Вы тут

Рашаючы бой... за вызваленне


Найбольш жорсткія баі за вызваленне Рэчыцкага раёна адбыліся паблізу вёскі Каравацічы. Яны ішлі тут бесперапынна на працягу трох дзён.

1384403767450_14-3

Сёння на гэтым месцы — аграгарадок. Прыгожыя дамкі, быццам пад лінейку, выстраіліся ўздоўж вуліцы. Па гаспадарцы завіхаюцца руплівыя гаспадары. На жаль, пра падзеі 70-гадовай даўніны ніхто з іх нічога не ведае. Былі сведкі, ды няма ўжо іх.

Пра кровапралітныя баі, якія некалі адбываліся тут, нагадвае толькі помнік, які стаіць у цэнтры вёскі. Ён увекавечвае подзвіг вайскоўцаў, якія загінулі за вызваленне Каравіціч, а таксама ўшаноўвае памяць мясцовых жыхароў, якія не вярнуліся з фронту. Побач — помнік танкістам 160-га палка.

— Гэта быў асобны полк, які ўваходзіў у склад Данскога танкавага корпуса генерала Панова, — расказвае навуковы супрацоўнік Рэчыцкага краязнаўчага музея Наталля СЯРНОВА. — На караваціцкім кірунку ўзнікла крытычнае становішча. І камандуючы 65-й арміі Батаў быў вымушаны перакінуць 160-ы полк у распараджэнне 14-й кавалерыйскай дывізіі, якая ваявала тут сумесна з 41-й асобнай знішчальна-супрацьтанкавай артылерыйскай брыгадай і 172-й стралковай дывізіяй.

Уначы з 18 на 19 лістапада немцы на «тыграх» і «пантэрах» трэці раз уварваліся ў Каравацічы. Прарваўшы абарону 172-й стралковай дывізіі, дайшлі да цэнтра вёскі, дзе завязалі бой з 41-й артбрыгадай. У гэтай сітуацыі 160-ы танкавы полк атрымаў загад адрэзаць немцаў ад асноўных сіл.

А 6 гадзіне раніцы полк заняў зыходныя пазіцыі паміж вёскамі Чырвоная Дуброва і Каравацічы. Дзеянні танкістаў для немцаў былі нечаканымі. Яны, спыненыя магутным процітанкавым агнём артылерыстаў і сіламі стралковай дывізіі, павярнулі назад і лоб у лоб сышліся з 160-м палком. Бой ускладняўся тым, што танкістаў падтрымлівала толькі рота аўтаматчыкаў, шэрагі якой хутка радзелі. Але ўсё ж такі немцы былі вымушаны пакінуць сяло.

«У выніку баёў за Каравацічы фашысты пакінулі на полі бою да 1500 трупаў сваіх салдат і афіцэраў...» — пісала газета «Красная Звезда» ў нумары ад 17 снежня 1943 года.

За баі за Каравацічы былі ўзнагароджаны: Залатой Зоркай Героя — 4 чалавекі, ордэнам Леніна — 7 чалавек, ордэнам Чырвонага Сцяга — 3, ордэнам Славы ІІІ ступені — 32 чалавека, ордэнам Айчыннай вайны І ступені — 6, ордэнам Айчыннай вайны ІІ ступені — 30, ордэнам Чырвонай Зоркі — 79, медалём «За адвагу» — 118, медалём «За баявыя заслугі» — 57 чырвонаармейцаў. Ордэнам Чырвонага Сцяга была ўзнагароджана і 41-я артылерыйская брыгада.

Удзельнікі тых крывавых падзей успаміналі:

«У баях за Каравацічы героямі былі ўсе! І тыя, хто загінуў, і тыя, хто застаўся ў жывых» (былы камандзір 1959-га артпалка, капітан Любушкін);

«Вайну я прайшоў ад Падмаскоўя да Эльбы. У памяці засталося шмат цяжкіх, удалых і няўдалых баёў. Але бой за Каравацічы... Гэты бой, гэтае сяло я памятаю заўсёды, усё жыццё» (былы камсорг 1959-га артпалка, капітан Когін);

«Баі за Каравацічы былі для нас суровым выпрабаваннем на жыццё. І мы выжылі, выстаялі» (былы камандзір аддзялення ПТР, сяржант Буянаў);

«Каравацічы засталіся ў памяці на ўсё жыццё. Былі цяжкія баі за вёску, дзе нам, артылерыстам, давялося біцца з танкамі і пяхотай праціўніка. Быў загад камбрыга стаяць на смерць. І мы выстаялі, хаця шмат якія разлікі загінулі пад гусеніцамі варожых танкаў разам з гарматамі» (былы разведчык батарэі кіравання 41-й брыгады, радавы Іваноў);

«У свае 19 гадоў у баях за Каравацічы я быў камандзірам узвода разведкі. Мы бачылі чорныя коміны спаленых хат, галодных і абарваных беларускіх дзяцей, бачылі цэлымі вёскамі забітых, спаленых, закатаваных. Усё гэта выклікала ў кожнага з нас прагу помсты да фашысцкіх вылюдкаў. І мы білі іх бязлітасна. Ніякія цяжкасці і страты не маглі нас спыніць» (былы камандзір узвода разведкі, лейтэнант Міцінскі).

У баі за Каравацічы ўдзельнічаў і Пётр Субоцін. Ён быў цяжка паранены. Пасля лячэння вярнуўся ў сваю вайсковую часць, дзе яго чакала ўзнагарода за вызваленне вёскі — ордэн Айчыннай вайны І ступені. Пасля вайны ён вярнуўся ў родны Камсамольск-на-Амуры, стаў паэтам і мінулым падзеям прысвяціў верш. Вось некалькі радкоў:

«... Я помню, как стволы орудий
Ныряли в темный коридор.
За жизнь страны
сражались люди,
По танкам бившие в упор.

Прямой наводкой слева, справа
Мы расширяли свой плацдарм.
И в Короватичах, как мама,
Обнял солдата командарм.

Он нам сказал:
«Спасибо, братцы!
Героев здесь не сосчитать.
Мы научились славно драться,
Как нам велит Отчизна-мать».

Отдал приказ: «Салют о павших
Из всех орудий — по врагам!»
И снова в путь
военным маршем
Маршрутом
к речицким домам...»

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Моладзь

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Яе песні займаюць першыя радкі ў музычных чартах краіны, пастаянна гучаць на радыё і тэлебачанні.