Вы тут

Храсток пад замену


Амаль 940 тысяч выпадкаў захворванняў косна-мышачнай сістэмы зарэгістравана ў нашай краіне. У апошнія дзесяцігоддзі значна вырасла такая захваральнасць сярод дзяцей і падлеткаў. Расце яна і сярод дарослых. Наогул, косна-мышачныя захворванні ўваходзяць у тройку найбольш распаўсюджаных груп захворванняў сярод дарослага насельніцтва Беларусі, Расіі, некаторых краін Еўропы (пасля хвароб сістэмы кровазвароту і органаў дыхання). На гэтую тэму падчас анлайн-канферэнцыі ў БЕЛТА размаўлялі старшы навуковы супрацоўнік лабараторыі паталогіі суставаў і спартыўнай траўмы Рэспубліканскага навукова-практычнага цэнтра траўматалогіі і артапедыі, кандыдат медыцынскіх навук Аляксандр МУРЗІЧ і загадчык лабараторыі траўматычных пашкоджванняў пазваночніка і спіннога мозга РНПЦ траўматалогіі і артапедыі, кандыдат медыцынскіх навук Андрэй МАЗУРЭНКА.

1386650339460_10-5

Паводле іх слоў, кожны трэці ва ўзросце 50-60 гадоў мае тыя ці іншыя праявы астэаартрозу. Праблемы з суставамі ёсць у кожнага другога 70-гадовага. Сярод прычын «амаладжэння» гэтых праблем называюць прыроджанае змяненне суставаў і пазваночніка (дысплазія, недаразвіццё сегментаў канечнасцяў), лішняя вага, цукровы дыябет, парушэнні эндакрыннай сістэмы. Акрамя таго, траўмы суставаў і канечнасцяў, празмерная нагрузка на суставы.

Кожная паталогія патрабуе сваёй прафілактыкі і лячэння. Вядома, што ў цэлым лад жыцця і харчаванне аказваюць прамы ўплыў на развіццё і функцыю суставаў. У большай часткі пацыентаў, якія лечацца ў аддзяленнях цэнтра траўматалогіі і артапедыі, — лішняя вага. Як правіла, такія пацыенты не толькі маюць лішак вугляводаў і тлушчаў у рацыёне, але і недастаткова рухаюцца. Лячэбная фізкультура, збалансаванае харчаванне з дастатковай колькасцю фруктаў і гародніны служыць не толькі прафілактыкай, але і з'яўляецца адным з момантаў лячэння.

— Гіпадынамія можа ўзмацняць праблемы з суставамі, — тлумачыць Андрэй Мазурэнка. — Падтрымліваць функцыі суставаў, у тым ліку пазваночніка, дапамагаюць размешчаныя вакол мышцы. Механізм не статычны. Мы добра ведаем па касманаўтах, як цяжка чалавеку вярнуцца з нерухомасці да звычайнага жыцця...

Праблема астэапарозу была і застаецца актуальнай для жанчын ва ўзросце пасля 50 гадоў. Астэапароз прыводзіць да дэфармацыі пазванкоў, суставаў, болевых адчуванняў. У гэтай катэгорыі хворых амаль немагчыма дабіцца атрымання сутачнай патрэбы кальцыю і вітаміну Д3 з дапамогай збалансаванага харчавання. Асабліва ў зімовы час. У Беларусі мала сонечных дзён на працягу года, у рацыёне вельмі мала малочных прадуктаў. Таму патрабуецца карэкцыя вітамінамі.

— У нашым цэнтры выкарыстоўваюцца самыя сучасныя тэхналогіі, — кажа Аляксандр Мурзіч. — За апошнія 5-7 гадоў цэнтр укараніў тэхналогіі астэасінтэзу для прымянення ў траўматалогіі. З'явілася магчымасць выкарыстання сучасных фіксатараў, з дапамогай якіх можна праводзіць аперацыі на ўсіх сегментах канечнасцяў. Наяўнасць гэтых фіксатараў паслужыла асновай для распрацоўкі новых методык для малаінвазіўнага астэасінтэзу ўсіх сегментаў канечнасцяў.

Асноўная тэндэнцыя ў артапедыі — аднаўленне страчанага або пашкоджанага храстка. Сёння замена храстка — самы эфектыўны метад лячэння. Вялікая ўвага надаецца распрацоўцы сучасных тэхналогій па трансплантацыі аўталагічных храстковых клетак — донарскіх клетак, якія перасаджваюцца замест пашкоджанага храстка. Распрацоўваецца і методыка трансплантацыі мезенхімальных ствалавых клетак і іх далейшая дыферэнцыроўка ў хандрацыты. Чакаецца, што ў бліжэйшыя гады з'явяцца клінічныя вынікі, якія дазволяць больш шырокае выкарыстанне такіх тэхналогій.

Цэнтр аказвае і ўсе віды хірургічнай дапамогі пры лячэнні паталогій пазваночніка. У аперацыях прымяняюцца імплантаты беларускай вытворчасці. Цэнтр таксама праводзіць хірургічнае лячэнне пухлін пазваночніка, хоць гэтым жа займаецца РНПЦ анкалогіі і медыцынскай радыялогіі.

У Беларусі дастаткова добры ўзровень хірургіі пазваночніка. Таму беларусы не маюць патрэбы ў замежных аперацыях для лячэння скаліёзаў, кіфатычнай дэфармацыі пазваночніка. Складанае тэхналагічнае хірургічнае ўмяшанне праводзіцца толькі пры дэфармацыі пазваночніка. Пры лячэнні болевых сіндромаў паяснічнага астэахандрозу прымяняюцца малаінвазіўныя тэхналогіі — айчынныя лазерныя ўстаноўкі.

Святлана БАРЫСЕНКА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Сёння пачаў работу УНС у новым статусе

Сёння пачаў работу УНС у новым статусе

Амаль тысяча дзвесце чалавек сабраліся, каб вырашаць найважнейшыя пытанні развіцця краіны. 

Навука

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Расказаў першы намеснік старшыні Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Рэспублікі Беларусь Дзяніс Каржыцкі.

Здароўе

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

Як вакцыны выратоўваюць жыцці і чаго можа каштаваць іх ігнараванне?

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.