Паспяховая кар'ера і вандроўкі ў жанчын, якія нарадзілі дзіця, як правіла, адыходзяць на другі план. Як мінімум на першыя тры гады. Але з любога правіла ёсць выключэнні... Нашы гераіні — маладыя мамы — уласным прыкладам разбураюць стэрэатып пра тое, што ў дэкрэтным водпуску можна забыцца пра сябе.
«У мяне цэлая армія памочнікаў»
Святлана Зэрэ, як толькі навучылася лічыць, адразу пачала зарабляць грошы. З 5 гадоў працавала ў бабулі, якая была ў той час дырэктарам бабруйскай базы «Бакалея». Дапамагала фасаваць цукар у пакеты. А ў канцы месяца стаяла з рабочымі ў чарзе ў бухгалтэрыю па заробак, бо прымаць грошы ад бабулі асабіста ёй зусім не падабалася. Хацелася сапраўднай зарплаты, як ва ўсіх. У школьныя гады дапамагала выконваць дамашнія заданні «па бартары» (за ліманад, шакаладкі), а ва ўніверсітэце рашала задачы па статыстыцы. Вяла дынамічны лад жыцця. Таму калі ў яе нарадзілася дачка Марыям, яна не змагла кінуць любімую працу.
— Мне вельмі падабаецца мая праца, — кажа Святлана. — І я разумела, што не змагу поўнасцю прысвяціць сябе толькі дому і выхаванню дзіцяці, забыўшыся пра ўсё астатняе. На шчасце, калі нарадзілася дачка, мне было на каго абаперціся. Гэта цэлая армія памочнікаў, якія заўсёды мяне падтрымлівалі. Спачатку мне вельмі дапамагаў муж, потым маці. Затым — дзве няні і памочніца па гаспадарцы. Яны працуюць у мяне да гэтага часу. Я іх люблю, як членаў сваёй сям'і.
«Не імкнуся да параметраў 90 — 60 — 90»
Святлана прызналася, што з жахам успамінае першыя тры месяцы пасля родаў.
— Гэта было неверагодна складана, як маральна, так і фізічна, — кажа маладая маці і ўсміхаецца. — Кожную ноч я прачыналася а 4-й гадзіне, каб сцадзіць малако для наступнага працоўнага дня. Раз у тры гадзіны адбывалася начное кармленне. Ратаваў толькі сумесны сон з дзіцем, падчас якога можна было карміць і трошкі драмаць. Я лічу, што сумесны сон кампенсуе час маёй адсутнасці днём.
На пасляродавы перыяд мне дазволілі працаваць у офісе літаральна пару гадзін у дзень, а ўвесь астатні час я выконвала сваю работу дома.
— І як доўга цягнулася грудное кармленне?
— 1,5 года. Гэта было для мяне прыярытэтам. І мой дырэктар цалкам мяне падтрымаў. Мая працаздольнасць была больш якаснай, бо я адчувала павышаную адказнасць за вынік перад калегамі. Паступова я павялічвала час знаходжання ў офісе, а пасля спынення кармлення выйшла на поўны працоўны дзень. Заўважыла, што чым больш у мяне спраў, тым больш і лепш я ўсё паспяваю.
Мая праца звязана са зносінамі з людзьмі, таму мне трэба было нешта рабіць з лішняй вагой пасля родаў. Але я ніколі не імкнуся да параметраў 90 — 60 — 90. Лічу, што ў кожнай жанчыны свая вага, у якой яна адчувае сябе гарманічна. Не скажу, што барацьба з кілаграмамі, якія я лічыла лішнімі, далася мне лёгка. Мы з імі ваявалі дастаткова доўга і ўпарта, але ніколі не ў шкоду якасці малака. Ніякіх жорсткіх дыет. Толькі здаровае харчаванне. У лішняй вагі пасля родаў, а таксама груднога кармлення ёсць адзін велізарны плюс — прыгожыя грудзі. Перавага для ўладальнікаў не самых пышных памераў.
«Няма такога выбару: дзіця ці праца»
— Калі жанчына даведваецца, што цяжарная, то яна ўжо робіць свой выбар, — працягвае Святлана Зэрэ. — А далей яна знаходзіцца толькі перад пытаннем — сядзець у дэкрэтным водпуску ці аптымізаваць сваю працу, каб вынік задаволіў усіх. Я часта чула «мой кіраўнік ніколі не дазволіць», або «мой муж супраць няні», або «ў мяне так не атрымаецца». Упэўнена, што так кажуць толькі тыя, хто не хоча працаваць, але спрабуе апраўдацца перад людзьмі. У такім выпадку не трэба ашукваць сябе. Жанчынамі, якія прысвячаюць сябе толькі дзіцяці, трэба ганарыцца, таму што няма ніводнай працы, якая была б складаней, чым выхоўваць дзіця. А тыя, хто як я выходзяць на працую адразу, спрабуюць гэыя цяжкія абавязкі падзяліць з кім-небудзь яшчэ. Я называю гэта эфектыўнай аптымізацыяй і шчыра прызнаюся ў тым, што не змагла б тры гады прасядзець дома з дзіцем. Нават адзін не змагла б. Магчыма, таму, што я з дзяцінства імкнулася быць першай.
Святлана Зэрэ працуе кіраўніком аддзела продажу і праектаў. LADY.TUT.BY, POVOD.TUT.BY. За яе плячыма больш за 3 дзясяткі пройдзеных трэнінгаў як прафесійнага, так і асобаснага росту. Зараз маладая мама атрымлівае ступень майстра бізнес-адміністравання.
«Дачка ніколі не бачыла мяне без настрою»
Нягледзячы на вялікае жаданне дасягнуць вышынь у кар'еры, Святлана лічыць, што быць маці — самае вялікае шчасце.
— Для мяне стаць маці — галоўнае прызначэнне жанчыны на Зямлі, а ўжо потым самарэалізацыя, праца і іншае. У дзецях наш працяг. Я вельмі марыла пра дзяцей і не буду спыняцца на адной дачцэ. Для мяне ідэал — трое ці больш дзяцей.
Мая бабуля пасля родаў рана выйшла на працу, маці — таксама. Думаю, у нас гэта сямейнае. Сёння я магу прызнацца, што ні разу не пашкадавала аб прынятым рашэнні. Я змагла акружыць дачку сваёй увагай і аддаць ёй усю сваю любоў. Пры гэтым яна практычна ніколі не бачыла мяне стомленай. Я імкнуся быць у добрым настроі з Марыям і думаю, што менавіта таму мая дачушка заўсёды ўсміхаецца.
Я ішла ў дэкрэтны водпуск практычна адначасова з яшчэ трыма дзяўчатамі — калегамі. Ні адна з іх не вярнулася пакуль на працу. Але сярод вялікай колькасці знаёмых мам прыкладна 20% выходзяць на працу пасля года дэкрэтнага водпуску.
Лічу, што кожны робіць свой выбар сам. Але на сваім прыкладзе бачу, што выхад мамы на працу не ўплывае на будучыню дзіцяці, калі ўсё арганізаваць правільна. Галоўнае — любіць сваіх дзяцей і сваім прыкладам паказваць, як трэба іcці па жыцці, каб усе былі шчаслівымі!
Надзея ЕМЯЛЬЯНАВА.
Аляксандра Сержановіч, мама Яна (1 год і 11 месяцаў):
— Яшчэ калі цяжарная хадзіла, была ўпэўнена, што буду паўсюдна браць дзіця з сабой і не стану дома сядзець увесь «дэкрэт». Пасля нараджэння малога спрабавала працаваць дома, але не атрымалася: затраты сіл былі вялікія, а грошай выходзіла мала. У выніку мы з мужам вырашылі, што яно таго не варта, ды і шкада часу, які адрываю ад дзіцяці.
Спачатку пайшлі з маленькім на курсы ранняга развіцця: і мне стасункі з іншымі мамамі, і дзіцяці — карысна. Пасля адна за другой пачалі адкрывацца кампаніі, якія арганізоўваюць мерапрыемствы для мам і іх дзетак. Канцэрты, тэатральныя пастаноўкі праходзяць у розных частках Мінска, і мы з радасцю на іх ходзім хаця б пару разоў на месяц. Хадзілі яшчэ на ёгу для мам з дзецьмі — гэта калі мамы займаюцца, а дзеці поўзаюць ці гуляюць побач. Некаторыя заданні разлічаны і на сумеснае выкананне з малымі. Было цікава. Але калі даведаліся, што чакаем другое дзіця, ад ёгі давялося адмовіцца, бо нагрузкі надта вялікія.
Як ні дзіўна, калі з'явілася дзіця, сталі больш кудысьці ездзіць сям'ёй. Ян пабываў з намі ў Паланзе, Вільнюсе, Каўнасе, Даўгаўпілсе, Калузе, Магілёве і нават у палатцы на Браславах начаваў гэтым летам. Нараджэнне дзіцяці вымушае ўвесь час рухацца.
Кацярына Багданава, мама двух хлопчыкаў — першакласніка і трэцякласніка:
— Актыўна карысталася віртуальным форумам для мам з Брэста каб абмеркаваць набалелыя пытанні па выхаванні дзяцей. Ідэя стварэння гэтага форума ўзнікла ў Вольгі Скробат, калі жанчына пераехала з Мінска ў Брэст. У сталіцы такое аб'яднанне ўжо існавала, а ў рэгіёне якраз яго не хапала. Форум быў зроблены на бясплатнай платформе і даволі хутка займеў папулярнасць сярод мясцовых мамачак.
Адной толькі віртуальнасцю не задаволіліся: два разы на год ладзім хэндмэйд-кірмашы, частка выручаных грошай ідзе на дабрачыннасць. Клуб «Эдэльвейс» — гэта якраз рэальнае ўвасабленне нашай дзейнасці. Праводзяцца і так званыя «гараж-сэйлы»: распродажы адзення, з якога дзеці павырасталі. Праўда, цяпер гэтая дзейнасць крыху прыпыненая, бо старая каманда, якая гэтым займалася, проста стамілася. Ведаеце, гэта даволі цяжкая работа: сабраць вопратку і сачыць за ёй.
Адна з нашых «эпідэмій» — захапленне скрапбукінгам. Пачалося з таго, што адна жанчына падчас дэкрэтнага водпуску пачала рабіць просценькія паштоўкі, пасля больш складаныя, затым правяла майстар-клас. І закруцілася! Цяпер нават закупкі для скрапбукінгу робім разам.
Кацярына Ваданосава, вакалістка гурта «Alta mente», мама Стэфаніі (3 гады):
— Ніякіх цяжкасцяў з дзіцем няма. Адзіная праблема — транспарт. Быў у нас такі выпадак, калі трэба было дабірацца на Мірскі фэст, месцаў у аўтобусе не было. Даводзілася вяртацца, пасля аўтобус зламаўся. Яшчэ і малая выцялася галавою. Пасля гэтага выпадку вырашыла здаць на правы. А так цягаю дачку паўсюдна і пастаянна, але цяпер гэта ўжо складана — 13 кг вагі. Цяжары падымаць мне нельга — чакаю другое дзіця.
Калі раблю нешта на замову, стараюся дачку да працы не дапускаць — няхай лепш малюе ў сваім альбомчыку. А то бывае, што прыйдзе і «дапаможа»: ці на нататніку нешта намалюе, ці параскідае. Узрост такі: усё хочацца зрабіць самой, але не атрымліваецца добра. Таму хэндмэйд адкладаю на час, калі дачка ўжо спіць.
Рэпетыцыі гурта таксама стараюся праводзіць без удзелу малой. Звычайна мама выручае: альбо забірае да сябе, альбо сядзіць з ёй у нас. Аднак бываюць выпадкі, калі даводзіцца сумяшчаць рэпетыцыі з доглядам дачкі. Тады з малой носяцца па чарзе то цымбалістка, то перкусіяністка.
Калі запрашаюць на фотасесіі, а з дачкой пасядзець няма каму, дык папярэджваю: «Буду з дзіцем». Яна перажывае гэты працэс спакойна, хоць можа закапрызнічаць у непадыходзячы момант: «Мама, я хачу катацца на горцы».
Кацярына Радзюк.
Пачалося датэрміновае галасаванне на выбарах Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь
Карэспандэнты «Звязды» высветлілі, як рыхтаваліся ўчасткі, як быў арганізаваны электаральны працэс непасрэдна ў рэгіёнах
Зрабіўшы якасць неад’емнай часткай іміджу Беларусі як краіны, займацца ёй неабходна пастаянна і ва ўсіх напрамках.