Вы тут

Нічога не памятае, нікога не пазнае


Лёгкія парушэнні ўвагі, памяці, маўлення — калі не адразу атрымліваецца падабраць патрэбнае слова — адчуваюць звыш 80 працэнтаў мужчын і жанчын пасля 60 гадоў. Гэта звязана з натуральнымі ўзроставымі зменамі і не перашкаджае жыццю самога чалавека і навакольных. Аднак у шэрагу людзей старэйшага ўзросту гэтыя расстройствы трансфармуюцца ў дэменцыю, якую яшчэ называюць зніжэннем інтэлекту або крыўдным словам маразм.

Прычынай дэменцыі могуць быць незваротныя парушэнні ў рабоце галаўнога мозгу, што, у сваю чаргу, узнікае з за хвароб нервовай сістэмы, парушэння кровазвароту, абмену рэчываў. У любым выпадку зніжэнне інтэлекту кардынальна мяняе жыццё чалавека. Ён перастае разумець і запамінаць новую інфармацыю, лагічна разважаць, не пазнае сваякоў, а блізкіх знаёмых, якія даўно памерлі, лічыць сваякамі. Паступова страчваецца шэраг жыццёвых навыкаў, у тым ліку здольнасць суперажываць, радавацца і г. д. Вельмі хутка хвароба абмяжоўвае кантакты з іншымі людзьмі. Так што тым, хто здольны быць з такім чалавекам, неабходна вучыцца кантакту з ім.

Найбольш распаўсюджаная прычына з'яўлення зніжэння інтэлекту — хвароба Альцгеймера. Яна пашкоджвае якраз тыя аддзелы мозгу, якія адказваюць за мысленне, памяць і моўныя здольнасці.

Ранняя стадыя:

цяжкасці ў размове; страта кароткатэрміновай памяці; дэзарыентацыя ў часе; гублянне ў добра знаёмых месцах; цяжкасці з прыняццем рашэнняў; страта ініцыятывы, жадання дзейнічаць; прыкметы дэпрэсіі і агрэсіі; страта цікавасці да ранейшых заняткаў.

Сярэдняя стадыя:

забыўлівасць на падзеі і людзей; няздольнасць жыць аднаму; моцная залежнасць ад іншых; блуканне; галюцынацыі.

Позняя стадыя:

цяжкасці пры харчаванні; неразуменне падзей; нетрыманне кішэчніка і мачы; абсурдныя паводзіны; прыкаванасць да ложка.

Хвароба Альцгеймера невылечная. Аднак можна аблегчыць жыццё і хвораму, і тым, хто яго даглядае. Для гэтага варта звярнуцца па дапамогу да ўрача і сацыяльнага работніка.

Мультыінфарктнае зніжэнне інтэлекту надыходзіць у выніку спынення паступлення крыві да невялікіх участкаў мозгу, клеткі якіх пры гэтым адміраюць. З за высокага крывянога ціску сасуды галаўнога мозгу лопаюцца, забіваюцца згусткамі крыві, і гэта перашкаджае нармальнаму кровазвароту. Іншыя прычыны зніжэння інтэлекту сустракаюцца радзей.

Як працягваць жыць з хворым са зніжаным інтэлектам?

1. Устанавіце рэжым. Гэта неяк упарадкуе жыццё хворага. Трэба як мага даўжэй падтрымліваць заведзены раней парадак жыцця хворага.

2. Падтрымлівайце незалежнасць. Хвораму неабходна як мага даўжэй заставацца незалежным, што дапамагае яму захоўваць павагу да сябе.

3. Абараняйце пачуццё годнасці. Словы і ўчынкі могуць выклікаць занепакоенасць, таму сачыце за гэтым і не гаварыце пра хворага ў яго прысутнасці.

4. Давайце простыя заняткі. Не трэба даваць занадта шырокі выбар, каб не абцяжарыць жыццё хвораму.

5. Паклапаціцеся пра бяспеку. Страта памяці і каардынацыі руху павышае небяспеку траўмы хворага.

6. Заахвочвайце да фізічных заняткаў. Гэта дапамагае захаваць на нейкі час фізічныя і разумовыя здольнасці.

7. Не раздражняйцеся. Размаўляйце мяккім тонам.

Святлана БАРЫСЕНКА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».