Вы тут

Наталля Клімовіч: «Людзі ўпэўнены: дэпутат павінен ім дапамагаць»


У дэпутата парламента ёсць дзве асноўныя сферы дзейнасці: працаваць над новымі законамі і ў акрузе. Пасля вывучэння і абмеркавання праектаў законаў у парламенцкіх камісіях ды Авальнай зале дэпутаты едуць у сваю акругу, дзе сустракаюцца з калектывамі, вядуць прыём грамадзян і вырашаюць праблемы канкрэтных людзей. Але як можна вырашаць праблемы акругі, калі не валодаеш матэрыяльнымі сродкамі, не распараджаешся чалавечымі рэсурсамі? Пра гэта мы распыталі намесніка старшыні Пастаяннай камісіі Палаты прадстаўнікоў па пытаннях экалогіі, прыродакарыстання і чарнобыльскай катастрофы Наталлю КЛІМОВІЧ, дэпутата ад Чкалаўскай выбарчай акругі № 96 (г. Мінск).

1383710691643_6-21

— Якія паўнамоцтвы мае дэпутат у акрузе?

— Статус дэпутата Палаты прадстаўнікоў дастаткова высокі і дазваляе па любым пытанні сваіх выбаршчыкаў наўпрост звярнуцца да любога чыноўніка. Праблемы маёй акругі мне вядомыя вельмі добра, бо сама з'яўляюся яе жыхаром, была дэпутатам гарсавета ў 25-м і 26-м скліканнях. Акрамя таго, як кіраўнік лячэбнай установы, заўсёды мела магчымасць увайсці ў кабінет да кіраўніка любой службы ці раёна, каб вырашыць нейкае праблемнае пытанне.

Якія бываюць праблемы? Падчас апошняга прыёму да мяне прыйшлі жыльцы аднаго дома ў прыватным сектары, які падлягае зносу. Восем чалавек — чатыры сям'і. Па цяперашнім заканадаўстве нарматыў агульнай плошчы жылога памяшкання, якое будуецца, роўны 15 кв.м на аднаго члена сям'і. Ім прапануюць адну трохпакаёвую кватэру плошчай 136 кв.м на ўсіх. Безумоўна, яны не згодны... На папярэдняй сваёй працы я з падобнымі пытаннямі не сутыкалася, таму спачатку мне трэба атрымаць кваліфікаваную кансультацыю спецыялістаў.

Аднойчы прыйшла жанчына, якая расказала, што яе сын, які жыве ў іншым раёне, пасля скарачэння ўжо год без працы. Маўляў, дапамажыце працаўладкаваць. Тут таксама не скажаш, што гэта не ўваходзіць у маю кампетэнцыю, бо людзі ўпэўнены, што дэпутат павінен ім дапамагаць.

— Ці азначае гэта, што людзі разумеюць вашы паўнамоцтвы памылкова?

— Яны ідуць да мяне ў першую чаргу па паразуменне. З просьбамі, якія не заўсёды выкажаш чыноўніку, альбо калі зварот да чыноўнікаў не прынёс плёну. Напрыклад, просяць усталяваць парэнчы на лесвічным пралёце, прыбраць пад вокнамі стаянку аўтамабіляў або спартыўную пляцоўку, пачаць будаўніцтва ЖБК, якое было сфарміравана яшчэ ў 2011 годзе. Некага хвалюе чысціня пітной вады і прадуктаў харчавання. Нядаўна ўдалося ліквідаваць сталярную майстэрню ЖЭСа ў пад'ездзе жылога доме. Кола пытанняў вельмі шырокае.

— Чым гэта кола павінна быць абмежавана ў ідэале?

— Напэўна, пытаннямі, якія варта было б унесці ў заканадаўчыя праекты і якія могуць падштурхнуць да заканадаўчай ініцыятывы... Але хачу падкрэсліць, што дэпутат любога ўзроўню павінен ведаць, што хвалюе яго выбаршчыкаў, якія недахопы ёсць у акрузе і якімі дасягненнямі рэгіён можа ганарыцца.

— Вы нікому не адмаўляеце?

— Не маю маральнага права сказаць чалавеку, што ён памыліўся, прыйшоўшы да мяне. Той жа жанчыне, сын якой страціў працу, нельга адмовіць. У размове з ёй я зразумела, што сын яе сам актыўна не займаецца пошукам працы, нават не ведае, што яго маці пайшла па дапамогу. Безумоўна, буду займацца і гэтым пытаннем таксама, але ж трэба, каб і сын жанчыны сам хацеў выправіць сітуацыю.

— Скажыце, а тое, што чатыром сем'ям, дом якіх зносяць, прапануюць адну кватэру, няхай і вялікую па плошчы, не з'яўляецца нагодай задумацца пра хібы ў жыллёвым заканадаўстве?

— Сапраўды, хочацца пагадзіцца. Але я пакуль не гатова адказаць на ваша пытанне адназначна, бо не да канца вывучыла праблему. Згодна, што цяжка пасяліць у адну кватэру трох непаўналетніх дзяцей з трох розных сем'яў і 80-гадовага чалавека з захворваннем апорна-рухальнага апарату. Буду працаваць над гэтым пытаннем.

— У мяне складваецца ўражанне, што вы самі — дэпутат Палаты прадстаўнікоў — ходзіце па кабінетах чыноўнікаў, як просты чалавек. Адна толькі розніца, што вы маеце асабістыя кантакты з тымі, хто ў гэтых кабінетах сядзіць.

— Не зусім так. Вывучыўшы гэтую праблему на месцы, адначасова вывучаю і нарматыўную базу, і правапрымяняльную практыку. Так, на першым этапе дзеянні любога дэпутата Парламента мала адрозніваюцца ад дзеянняў выбаршчыкаў, але на наступным парламентарыі ўжо павінны абараняць іх інтарэсы ў найвышэйшым заканадаўчым органе краіны, працуючы над законапраектамі. Чатыром сем'ям карыстацца адной кухняй, нават калі яна 30 кв.м — не вырашэнне жыллёвай праблемы. У адрозненне ад чыноўнікаў, я абараняю інтарэсы людзей, а не нейкага ведамства. Менавіта таму мяне і выбіралі людзі, а не прызначалі начальнікі.

— Наколькі часта вы сутыкаецеся са спажывецкімі настроямі пры прыёме грамадзян?

— На жаль, вельмі часта. Мяне здзіўляе, калі людзі, напрыклад, лічаць, што догляд іх уласнага двара і пад'езда — абавязак толькі ЖЭСаў. Супрацоўнікі ЖЭСаў не паспяваюць зафарбоўваць малюнкі на сценах пад'ездаў і ліфтаў, збіраць рэкламныя лістоўкі на падлозе ля паштовых скрынь... Але хто малюе гэтыя графіці? Хто кідае паперкі? Людзі ідуць да дэпутата з просьбай навесці парадак у пад'ездзе, у той час як самі могуць гэта зрабіць.

— Раскажыце пра спецыфіку вашай выбарчай акругі.

— У Чкалаўскай выбарчай акрузе №96 няма буйных прамысловых прадпрыемстваў, але знаходзіцца 10 сярэдніх школ і дзве ВНУ — Універсітэт культуры і Акадэмія кіравання. Адна з вострых праблем — сітуацыя са спартыўнымі збудаваннямі. У акрузе ёсць цудоўная спартыўная пляцоўка для міні-футбола са штучным пакрыццём. Яна знаходзіцца побач з жылым домам, і адзін з жыхароў гэтага дома неаднаразова звяртаўся са скаргамі ў розныя інстанцыі накшталт таго, што яму вельмі перашкаджаюць крыкі дзяцей падчас гульні. Давялося шукаць кампраміс, і цяпер дзеці пасля 21 гадзіны на гэты стадыён не прыходзяць, але ж удзень маюць магчымасць займацца спортам.

Акруга вельмі неаднародная. Ёсць у ёй мікрараён, дзе пражывае шмат аматараў выпіўкі, непрацуючых. Як і многія дэпутаты, я ўзначальваю Савет грамадскага пункта аховы правапарадку, у які ўваходзяць таксама прадстаўнікі ўсіх школ раёна. Мяне вельмі турбуе тое, што апошнім часам павялічылася колькасць наркаманаў і таксікаманаў сярод моладзі. Гэтая праблема выходзіць на першы план, і трэба прымаць неадкладныя захады на дзяржаўным узроўні для яе вырашэння.

Цяпер абмяркоўваецца магчымасць увядзення абследавання навучэнцаў на прадмет спажывання наркатычных рэчываў пры згодзе бацькоў і ўдакладненні многіх абставін. Бо мы разумеем, што нават выхаванне дзіцяці ў добрай сям'і не выключае для яго магчымасці трапіць у наркатычную пастку. На адной з гарадскіх нарад намеснік начальніка раённага ўпраўлення ўнутраных спраў паведаміў, што мае факты пра тое, што ў кожнай навучальнай установе Мінска сёння ёсць вучні, якія распаўсюджваюць наркотыкі. Гэта вызывае сур'ёзную занепакоенасць за лёс нашай моладзі.

Сёння ў Палаце прадстаўнікоў ідзе праца над вельмі сур'ёзным дакументам, які датычыцца ўзмацнення крымінальнага заканадаўства. Дэпутаты выказваюць вельмі слушныя заўвагі. Напрыклад, Зінаіда Міхайлаўна Мандроўская лічыць неабходным узмацніць крымінальную адказнасць асоб, якія распаўсюджваюць наркотыкі ў навучальных установах, трымаюць наркапрытоны.

— Наколькі ў вырашэнні праблем акругі вам дапамагае мясцовая выканаўчая ўлада?

— Безумоўна, без дапамогі выканаўчай улады ніводны дэпутат не зможа працаваць плённа і вырашаць усе праблемы сваіх выбаршчыкаў. Мне вельмі прыемна, што мяне разумеюць у адміністрацыі Кастрычніцкага раёна сталіцы. Дзякуючы гэтаму мы вырашаем большасць пытанняў, з якімі звяртаюцца грамадзяне. Напрыклад, са мной згадзіліся ў адміністрацыі наконт таго, што сталярнай майстэрні не месца ў пад'ездзе жылога дома. Ёсць у маёй акрузе дамы, дзе ліфт усталяваны не на першым паверсе, а паміж першым і другім, а лесвічны марш паміж ліфтам і ўваходнымі дзвярыма ў пад'езд чамусьці не мае парэнчаў. Пасля майго звароту камунальшчыкі гэта зразумелі і выправілі сітуацыю ў адным з дамоў. Спадзяюся, што такая сітуацыя будзе выпраўлена і ў астатніх дамах.

Калі яшчэ была дэпутатам гарадскога Савета дэпутатаў, узначальвала Камітэт тэрытарыяльнага грамадскага самакіравання. Нам удалося наладзіць вельмі добрае супрацоўніцтва з камунальнымі службамі. Аднак лічу, што эфектыўна працаваць калегіяльныя органы тэрытарыяльнага грамадскага самакіравання могуць толькі тады, калі іх узначальвае чалавек, які можа зайсці ў любыя дзверы чыноўнікаў.

Спадзяюся, што мой зварот у Глабальны экалагічны фонд, які спансіруе асобныя экалагічныя мерапрыемствы, дапаможа раёну вырашыць пытанне, якое датычыцца стану вадаёма ў раёне Белай дачы ў мікрараёне Курасоўшчына. Адміністрацыя раёна гатова прыняць удзел у суфінансаванні.

Вольга МЯДЗВЕДЗЕВА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Якасць павінна стаць крэда нашага жыцця

Якасць павінна стаць крэда нашага жыцця

«Якасць беларускай прадукцыі стала брэндам».

Сельская гаспадарка

Тэхналогіі насуперак анамаліям надвор’я

Тэхналогіі насуперак анамаліям надвор’я

Вучоны — аб будучай пасяўной кампаніі.

Грамадства

Галасаванне: зручна і без эксцэсаў

Галасаванне: зручна і без эксцэсаў

Бюлетэні па выбарах Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ужо гатовы. 

Палітыка

 «Якасць павінна стаць  рухавіком усіх працэсаў»

«Якасць павінна стаць рухавіком усіх працэсаў»

Зрабіўшы якасць неад’емнай часткай іміджу Беларусі як краіны, займацца ёй неабходна пастаянна і ва ўсіх напрамках.