Вы тут

Стаўка на выпуск інавацыйнай прадукцыі


ААТ «Прамсувязь» — вядучы беларускі распрацоўшчык і вытворца абсталявання электрасувязі — упэўнена адчувае сябе ў рынкавых умовах

1384232099391_1

Такі ў завода характар

Слова намесніку дырэктара Аляксандру Зюськіну:

— У кожнага прадпрыемства свой лёс і свой характар, свой стыль вядзення спраў і свае падыходы да вырашэння складаных пытанняў, свой дзелавы імідж у краіне і за мяжой. Для мінскага ААТ «Прамсувязь» уласцівыя высокая вытворчая мабільнасць, уменне арыентавацца на рынку, своечасова адчуць яго кан'юнктуру.

Хочацца адзначыць вялікі парог надзейнасці нашага прадпрыемства, здольнасць яго калектыву супрацьстаяць новым выклікам і праблемам. Нават у неспрыяльных умовах 90-х гадоў мінулага стагоддзя заводу ўдалося выжыць, захаваць свой персанал, не размяняць сябе на дробязі — скажам, перавесці вытворчасць на выпуск нейкіх часова запатрабаваных спажывецкіх тавараў. А выжываць тады было вельмі не проста. Вось такі факт. Раней у СССР заводаў, як наш «Прамсувязь», было амаль дваццаць, а пасля развалу Саюза засталіся тры. Адзін з іх — у Мінску. Наш завод апынуўся ў прынцыпова новых умовах гаспадарання. У савецкія часы прадпрыемства не займалася распрацоўкай вырабаў. Нам паступала ўжо гатовая дакументацыя і адпаведны план-заданне на іх выпуск. Пад яго мы атрымлівалі ў неабходных аб'ёмах сыравіну. У кіраўніцтва завода галава не балела, куды прадаць прадукцыю: яе за нас цэнтралізавана размяркоўвалі. Рынак збыту быў гарантаваны на 100 працэнтаў. Такія былі ўмовы работы пры жорсткай планавай эканоміцы. У 1990-х усё стала інакш.

1384232102136_2

Нехта можа сказаць, што ААТ «Прамсувязь» моцна пашанцавала: яно — адзінае ў Беларусі такое прадпрыемства ў галіне сувязі, у якога няма (ці мала) канкурэнтаў. У завода пастаянныя і плацежаздольныя спажыўцы: РУП «Белтэлекам» і РУП «Белпошта». На гэты конт хочацца сказаць наступнае. Па-першае, каб мець такіх надзейных спажыўцоў, трэба вырабляць высокатэхналагічную і якасную прадукцыю. Па-другое, сёння ўжо нямала канкурэнтаў дыхаюць нам у спіну. Сярод іх шмат прыватных невялікіх, але настойлівых і прабіўных, я сказаў бы, агрэсіўных прадпрыемстваў, якія завозяць у нашу краіну танную кітайскую прадукцыю. Таму нам застаецца супрацьпастаўляць ім больш высокую якасць нашых вырабаў па прымальнай цане.

Сапраўды, цесныя сувязі ў нас склаліся з «Белтэлекам». Гэтае партнёрства праверана дзесяцігоддзямі. Мы разам (вядома, кожны ў межах сваёй кампетэнцыі і сваіх магчымасцяў) працуем над выпускам новага абсталявання. Мы ўлічваем усе заўвагі і пажаданні партнёраў, імкнёмся іх хутка рэалізаваць, ліквідаваць тэхнічныя недаробкі. Абавязкова запрашаем прадстаўнікоў «Белтэлекама» на прэзентацыю кожнага нашага новага вырабу для патрэб сувязі. «Белтэлекам» для нас больш чым звычайны спажывец. Мы адчуваем агульную адказнасць за стан работы сувязі ў краіне. Для «Белпошты» (таксама нашага надзейнага партнёра) распрацаваны шэраг вырабаў: ад механізмаў малой механізацыі да тэрміналаў уводу ПІН-КОДА для безнаяўных разлікаў з дапамогай банкаўскіх картак, плацежа-даведачнага тэрмінала для прадастаўлення даведачнай інфармацыі і прыёму плацяжоў наяўнымі грашыма ці магнітнымі карткамі.

Хочацца адзначыць, што паступова расце кола нашых спажыўцоў. Адносна нядаўна ў яго ўвайшлі будаўнічыя арганізацыі, якія набываюць валаконна-аптычнае абсталяванне для шматпавярховых жылых і адміністрацыйных будынкаў. Каб быць на ўзроўні патрабаванняў часу, мы ўважліва сочым за навінкамі ў нашай галіне. З гэтай нагоды «Прамсувязь» рэгулярна ўдзельнічае ў спецыялізаваных міжнародных выставах. Гэта дае магчымасць убачыць на свае вочы прадукцыю канкурэнтаў, ацаніць сябе на фоне іншых вытворцаў, знаходзіць новых спажыўцоў і партнёраў. Таму мы пастаянныя ўдзельнікі і дыпламанты аўтарытэтнай міжнароднай выставы TИБO, якая рэгулярна праходзіць у Мінску. Зараз рыхтуемся да ўдзелу ў спецыялізаванай выставе ў Баку, дзе пакажам нашы новыя вырабы.

1384232105863_3

Дарога без прывалаў

Гісторыя ААТ «Прамсувязь» падобная на гісторыю большасці прадпрыемстваў Беларусі, якія ў даваенныя гады пачыналі свой шлях з невялікіх майстэрняў і арцеляў, а потым развіліся ў сучасныя вытворчасці, здольныя выпускаць прадукцыю на ўзроўні еўрапейскіх патрабаванняў. І гэта пры ўмове, што кваліфікаваных кадраў на першым часе катастрафічна не хапала, ды і менеджмент тагачасных кіраўнікоў быў не на вельмі, скажам так, высокім узроўні.

Калі 13 верасня 1931 года ў Мінску пры Беларускім упраўленні сувязі была адкрыта электрамеханічная майстэрня па рамонце тэлеграфнай апаратуры і тэлефонных камутатараў, то ніхто тады і не мог уявіць сабе, што яе чакае цікавы і зайздросны лёс. «Прамсувязь» пачыналася з невялікай колькасці рабочых, у асноўным слесараў па рамонце тэлеграфнага абсталявання, якімі кіравалі брыгадзіры. Вось, уласна кажучы, і ўвесь персанал. У лютым 1932 года загадчыкам майстэрні прызначылі дваццацігадовага брыгадзіра мантажнай групы будаўніцтва аб'ектаў сувязі Анатоля Александровіча. Яго ўмоўна можна лічыць першым дырэктарам «Прамсувязі». Анатолю Аляксандровічу і яго падначаленым не хапала ведаў і вопыту, але былі вельмі характэрныя для моладзі той эпохі вялікі энтузіязм, жаданне працаваць на карысць радзіме. Яны ўпарта і мэтанакіравана стваралі матэрыяльную базу будучага завода, уносілі змены ў тэхналагічныя працэсы, укаранялі рацыяналізатарскія прапановы, у тым ліку і па паляпшэнні якасці рамонту. І паступова майстэрня (дакладней, яе вытворчы патэнцыял) набывала абрысы невялікага прадпрыемства, ператваралася ў перспектыўны для Беларусі суб'ект гаспадарання.

Паспяховая праца калектыву электрамеханічнай майстэрні была заўважана, і ў маі 1939 года яна была ператворана ў рамонтны завод № 22 па рамонце і выпуску тэхнікі сувязі ў сістэме Наркамата сувязі СССР. А потым была вайна...

1384232108412_4

Бурнае развіццё прамысловасці ў пасляваеннай Беларусі не магло не закрануць завод № 22. Яго вытворчасць набывае моцны імпульс. У 1966 годзе ён ужо Мінскі саюзны завод «Прамсувязь», а ў 1973-м перайменаваны ў Мінскі доследны завод «Прамсувязь».

Здабыткі калектыву атрымліваюць усесаюзнае прызнанне. У 1975—1980 гг. прадпрыемства тройчы ўзнагароджвалася дыпломам ВЦСПС і Дзяржстандарту СССР «За дасягненне найлепшых вынікаў па выпуску прадукцыі з Дзяржаўным знакам якасці». У 1978 годзе завод удзельнічаў у рабоце выставы дасягненняў народнай гаспадаркі СССР, а дакладней, быў прадстаўлены ў экспазіцыі «Вопыт працы перадавых прадпрыемстваў сувязі», быў узнагароджаны Дыпломам першай ступені ВДНГ СССР.

У структуру Міністэрства сувязі і інфарматызацыі ўжо незалежнай Рэспублікі Беларусь Мінскае дзяржаўнае вытворчае аб'яднанне «Прамсувязь» увайшло 1 студзеня 1992 года, з 28 чэрвеня 2001 года яно пераўтворана ў вытворчае рэспубліканскае ўнітарнае прадпрыемства «Прамсувязь».

Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 30 красавіка 2011 года ААТ «Прамсувязь» за дасягненне ў 2010 годзе найлепшых паказчыкаў у выкананні асноўных мэтавых паказчыкаў прагнозу сацыяльна-эканамічнага развіцця сярод прамысловых арганізацый прысвоена першае месца з занясеннем на Рэспубліканскую дошку гонару.

Па выніках за 2011 год «Прамсувязь» атрымаў падзяку ад адміністрацыі Савецкага раёна Мінска за дасягненні ў выпуску інавацыйнай прадукцыі.

Прадпрыемства было ўзнагароджана дыпломам Нацыянальнай выставы Беларусі ў Рызе ў 2012 годзе.

Гэта толькі асноўныя вехі вялікага шляху калектыву за больш 82-гадовы тэрмін яго дзейнасці.

1384232110347_5

Сямейныя дынастыі

Паказальным фактарам эканамічнай стабільнасці прадпрыемства «Прамсувязь», атмасферы добразычлівасці, узаемадапамогі ў калектыве з'яўляецца значная колькасць сямейных дынастый для сярэдняга па памерах прадпрыемства з персаналам каля 300 чалавек. Прычым не тых дынастый, калі бацька прывёў сына ў правераны калектыў з упэўненасцю, што яго дзіця навучаць толькі добраму. Гісторыя завода мае шмат прыкладаў стварэння пад яго дахам сямейных дынастый, так бы мовіць, у поўным аб'ёме. У кнізе, выдадзенай да 80-годдзя «Прамсувязі», змяшчаюцца звесткі пра 19 такіх дынастый. Цікава, што спіс пераважна адлюстроўвае амаль поўны састаў сям'і: маці, бацька, сын ці дачка. Ёсць дынастыі і ў больш шырокім саставе. Напрыклад, летапіс дынастыі Шараметаў уключае ў сябе галаву сям'і Уладзіміра Уладзіміравіча, яго жонку Соф'ю Кірылаўну, дачку Інэсу і сына Аляксандра. У дынастыі Аляксандра Вікенцьевіча Чарнухі, акрамя яго самога, яшчэ жонка Галіна Вікенцьеўна, дочкі Алёна і Галіна. А вось у дынастыі Панамарэнкаў (заснавальніца Валянціна Уладзіміраўна) сыны Леанід і Віктар, а яшчэ і ўнук Іван. Услед за бацькам Віктарам Васільевічам Аладзьевым на завод таксама прыйшлі яго сыны Віктар і Валерый. А вось гэтая дынастыя можа стаць тэмай для вялікага газетнага нарыса: у свой час справу бацькі Іларыёна Антонавіча і маці Ганны Фёдараўны Вальковічаў вырашылі працягваць аж тры сыны: Пётр, Іван і Мікалай.

Што вабіць сюды маладых? Вядома, нармальная зарплата, добрыя ўмовы працы, перспектывы росту, салідны сацыяльны пакет, магчымасць разам праводзіць час, удзельнічаючы ў спартыўных і культурна-масавых мерапрыемствах, экскурсіях. Захавалася традыцыя «навагодніх агеньчыкаў». Нядаўна завадчане наведалі Львоў. Фізічная культура на прадпрыемстве — у пашане. Заводскія каманды ўдзельнічаюць у летніх і зімніх спартакіядах галіновага міністэрства і звычайна не вяртаюцца без узнагарод. Мы ганарымся Ірынай Красікавай, Андрэем Кротам і іншымі нашымі спартсменамі. А дадайце сюды заводскую бібліятэку, фонды якой могуць задаволіць патрабавальныя чытацкія густы. Акрамя гэтага, у выпадку неабходнасці можна завітаць у медпункт прадпрыемства, праверыць крывяны ціск, атрымаць першую дапамогу, параду, да якога спецыяліста лепш потым хутчэй звярнуцца па дакладны дыягназ.

1384232113980_6

Нездарма кажуць, што моцны той калектыў, дзе шануюць ветэранаў і адначасова клапоцяцца аб маладых. І гэта зразумела. Працай ветэранаў стваралася вытворчая аснова, аўтарытэт прадпрыемства ў краіне і за яе межамі. Сёння многія ветэраны на заслужаным адпачынку, але іх не забываюць. У кнізе, прысвечанай 80-годдзю завода, змешчаны фатаграфіі тых, хто на вайне змагаўся з фашыстамі, хто потым аднаўляў і выводзіў вытворчасць на новы ўзровень. У кнізе таксама ёсць спісы тых, хто аддаў заводу больш за 50 гадоў і, адпаведна, ад 40 да 50, ад 30 да 40, ад 20 да 30 гадоў.

У сваю чаргу, маладым спецыялістам надаецца павышаная ўвага: напрыклад, пасля заканчэння навучальнай установы на працягу двух гадоў яны атрымліваюць штомесячныя даплаты. Увогуле сярэдняя зарплата па прадпрыемстве набліжаецца да пяці мільёнаў.

1384232116446_7

Мадэрнізацыя — патрабаванне часу

Слова галоўнаму інжынеру Сяргею Патапенку:

— Як і кожная сур'ёзная справа, працэс мадэрнізацыі ў нас пачаўся з загадзя дакладна распрацаванага плана, разлічанага на 2012—2015 гады. У ім мы пастараліся ўлічыць усе аспекты мадэрнізацыі вытворчасці. Яе галоўная мэта — выпуск новай канкурэнтаздольнай імпартазамяшчальнай прадукцыі. Дарэчы, сёння амаль усе нашы вырабы — гэта, без перабольшвання, імпартазамяшчэнне ў чыстым выглядзе.

Не адкрыю Амерыку, калі скажу, што мадэрнізацыя — даволі складаная і працяглая па часе справа. У першую чаргу мы заняліся мадэрнізацыяй тэхналагічных працэсаў — без гэтага нельга было разлічваць на выпуск сучасных запатрабаваных тавараў. Дапамагло нам тое, што на заводзе раней была ўкаранёна сістэма якасці стандарту ІSO 9001 і сістэма аховы навакольнага асяроддзя стандарту ІSO 14001.

У дзелавым асяроддзі ёсць такая тэхналогія аналізу эфектыўнасці выкарыстання персаналу, як кадравая дыягностыка. Адна з яе мэт — выяўленне недахопаў у выкарыстанні працоўнай сілы. Паралельна з рэструктурызацыяй вытворчасці мы правялі такую дыягностыку, па яе выніках прынялі адпаведныя захады. Прыйшлося павышаць канкурэнтаздольнасць сваіх вырабаў як за кошт мадэрнізацыі і рэструктурызацыі вытворчасці, так і аптымізацыі персаналу, займацца павышэннем кваліфікацыі кадраў, частку іх перавучваць, перамяшчаць на іншыя ўчасткі і пасады. Мы, як гаворыцца, на маршы стваралі сваё канструктарскае падраздзяленне, службу галоўнага тэхнолага, аддзел тэхнічнага кантролю і іншыя службы.

1384232119876_8

Не вельмі спрыяла мадэрнізацыі тое, што частка абсталявання ў нас працавала яшчэ з савецкіх часоў. Замена яго запатрабавала вялікіх сродкаў. Але справа была таго вартая. Так, два новыя высокапрадукцыйныя станкі замянілі амаль 50 працэнтаў нашага былога станочнага парку металаапрацоўкі. Выпуск тэлекамунікацыйнага абсталявання цяпер больш хуткі і якасны. Калі раней для вырабу адной металічнай скрынкі былі задзейнічаны чатыры станкі, то цяпер спраўляецца толькі адзін універсальны станок. Своечасова распрацавалі і рэалізавалі меры па энергазберажэнні, зніжэнні матэрыялаёмістасці, агульных вытворчых выдаткаў. У выніку ўдалося сэканоміць сотні мільёнаў рублёў.

Запланавана пераабсталяванне зборачна-мантажнай вытворчасці, што дазволіць палепшыць і якасць прадукцыі, і адмовіцца ад паслуг часткі пастаўшчыкоў. Неабходныя камплектуючыя будуць вырабляцца на месцы. Таксама мяркуецца набыць універсальнае абсталяванне для патрэб інструментальнай вытворчасці, дзе ў нас значны кадравы патэнцыял. Сёння ўсю аснастку, інструмент, формы для ліцця мы вырабляем самі, што таксама дае істотную эканомію сродкаў. У нас ужо сфарміраваны свой парк сучасных машын для ліцця карпусоў з пластмасы для мадэмаў, радыёпрыёмнікаў, прыставак. Карацей кажучы, мы здолелі перааснасціць усю лінейку ліцця пластмасавых камплектуючых: ад самых маленькіх да сярэдніх і вялікіх прамераў. Заўважу, для гэтага мы набылі эфектыўныя машыны беларускай вытворчасці, якія выпускае завод «Атлант» у Баранавічах.

1384232122861_9

Мы першымі ў краіне пачалі выпуск бесправодных тэлефонаў з гучнай сувяззю. Потым была наладжана вытворчасць пластыкавых картак з электронным модулем для гарадскіх тэлефонаў-аўтаматаў. Сёння выпускаем антэны GSМ, тэлевізійныя антэны бытавыя тэлефоны, прыстаўкі, іншую прадукцыю, якая карыстаецца попытам у спажыўца. Бо працаваць на склад даражэй для сябе. Таму перавага аддаецца выключна перспектыўным кірункам і распрацоўкам. Напрыклад, сёння актыўна развіваецца эфірнае тэлебачанне. Для яго патрэб на заводзе засвоілі тэлепрыстаўку, яна зараз у рамках сумеснага пілотнага праекта з «Белтэлекамам» праходзіць завяршальныя выпрабаванні. Рынак гэтых вырабаў абяцае стаць запатрабаваным. Кліматычная шафа — інавацыйны прадукт, які знайшоў сваіх спажыўцоў. Перспектыўным абяцае стаць развіццё тэхналогіі GPON.

Як вядома, да 2015 года Беларусь павінна цалкам перайсці на лічбавае тэлебачанне і радыёвяшчанне. У рамках рэалізацыі гэтага праекта завод наладзіў па праграме імпартазамяшчэння выпуск тэлевізійных лічбавых радыёперадатчыкаў рознай магутнасці. Вытворчыя магутнасці прадпрыемства дазваляюць вырабляць запатрабаваную прадукцыю і на знешніх рынках — у прыватнасці, у Расіі.

Быў перыяд, калі завод «Прамсувязь» працаваў толькі на ўнутраны рынак і не займаўся экспартам. Але дзякуючы мадэрнізацыі апошнім часам назіраецца ўпэўнены выхад прадпрыемства на замежныя рынкі. Экспарт у 2012 годзе ў параўнанні з 2011-м значна павялічыўся. Прадукцыя завода ідзе ў Літву, Расію (напрыклад, у Санкт-Пецярбург, Маскву). У наступным годзе мяркуецца пачаць засваенне рынку Украіны. Пробныя пастаўкі ўжо зроблены нават у Сінгапур. Далёкае замежжа — новы кірунак для прадпрыемства.

Леанід Тугарын, Аляксандр ФУРСАЎ.
Яўген Пясецкі (фота).

УНП 100299757

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?