Вы тут

Мікалай ЛІТВІНАЎ: «Адыдзем ад павярхоўнасці»


З'яўленне новых інфармацыйных прадуктаў, актыўнае развіццё інтэрнэту і стварэнне буйных медыяхолдынгаў — прыкметы нашага часу. Прычым даводзіцца канстатаваць, што імклівыя змяненні адбываюцца як на агульнарэспубліканскім, так і на рэгіянальным рынку СМІ, і аб гэтым — наша гутарка з галоўным рэдактарам газеты «Мінская праўда», старшынёй Мінскай абласной арганізацыі Беларускага саюза журналістаў Мікалаем Літвінавым.

1385527983675_27-12

— Мікалай Пятровіч, якія, на вашу думку, асноўныя тэндэнцыі развіцця рэгіянальных СМІ Міншчыны?

— Варта ўзгадаць, што ўсе змяненні інфармацыйнай прасторы — патрэба часу, адлюстраванне сацыяльна-эканамічнага развіцця нашай краіны ў рэчышчы сусветных тэндэнцый. Эканоміка фарміруе соцыум, лад жыцця людзей. У гэтым плане Міншчына, як цэнтральны, шмат у чым вызначальны рэгіён краіны (такую ацэнку вобласці даў кіраўнік дзяржавы), з'яўляецца лакаматывам тых станоўчых працэсаў, што адбываюцца ў сацыяльна-эканамічным развіцці Беларусі. Гэта дакладна разумеюць кіраўніцтва Мінаблвыканкама, мясцовыя ўлады. Зразумела, у флагманскім рэчышчы павінна адбывацца і развіццё СМІ. Тут шырокае поле дзейнасці і вялікія магчымасці.

Сёння інфармацыйную прастору вобласці фарміруюць абласная газета «Мінская праўда», 22 раённыя і жодзінская гарадская газеты, абласная радыёстанцыя «Мінская хваля», рэдакцыі мясцовага вяшчання, 6 рэгіянальных тэлестудый і столькі ж шматтыражных газет. Пры гэтым мы разглядаем гэты магутны рэсурс як адзіны сугучны арганізм. Аб'яднальнай пляцоўкай тут выступае цэнтральнае выданне вобласці «Мінская праўда» і абласная арганізацыя Беларускага саюза журналістаў. Так што мы фактычна працуем ва ўмовах сваёй рэгіянальнай прасторы — пад кіраўніцтвам Мінскага аблвыканкама, супольна з мясцовымі ўладамі. Актыўнае супрацоўніцтва наладжана з рэспубліканскімі органамі ўлады.

Тут яшчэ і геаграфічнае размяшчэнне спрыяе. Я ўпэўнены, што рэгіянальная журналістыка (ніколькі не цураюся такога вызначэння, а нават ганаруся ім) павінна выходзіць на новы ўзровень развіцця, актыўна асвойваць інфармацыйную прастору не толькі свайго рэгіёна, але і даводзіць да сваіх чытачоў, гледачоў, слухачоў як мага больш глабальны кантэнт. Не губляючы пры гэтым сваёй унікальнай пазіцыі — блізкасці да нашых спажыўцоў. Нездарма адзін са слоганаў нашай газеты гучыць так: «Мінская праўда» як добры сусед — заўжды побач». Мы не стаім на месцы, а імкліва крочым наперад. Апошнім часам у развіцці рэгіянальных СМІ ўсё больш выразна прасочваюцца некалькі тэндэнцый: пашырэнне аўтарскай журналістыкі, пераход на сучасны, больш зручны для ўспрыняцця чытачом дызайн перыёдыкі, а таксама новыя падыходы да інтэрнэт-сайтаў выданняў, імкненне да напаўнення электронных варыянтаў у рэжыме анлайн і да большай ступені візуалізацыі пры дапамозе фотаздымкаў, аўдыя- і відэазапісаў. Прычым сёння друкаваныя і інтэрнэт-версіі рэгіянальных газет — ужо далёка не адно і тое ж.

Нарэшце, яшчэ адна новая з'ява — усё больш актыўнае выкарыстанне СМІ магчымасцяў інтэрнэту для зваротнай сувязі з жыхарамі вобласці. І адным з найбольш адметных у гэтым плане стаў інтэрнэт-праект пад назвай «Народны кантроль». Гэта спецыяльны віртуальны сэрвіс, створаны для ўзаемадзеяння сродкаў масавай інфармацыі і грамадскасці Мінскай вобласці. Яго галоўная задача — прыцягненне ўвагі з дапамогай інтэрнэту да фактаў безгаспадарнасці і правапарушэнняў.

Зразумела, асобныя са зваротаў — тэма для журналісцкіх матэрыялаў, магчымасць прыйсці на дапамогу людзям. Журналістыка павінна захоўваць чалавечнасць. Гэты інтэрнэт-праект закліканы таксама звярнуць увагу на разнастайныя грамадска значныя падзеі, што адбываюцца на Міншчыне.

— Усё больш моладзі пераканана, што будучыня — толькі за інтэрнетам. І што традыцыйная сістэма сродкаў масавай інфармацыі проста не вытрымае канкурэнцыі і з цягам часу знікне...

— Недаацэньваць магчымасці інтэрнэту нельга — гэта сапраўды магутны камунікацыйны і інфармацыйны рэсурс. І ўсё ж я не стаў бы спісваць з рахункаў традыцыйныя аўдыявізуальныя і друкаваныя СМІ. Нават шчырыя прыхільнікі сеціва прызнаюць, што яно мае шмат недахопаў, і ў першую чаргу гаворка аб вялікай колькасці неправеранай, а часам нават хлуслівай інфармацыі. А плюс да таго інфармацыі вельмі павярхоўнай.

Так, інтэрнэт прапануе шмат навін. Але менавіта іх вялікая колькасць і калейдаскапічнасць вядуць да таго, што большасць такіх паведамленняў на наступны дзень элементарна забываецца з вельмі простай прычыны: спажывец інфармацыі проста не мае часу, каб спыніцца і падумаць.

У гэтым плане традыцыйныя СМІ з падборам найбольш значных звестак, з праверкай іх на сапраўднасць і аналізам падзей маюць бясспрэчную перавагу. І вельмі прыемна, што на змену інтэрнэт-эйфарыі прыходзіць попыт на прафесійную, якасную журналістыку.

— Але якасць газетных і аўдыявізуальных матэрыялаў ў першую чаргу залежыць ад падрыхтоўкі журналіста. Як павысіць яе ўзровень?

— Напэўна, ніводны чалавек не можа аднолькава добра разбірацца ў эканоміцы, медыцыне, футболе і навінках моды адначасова. А журналісту даводзіцца гэта рабіць літаральна штодня, бо адна з асаблівасцяў яго работы — хуткае пераключэнне на розныя тэмы. Таму адзіны шлях да павышэння прафесійнага ўзроўню супрацоўніка СМІ — пастаянная адукацыя. І ў гэтым выпадку журналісту трэба дапамагаць.

Вось чаму, лічу, адным з найважнейшых кірункаў дзейнасці Мінскай абласной арганізацыі Беларускага саюза журналістаў з'яўляецца правядзенне адукацыйных семінараў для работнікаў рэгіянальных СМІ з удзелам спецыялістаў у тых або іншых сферах. Мы плённа ўзаемадзейнічаем з галоўным упраўленнем ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Мінскага аблвыканкама, увогуле ва ўсіх журналісцкіх справах яны нашы добрыя дарадцы, надзейныя партнёры.

За апошні час з дапамогай абласнога камітэта па працы, занятасці і сацыяльнай абароне, а таксама абласнога ўпраўлення МНС мы ўжо наладзілі такія семінары па праблемах дэмаграфіі і асабістай бяспекі грамадзян. Супрацоўнічаем з абласным грамадскім саветам па дэмаграфічнай бяспецы. І падобная практыка супрацоўніцтва працягнецца. Гэта толькі адзін з прыкладаў той работы, якая ладзіцца абласной арганізацыяй БСЖ — дарэчы, адной з самых вялікіх рэгіянальных структур. Радуе тое, што ў бліжэйшай перспектыве нашы шэрагі адчувальна папоўняцца, прыходзіць моладзь. За ёй — будучыня.

— Шлях супрацоўніцтва — прынцыповы?

— Па сваёй натуры кожны журналіст настроены крытычна. Тым не менш думка, што прадстаўнікі СМІ спрабуюць паўсюль адшукаць выключна негатыў, цалкам памылковая. Абсалютная большасць журналістаў — шчырыя патрыёты Беларусі, яны робяць і будуць рабіць усё, каб кожны грамадзянін нашай краіны ганарыўся ёй, каб развівалася наша эканоміка і наша па-сапраўднаму адметная культура. І тут без супрацоўніцтва з іншымі дзяржаўнымі і грамадскімі структурамі, якія маюць такія ж мэты, проста не абысціся.

Прычым маю на ўвазе супрацоўніцтва па самых розных кірунках. Для СМІ з'яўляецца аднолькава важным і стварэнне прывабнага інвестыцыйнага і турыстычнага іміджу краіны, і папулярызацыя прадпрымальнасці, і аднаўленне гістарычнай спадчыны, і падтрымка роднага слова. Дарэчы, што да апошняга, то не магу не адзначыць вельмі добрыя стасункі Мінскай абласной арганізацыі Беларускага саюза журналістаў і Мінскага абласнога аддзела Саюза пісьменнікаў Беларусі. Ужо колькі гадоў з мэтай папулярызацыі творчасці сучасных літаратараў Міншчыны на старонках «Мінскай праўды» выходзіць тэматычная старонка «Далягляды». Летась, у год 130-гадовага юбілею з дня нараджэння Янкі Купалы і Якуба Коласа, а таксама 100-гадовага юбілею Максіма Танка мы ажыццявілі сумесную літаратурна-краязнаўчую акцыю «Шляхамі паэтаў». Яна мела вялікі грамадскі рэзананс. Гэты наш праект знайшоў сваё прадаўжэнне.

Напярэдадні 70-годдзя вызвалення Беларусі і Вялікай Перамогі мы наладзілі вандроўку «Шляхамі паэтаў: слова клікала ў бой». У яе межах — сустрэчы з чытачамі, краязнаўцамі, аматарамі роднага слова ў рэгіёнах, звязаных з імёнамі паэтаў-партызан, паэтаў-франтавікоў. Да прыкладу, Анатоля Астрэйкі — у Капылі, Івана Муравейкі — у Любані, Усевалада Сабліна — у Мар'інай Горцы і Рудзенску. У бліжэйшых планах таксама — арганізацыя зноў жа сумеснага конкурсу нарысаў на тэму шматдзетнай сям'і. Прычым вырашана, што пляцоўкай для рэалізацыі гэтага праекта стануць газеты «Мінская праўда» і «Звязда».

Аляксандр СУШКО

Выбар рэдакцыі

Навука

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Расказаў першы намеснік старшыні Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Рэспублікі Беларусь Дзяніс Каржыцкі.

Здароўе

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

Як вакцыны выратоўваюць жыцці і чаго можа каштаваць іх ігнараванне?

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.