працягвае павялічвацца. Некаторыя самі за рулём, іншых перавозяць сваякі і знаёмыя. І кожны з іх мае права не на нейкія прывілеі, а на натуральныя для цывілізаванага грамадства роўныя магчымасці з іншымі людзьмі. І пра гэта павінен думаць кожны, бо ўсе мы пад Богам ходзім...

Барыс ПРАКОПЧЫК

Выбар рэдакцыі

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Вольга Здзярская: Для мяне мая прафесія — жыццё

Вольга Здзярская: Для мяне мая прафесія — жыццё

Актрыса НАДТ імя М. Горкага — пра шлях да сцэны і натхненне.

Грамадства

«Любоў — галоўнае, што бацькі павінны даць сваім дзецям»

«Любоў — галоўнае, што бацькі павінны даць сваім дзецям»

Тата і мама — два самыя важныя чалавекі ў жыцці кожнага дзіцяці.