Вы тут

Мадэрнізацыя — пастаянны працэс


Пытанні правядзення комплекснай мадэрнізацыі эканомікі Беларусі, а таксама работы малога і сярэдняга бізнесу знаходзіліся ў цэнтры ўвагі ў час даклада Аляксандру Лукашэнку 9 снежня намесніка прэм'ер-міністра Пятра Пракаповіча, паведамілі БЕЛТА ў прэс-службе кіраўніка дзяржавы.

Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што мадэрнізацыя, інакш кажучы, удасканаленне вытворчасці, — гэта пастаянны працэс. «Калі мы стварылі нават новае прадпрыемства сёння, то заўтра ўжо трэба яго ўдасканальваць, у адваротным выпадку адстанем. Я гавару гэта не ў апраўданне на тую крытыку, якая гучыць з боку некаторых нашых апанентаў, што вось несвоечасова мадэрнізацыю пачалі, што гэта вялікія грошы і гэтак далей. Нельга так ставіць пытанне: своечасова — несвоечасова. Кожны дзень трэба мадэрнізавацца, — лічыць кіраўнік дзяржавы. — На ўсё трэба звяртаць увагу і ўдасканальваць, пачынаючы ад сябе і заканчваючы ўсім, што вакол цябе. Гэта не падлягае сумненню».

Прэзідэнт звярнуў увагу, што яго непакоіць іншы момант. «Хацелася б, каб вы развеялі маю насцярожанасць. Так, мы мадэрнізуем прадпрыемствы, каб атрымаць перш за ўсё добры экспартны прадукт, таму што экспарт — гэта адзін з нашых прыярытэтаў, патрэбна валюта, гэта вечнае наша пытанне, якое мы, напэўна, будзем вырашаць яшчэ доўга, як і падобныя да нас дзяржавы вырашаюць такія пытанні. Ці не атрымаецца так, што мы сёння мадэрнізуем, узялі замежныя крэдыты, закупілі добрае абсталяванне, атрымалі прадукт, а заўтра зноў завалім ім склады і не зможам прадаць?» — сказаў кіраўнік дзяржавы.

Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што мадэрнізацыя ажыццяўляецца дзеля таго, каб атрымаць больш дасканалы прадукт і ў канкурэнтнай барацьбе на міжнародных рынках яго рэалізаваць.

Кіраўнік дзяржавы абазначыў яшчэ адну тэму — развіццё малых і сярэдніх прадпрыемстваў, праблемныя пытанні іх функцыянавання, а таксама гатоўнасць бізнесу працаваць у малых гарадах, дзе для яго створаны льготныя ўмовы. Акрамя таго, Прэзідэнт запатрабаваў далажыць аб сітуацыі з дзяржаўнай маёмасцю, якая не выкарыстоўваецца, і яе далейшым уключэннем у абарот.

Як адзначыў Пётр Пракаповіч, комплексная мадэрнізацыя беларускай эканомікі з'яўляецца галоўным напрамкам работы ўрада, таму што менавіта яна дае магчымасць павысіць прадукцыйнасць працы, вырашыць пытанні канкурэнтаздольнасці эканомікі. Праграма комплекснай мадэрнізацыі распрацавана на 2820 прадпрыемствах з дзяржаўнай доляй уласнасці, у тым ліку на 701 прадпрыемстве, дзе доля дзяржавы складае 50 працэнтаў і больш. Віцэ-прэм'ер са шкадаваннем заўважыў, што пакуль работа ідзе не так, як хацелася б. Ёсць частка прадпрыемстваў, дзе не пачалася тэхнічная, інвестыцыйная мадэрнізацыя, па розных прычынах, пачынаючы ад негатоўнасці дакументацыі і заканчваючы адсутнасцю тэндараў на закупку абсталявання.

Прэзідэнт звярнуў асаблівую ўвагу на тое, што неабходна праводзіць не толькі тэхнічную мадэрнізацыю, але і эканамічную, якая дае не меншыя вынікі без матэрыяльных укладанняў. Маецца на ўвазе ўдасканаленне і ўкараненне самых сучасных сістэм кіравання, няўхільнае выкананне патрабаванняў і тэхналогій па якасці прадукцыі, зніжэнню сабекошту, матэрыялаёмістасці, энергаёмістасці.

Кіраўнік дзяржавы звярнуў асаблівую ўвагу, што павінны быць максімальна выкарыстаны магчымасці, якія з'яўляюцца ў сувязі з мадэрнізацыяй дрэваапрацоўчых прадпрыемстваў. На яго думку, у гэтым напрамку трэба стымуляваць малы і сярэдні бізнес, асабліва ў мэблевай галіне, каб нарасціць экспарт і задзейнічаць адходы дрэваапрацоўкі. Прэзідэнт даручыў вывучыць, што тармозіць развіццё малога і сярэдняга прадпрымальніцтва, і далажыць яму.

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?