Вы тут

«Зрабiце што-небудзь, бо прападзе чалавек!»


«Васiль Васiльевiч, вы хочаце, каб вас забралi ў дом-iнтэрнат?» — «А колькi там разоў кормяць?» — «Пяць». — «О, хачу...» Колькi разоў у дзень дзядуля есць, я так i не даведалася. Сказаў, што не памятае... А склалася такое ўражанне, што пабаяўся ўзгадаць. Бо побач стаяў мужчына на мылiцах, якi нагадаў мне... Шарыкава з фiльма «Сабачае сэрца».

1385451983499_1

«Папрасiла, каб участковы назiраў за гэтай кватэрай нават ноччу»

У нумары за 1 кастрычнiка выйшаў артыкул пад назвай «Я такi галодны, што люблю ўсё...» У iм iшла гаворка пра пенсiянера з Мiнска, старасцi якога не пазайздросцiш. Яшчэ ў вераснi суседзi знайшлi Васiля Васiльевiча Калячку аслабленага ад голаду ў мокрым ложку. «Хацелi яго пераадзець, але не знайшлi ў кватэры нi зменнай сподняй бялiзны, нi пасцельнай, — не стрымлiвае абурэння Алена Рахманько, якая жыве з iм у адным доме на праспекце Любiмава. — На часопiсным столiку ў iншым пакоi стаяў кубак з вадой. Ваду тую, прызнаўся стары, не мянялi двое сутак. I ў халадзiльнiку было пуста...»

Як можна маўчаць пра такое, Алена не разумее. Таму адразу ж параiла далёкай сваячцы, якая якраз у той дзень прыехала праведаць Васiля Васiльевiча, неадкладна звярнуцца да раённых улад.

— Васiль Калячка, як iнвалiд 1 групы, мае права на памочнiка-апекуна, — расказала начальнiк упраўлення сацыяльнай абароны адмiнiстрацыi Маскоўскага раёна Мiнска Вольга Сцяпанава. — Даглядаў яго (вядома, не бясплатна) унук памерлай жонкi. Пасля таго, як мы даведалiся ад спадарынi Мельнiк, што Васiль Васiльевiч у бядзе, наведалi разам з мiлiцыяй яго кватэру. Факты, выкладзеныя ў лiсце, пацвердзiлiся. Таму мы тут жа перасталi выплачваць дапамогу па доглядзе Сяргею А.

— Вольга Леанiдаўна, няўжо, калi б суседзi не забiлi трывогу, той унук так i працягваў бы здзекавацца з бездапаможнага старога?.. Няўжо сацыяльныя службы, пасля таго, як прызначылi дапамогу па доглядзе, нiяк не правяраюць той догляд?

1385451986733_2

— Калi паступае iнфармацыя з палiклiнiкi, ад суседзяў цi ад родных, як у сiтуацыi з Васiлём Васiльевiчам, мы, вядома, выязджаем на месца з праверкай. Па яе вынiках камiсiя прымае рашэнне аб тым, працягваць выплаты цi не. Калi догляд неналежны, аператыўна шукаем новага апекуна або адпраўляем чалавека, якi мае патрэбу ў доглядзе, у дом-iнтэрнат. У абавязкi сацыяльных работнiкаў не ўваходзiць праверка апекуноў. бо, у адпаведнасцi з палажэннем (аб парадку прызначэння i выплаты дапамогi па доглядзе iнвалiда 1 групы i асобы, якая дасягнула 80-гадовага ўзросту. — Аўт.), дапамога выплачваецца толькi ў тым выпадку, калi 2 сведкi пацвердзiлi, што патэнцыяльны кандыдат на яе атрыманне ажыццяўляе належны догляд iнвалiда. I наша сiтуацыя не выключэнне. Больш за тое, Васiль Васiльевiч сам напiсаў заяву: папрасiў, каб мы аформiлi Сяргею А. дапамогу па доглядзе.

— Наколькi я ведаю, вы асабiста размаўлялi з чалавекам, якi даглядаў Васiля Калячку?

— Так, я выклiкала яго да сябе ў кабiнет. Сяргей А. сцвярджае, што дапамагае Васiлю Васiльевiчу, не крыўдзiць яго i кормiць. А халадзiльнiк быў пусты, бо ў яго часова адсутнiчалi грошы. Я дала яму 2 тыднi, каб ён выправiўся. Цяпер дзядуля знаходзiцца пад пiльнай увагай спецыялiстаў тэрытарыяльнага цэнтра, да яго штодзень ходзiць сацыяльны работнiк. Праўда, яго не надта ахвотна ўпускае ў кватэру мужчына на мылiцах, якi з'явiўся ў кватэры не так даўно. Маўляў, «не прыходзьце больш — я сам Васiльевiча абслугоўваю». (Кажа, што ён дзядзька ўнука Васiля Васiльевiча. Прыехаў у госцi i зламаў ногi, таму вымушаны быў затрымацца. — Аўт.) Я папрасiла мiлiцыю, каб яны разабралiся, хто гэта такi, бо нават Васiль Васiльевiч толкам не можа патлумачыць, кiм той чалавек яму прыходзiцца. Думаю, хутка адправяць яго па месцы жыхарства. Суседзi кажуць, што Сяргей А. ладзiць там п'яныя дэбошы, водзiць кампанii. Не магу нiчога сцвярджаць... Таму i папрасiла ўчастковага, каб ён назiраў за гэтай кватэрай, у тым лiку i ноччу.

1385451989610_3

«Вася, скажы iм, што ты ў сне бачыў iх i iхнi iнтэрнат»

Каля дома, дзе жыве Васiль Калячка, мяне чакаюць работнiкi тэрытарыяльнага цэнтра Маскоўскага раёна разам з участковым iнспектарам. У пад'езд трапляем пры дапамозе суседзяў. Нацiскаем на званок каля нумара «108» — i з кватэры, як мурашы, у розныя бакi разбягаюцца людзi з моцным перагарам. Каля парога нас сустракае той самы «шарыкаў» на мылiцах. Вiдавочна, ён не вельмi рады таму, што мы сваiм прыходам пакiнулi яго без вясёлай кампанii.

Паводле слоў Уладзiмiра Шаўчэнкi, участковага iнспектара мiлiцыi Маскоўскага РУУС Мiнска, Уладзiмiр Г. пражывае ў гэтай кватэры крыху больш як месяц. Ён — далёкi сваяк Васiля Васiльевiча з боку жонкi. Выпiвае, быў раней судзiмы... «Гэтая кватэра стаiць на ўлiку як прытон, — удакладняе ўчастковы. — Пры мне (Уладзiмiр Шаўчэнка працуе на гэтым участку не так даўно) тут усё больш-менш спакойна. Раней жа, калi тут яшчэ жыла жанчына, якую забралi ў ЛПП, казалi, што тут пастаянна збiралiся алкаголiкi i дэбашырылi».

У пакоi Васiля Васiльевiча цяжкае паветра. Ён, пэўна, гэта разумее, таму павольна падымаецца з ложка i пры дапамозе кiйка пераходзiць у крэсла, што ў вiтальнi.

Спрабую высветлiць у дзядулi, як яму тут жывецца, цi хоча ён пераехаць у iнтэрнат. Але сусед па кватэры апярэджвае яго. «Вася, скажы iм, што ты ў сне бачыў iх i iхнi iнтэрнат. Тут табе вось i булачкi, i цыгарэты.. А там нiхто пакурыць не дасць... Турма, адным словам...» Васiль Васiльевiч паслухмяна матляе галавой.

— Мiнулы раз, калi мы прыходзiлi, Васiль Васiльевiч са слязамi на вачах прасiў, каб мы яго забралi адсюль, — кажа спецыялiст па сацыяльнай рабоце тэрытарыяльнага цэнтра Маскоўскага раёна Мiнска Наталля Шчэрбава. — Але як толькi з'яўляюцца Сяргей А. цi гэты чалавек са зламанымi нагамi, ён рэзка мяняе сваё жаданне. Думаю, дзядуля iх баiцца...

I не дзiўна, што так званыя сваякi не хочуць, каб Васiля Васiльевiча забралi ў дом-iнтэрнат... «Мяркуйце самi: дапамога па доглядзе, якую да 1 кастрычнiка атрымлiваў Сяргей А., складала 1 млн 26 тысяч, — падхоплiвае iнспектар аддзялення сацыяльнай дапамогi на даму тэрытарыяльнага цэнтра Маскоўскага раёна Мiнска Наталля Карнеенка. — I пенсiя ў Васiля Васiльевiча не самая маленькая — больш як 3 млн. Гэтыя сваякi, калi дазналiся, што мы зрабiлi запыт у псiханеўралагiчны дыспансер, каб даведацца, у доме-iнтэрнаце якога тыпу па стане здароўя можа знаходзiцца Васiль Васiльевiч, не хацелi аддаваць яго дакументы. А калi ўчастковы ўсё ж такi забраў пашпарт, то, аказалася, што там няма старонкi з прапiскай. Выдралi яе, хутчэй за ўсё, каб адцягнуць час. Бо, каб зрабiць новы пашпарт, патрэбны грошы, якiх у Васiля Васiльевiча зараз няма. Пенсiю старога, паводле слоў Уладзiмiра Г., забiрае «клапатлiвы ўнук».

Акрамя Васiля Васiльевiча, у той кватэры прапiсана i мацi Сяргея А., якая, паводле слоў суседзяў, зараз знаходзiцца ў ЛПП...» Калi мы першы раз тут з'явiлiся, — узгадвае загадчык аддзялення сацыяльнай дапамогi на даму тэрытарыяльнага цэнтра Маскоўскага раёна Мiнска Таццяна Панчанка, — суседка Васiля Васiльевiча, нягледзячы на тое, што сама выпiвае, папрасiла нас як мага хутчэй забраць Васiля Васiльевiча: «Зрабiце што-небудзь, бо прападзе чалавек. Хутка вернецца Людмiла з ЛПП, зноў будзе прахадны двор».

* * *

Перад выхадам публiкацыi звязалася з тэрытарыяльнай службай. Там мне сказалi, што спецыялiсты абследавалi Калячку на даму. Згодна з дыягназам, якi паставiлi медыкi, Васiль Васiльевiч мае патрэбу ў iнтэрнаце псiханеўралагiчнага профiлю. Таму зараз займацца выратаваннем Васiля Васiльевiча будзе 25-я палiклiнiка. А гэта справа не аднаго дня... Аксана Слепянкова, вядучы юрысконсульт 25-й цэнтральнай раённай палiклiнiкi Маскоўскага раёна Мiнска, паведамiла, што зараз яна рыхтуе дакументы, каб у судовым парадку прызнаць Васiля Васiльевiча Калячку недзеяздольным. «Калi дыягназ пацвердзiцца i суд пазбавiць пенсiянера дзеяздольнасцi, то мы будзем абавязаны вырашаць лёс свайго падапечнага. Не выключаю, што нейкi час Васiлю Васiльевiчу давядзецца пажыць у псiхiятрычнай бальнiцы ў Навiнках. Бо, самi ведаеце, зараз у псiханеўралагiчных iнтэрнатах дэфiцыт месцаў...»

Рэверс з сецiва

1385451992459_4

Артыкул «Я такi галодны, што люблю ўсё...» не пакiнуў абыякавымi i нашых чытачоў.

Веранiка: «Дзякуй, што ўздымаеце такiя тэмы! Сёння аб чалавечай чэрствасцi афiцыйная прэса пiша мала цi з аглядкай — як бы не ачарнiць родную Айчыну. Дамаўчымся да таго, што хутка паўкраiны акажацца на месцы гэтага старога. Дзе ж яно, з дзяцiнства знаёмае «сябар, таварыш, брат»? Дзе любоў да блiзкага? Дзе «Чалавек — гэта гучыць горда»? Страшна ад адной толькi думкi аб старасцi, калi ты можаш стаць проста лiшняй «рэччу». Спадзяюся, што факт не застанецца без увагi сацыяльных службаў, якiя павiнны хоць неяк кантраляваць падобных «апекуноў».

Ларыса: «Нiякавата становiцца, як падумаеш, што пад старасць цябе можа такое вось чакаць. Мiж iншым, каб не гэтыя суседзi, дык мiлiцыя проста канстатавала б смерць старога — ды i ўсё. Гэта ж страшна...»

Iван: «Якi жах! I куды глядзяць сацыяльныя службы? Чаму мiлiцыянер такi абыякавы да гэтай сiтуацыi? Гэта не павiнна заставацца чымсьцi прыватным. Патрэбна, каб як мага больш людзей, асаблiва суседзяў па пад'ездах i дамах, ведалi пра ўсё, што адбываецца з гэтай сям'ёй».

Сяргей: «Калi дзецi забываюць — жахлiвей не прыдумаеш!.. I навошта тады гэтыя дзецi, якiя не памятаюць пра сваiх бацькоў? I чаму амаль з усiх бакоў такая халодная абыякавасць? Дзе ж чалавечнасць? Чаму ўсе пачалi думаць аб гэтых старых толькi тады, калi на гэта звярнулi ўвагу добрая суседка ды газета «Звязда»? Няўжо ўсiм настолькi «па барабане»?»

Уладзiмiр: «Трэба пiсаць пра такое — цемра баiцца святла. А вось ад органаў ды мiлiцыi хацелася б больш актыўнасцi, а то яны жывуць на нашы падаткi i амаль нiчога не робяць. Iмпэту ад iх нешта не адчуваецца. Але скарачаць вырашылi штат культуры...»

AlexA: «Гiсторыя жудасная. Наша маладосць рана цi позна скончыцца, таму трэба спяшацца рабiць як мага больш дабра, пакуль поўны сiл. Тады i яно да цябе вернецца. Мне, напрыклад, не зразумела: у героя публiкацыi што, няма сваякоў? Няўжо няма пляменнiкаў? Я не дазволiў бы свайму дзядзьку жыць у такiх умовах... Вiдавочна, што дзядуля ў свой час зрабiў усё, каб радня не хацела з iм знацца. Калi не, то родным немагчыма знайсцi апраўдання. Дзякуй за ўзнятую тэму. Такiя гiсторыi прымушаюць задумацца».

Дарына: «У нас па суседстве такая ж гiсторыя. Толькi сутнасць яе ў тым, што пакуль бабуля не завяшчала ўнучцы кватэру, тая прыходзiла, размаўляла, быццам бы клапацiлася. А як чаканы подпiс атрымала, то адразу сваю сутнасць i паказала. Толькi вось дзецi бабулi не ў курсе: жывуць у iншай краiне. Проста страшна: мы, суседзi, змагаемся за тое, каб вярнуць бабулi кватэру i магчымасць неяк распарадзiцца сваёй будучыняй. А тая толькi плача, таму што «свая кроў» аказалася сапсаванай».

Сямён: «Дарына, вы кажаце, у вас па суседстве такая ж гiсторыя — але ж тут зусiм не сямейная гiсторыя, а сапраўдны крымiнал. Хаця ўвогуле брыдка, калi «кватэрнае пытанне» так псуе людзей».

Слава: «О, вось чаму сям' я патрэбна i добрае выхаванне дзяцей — а то i праўда вады падаць будзе ў старасцi некаму».

Насця: «Гэта ж як трэба жыць, каб у старасцi аднаму застацца?..»

Вольга: «А мне падаецца, у старых, як правiла, такая старасць, якую яны заслугоўваюць. Калi дзецi пра iх забылi, значыць, так яны сваiх дзяцей выхавалi. Iншая справа, калi дзецi памерлi. Але нават адзiнокiя старыя, якiя не нарадзiлi сваiх дзяцей па нейкай прычыне, павiнны былi паклапацiцца аб тым, хто i як будзе iх даглядаць у немачы. Тых, хто сам клапацiўся аб iншых, не забываюць».

Антон Макаравiч: «Вольга, з вамi згодны цалкам: кожны сам каваль свайго шчасця, проста жыццё праходзiць так хутка, што некаторыя не паспяваюць усвядомiць, што маладосць i здароўе не бязмежныя. Так было з маёй сястрой: прыгажуня, усё толькi для сябе. Было два мужы, i абодвух—штурхялём пад зад за неадпаведнасць iдэалам. Якiя дзецi — буду я вам з гаршкамi насiцца! Прыгажосць-маладосць-здароўе — ф'юць... Зараз мае дзецi пытаюцца: «Тата, а з якой радасцi нам i табе цётку Любу даглядаць? Мы яе бачылi толькi на сямейных фота ў бабулi ў вёсцы!» А жонка мая яшчэ i яхiднiчае, што, маўляў, пiць i гуляць менш трэба было. Мне яе шкада. Няхай шалапутная, але ж сястра як-нiяк...»

Ад аўтара

Летась, калi я рабiла iнтэрв'ю са старшынёй Камiтэта па працы, занятасцi i сацыяльнай абароне Мiнгарвыканкама, Жанна Рамановiч прызналася: яе засмучае тое, што дзецi не хочуць сёння даглядаць сваiх бацькоў. «Гэта так дакладна прасочваецца, калi прыходзяць на прыём i просяць прыняць старых у iнтэрнат. Маўляў, я не магу справiцца са сваёй мамай. Калi пачынаеш чытаць матэрыялы справы, разумееш, што 3 месяцы цi год таму кватэра перапiсана ўнуку — i адразу бацькi не патрэбны...» Не ўкладваецца ў галаве таксама, калi чую, што дзецi падымаюць руку на сваiх пажылых бацькоў... «Нядаўна да мяне на прыём прыйшла абсалютна дагледжаная i iнтэлiгентная бабулька, — расказала начальнiк упраўлення сацыяльнай абароны адмiнiстрацыi Маскоўскага раёна Мiнска Вольга Сцяпанава. — Раней яна працавала на «Белтэлекаме» начальнiкам цэха. Са слязамi на вачах кажа, што дачка б'е яе i не пускае да халадзiльнiка»...

Увесь час, што працавала над артыкулам, з галавы не выходзiла прытча пра драўляную мiску. Пра тую самую мiску, у якой сын i нявестка падавалi ежу старэнькаму бацьку. Iх раздражняла, што той пастаянна пралiваў малако на абрус, рассыпаў ежу i бiў талеркi... Вось i паставiлi для яго асобны маленькi столiк у куце кухнi, выдзелiлi драўляную мiску. Аднойчы малады бацька заўважыў, што яго пяцiгадовы сын возiцца са шчэпкай на падлозе. «Чым ты займаешся?» «Я раблю маленькую драўляную мiску для цябе i мамы, з якой вы будзеце есцi, калi я вырасту...» З таго часу стары еў разам з усiмi за агульным сталом. I нiкога ўжо не раздражняла разлiтае малако i выпацканы абрус...

Надзея ДРЫЛА. Фота аўтара.

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

Амаль тысяча дзвесце чалавек сабраліся, каб вырашаць найважнейшыя пытанні развіцця краіны. 

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.