Вы тут

Праваслаўную царкву ў Станькава аднаўлялі пяць разоў


Сённяшняя царква ў Станькава — пятая па ліку з тых, што стаялі на гэтым жа самым месцы. Ужо ў 1387 годзе маецца згадка, што тут была царква, а само мястэчка належала вялікаму князю Вітаўту. Пазней Станькавам валодалі князі Радзівілы, графы Чапскія, і яны таксама падтрымлівалі духоўнасць. Аднак давялося перажыць ліхія часіны, калі само існаванне храма ставілася пад пагрозу…

1386650352459_1

Маршрутка, што ідзе з Мінска спыняецца адразу каля царквы. Для будынка, які з'яўляецца помнікам гісторыі, храм выглядае даволі новым. Адразу побач з ім — дом, на шыльдзе якога пазначана, што тут жыў Герой Савецкага Саюза Марат Казей. А насупраць увахода ў царкву — прыгожае возера, за якім рассцілаецца вялізны парк. Здалёк відаць старажытная альтанка.

Блукаючы па падзямеллі

Зрабіўшы некалькі фотаздымкаў, спрабую разбіць абледзянелыя калюжыны. З царквы выходзяць будаўнікі; зразумеўшы, што я карэспандэнт, прапануюць пагутарыць. Тынкоўшчыкі Ігар Кот і Міхась Кузняцоў адразу пачынаюць расказваць, што ад царквы пад возерам ідзе тунэль. І зімой яго можна ўбачыць на абледзянелым возеры, пэўна, з за рознасці тэмператур. Кажуць, што калісьці бульдозер, які чысціў возера, упёрся ў дно каўшом і, праваліўшыся, пашкодзіў падземны ход, які часткова заліло вадой…

Да нас падыходзіць Алег Масліеў — навуковы кіраўнік рэстаўрацыйна-аднаўленчых работ царквы, галоўны архітэктар Мінскай епархіі.

Ён і стаў нашым праважатым у мінулае і сучаснасць Станькава:

— У 1852 годзе графам Эмерыкам Чапскім быў закладзены новы храм. Будаваўся ён па праекце вядомага рускага архітэктара Канстанціна Тона (аўтара храма Хрыста Збаўцы, Крамлёўскага палаца ў Маскве). У Беларусі гэта адзіны храм па праекце гэтага дойліда. Былі затрачаны вялізныя сродкі — некалькі тысяч рублёў серабром. Чапскі нават атрымаў найвышэйшую ўзнагароду ад імператара за будаўніцтва гэтай царквы. Асвячаў храм уладыка Міхаіл Галубовіч. Ён вёў дзеннікі, з якіх сёння можна шмат што даведацца з гісторыі гэтага збудавання. Там можна, напрыклад, прачытаць, што падчас асвячэння «іх светласці» ў храме не было, што нават засмуціла святара: маўляў, разам з графам будавалі, а на асвячэнне той не прыйшоў. Аднак нечакана падчас службы быццам з пад зямлі вырас граф са сваёй жонкай Лізаветай. Пасля асвячэння Галубовіч падышоў да Чапскіх і спытаў, як ім удалося трапіць у храм, калі нават дзверы не адчыняліся? На гэта Эмерык усміхнуўся і адвёў яго ў пакойчык, у якім яны па лесвіцы спусціліся ўніз, у падземны калідор, і трапілі па ім адразу на трапезу ў палацы.

Падземны калідор захаваўся да нашага часу. Напалову затоплены, а напалову эксплуатуецца дзіцячым домам: яго выкарыстоўваюць як склад, захоўваюць там лыжы, санкі, бульбу, старую мэблю. Увогуле ж у Станькаве засталося шмат тунэляў з часоў Радзівілаў. Яны былі, як вядома, яшчэ тымі «кратамі», кажа Масліеў, і перакапалі ўсю Беларусь. Чапскія гэту сістэму скарысталі, і фактычна кожны новы будынак стваралі над падземным ходам — так усе збудаванні аказаліся звязанымі: скарбніца, палац, царква, іншыя будынкі, нават пад альтанку ідзе падземны ход. Захаваліся старыя фотаздымкі, на якіх відаць гэтыя калідоры.

У пазнейшыя часы гісторыя станькаўскай царквы шчыльна звязана з жыццём і дзейнасцю святой Валянціны Мінскай. Гэтая жанчына была вядомай прарочыцай, бачыла наскрозь унутраны стан чалавека. Усё жыццё правяла ў няспынных малітвах, людзі часта звярталіся да яе па дапамогу.

1386650355561_2

Змаганне з крыжам

Спаўна зведаў храм і ліхія часіны. З 1936 года словы малітвы ў ім больш не гучалі. Падчас аднаго з зімніх набажэнстваў святара, яго жонку, чацвёра дзяцей, псаломшчыкаў, дыякана і ўсіх прыхаджан арыштавалі. Вясной 1937 года іх расстралялі (самаму малодшаму дзіцяці святара было меней за 4 гады).

У той жа час з царквы скінулі крыж.

— Прыйшлі пяцёра чэкістаў, — расказвае Алег Масліеў, — двое з іх залезлі на купал і сталі падсякаць крыж сякерай. Было добрае сонечнае надвор'е, ніводнай аблачынкі. Чэкісты працягвалі сваю працу, аднак крыж не паддаваўся, бо быў металічным, меў 300 кілаграмаў вагі і быў шчыльна заціснуты драўлянымі кружаламі. Верхавіну крыжа абвязалі вяроўкай, якую скінулі ўніз. Адначасова падсякаючы, сталі тузаць за вяроўку, чакаючы, пакуль крыж упадзе. У пэўны момант над царквой з'явілася невялічкае воблачка, аднак на гэта не звярнулі ўвагі. Прагучаў хруст, праз імгненне масіўны крыж паляцеў уніз з 25 метровай вышыні. Вяроўка, якая была прымацавана да яго, аблытала рукі чэкістаў. Яны, сарваўшыся, загінулі. Крыж прыдушыў і тых траіх, што стаялі ўнізе, бо ім не было відаць, адкуль ён ляцеў.

Аднак мясцовых людзей усхваляваў не гэты факт. Калі крыж ударыўся аб зямлю, грымнуў гром і лінуў моцны дождж — маленькае воблачка ператварылася ў вялізную навальнічную хмару. Непагадзь бушавала цэлыя суткі так, што ў суседняй вёсцы Каменка, якая ў 400 метрах ад царквы, змыла ласёў, што пасвіліся на палях.

Пасля гэтага выпадку Станькава заўсёды міналі дажджы. У наваколлі ліло як з вядра, а тут было суха. Сам Алег Масліеў нярэдка быў сведкам такіх з'яў. Раней маршруткі ў Станькава не хадзілі, даводзілася пехатой ісці ў Дзяржынск, і як толькі ён мінаў мост праз раку Уса, за якой пачынаўся іншы населены пункт, там лівень стаяў сцяной, а з боку Станькава ніводнай кроплі не было. Людзям, каб паліць агароды, даводзілася то з возера ваду чэрпаць, то спустошваць калодзежы.

Толькі пасля пачатку аднаўленчых работ у царкве сітуацыя змянілася. Дажджу бывае столькі, што часам нават даводзіцца прасіць, каб яго было менш, заўважае Алег Масліеў.

1386650358189_3

Калі і сценам балюча

Лёс храма за савецкім часам складваўся нярадасна. Там сталі захоўваць збожжа, у ваенны час — зброю. Пры немцах спрабавалі аднавіць набажэнствы, аднак праз два тыдні тыя расстралялі святара за сувязь з партызанамі. Калі вайна скончылася, дах сталі разбіраць на будаўніцтва сельсавета і іншых калгасных пабудоў.

Вясной 1961 га з за таго, што храм «псуе пейзаж», было вырашана яго ўзарваць. Мясцовыя ўзгадваюць, што з Мінска сюды прывезлі падрыўніка, які распарадзіўся на ўзроўні паўтара метра зрабіць зандажы, у іх закласці дынаміт, абвязаць дротам. Жыхароў з навакольных дамоў эвакуявалі. Людзі сабраліся на супрацьлеглым беразе возера, бо да месца выбуху іх не падпускалі — усё было ачэплена вайскоўцамі з аўтаматамі. Расказвае Масліеў:

— Апоўдні прагрымеў першы выбух. Воблака пылу ахінула храм. Калі яно разышлося, усе ўбачылі, што царква стаіць цэлая. На людзей гэта зрабіла моцнае ўражанне, многія ўбачылі ў гэтым Божую руку. Яшчэ праз паўгадзіны прагрымеў другі выбух. Зноў воблака пылу паднялося вышэй за царкву, яна падскочыла. Калі пыл асеў, аказалася, што будынак яшчэ стаіць, толькі пайшлі глыбокія расколіны па фасадзе. Яшчэ адзін выбух, праз 30–40 хвілін, змог нарэшце раскалоць метровай таўшчыні сцены. Абрынуліся скляпенні, у бок возера ўпала званіца. Увесь храм узрываць пабаяліся, бо побач стаялі жылыя дамы: раптам якая са сцен абрынецца. Тады вырашылі парасцягваць іх у розныя бакі. З мясцовай ваеннай часці прыгналі два баты (цяжкая ваенная тэхніка, якая разбурае розныя збудаванні, капае акопы, траншэі). Да іх прычапілі па пяць сталёвых тросаў і рухамі ўзад-уперад сталі перапільваць сцены. Адначасова адбойнымі малаткамі падбівалі тыя месцы, дзе хадзілі тросы. Аднак ажыццявіць задуму не ўдавалася: псаваліся рухавікі ў танках, ірваліся тросы, ламаліся малаткі — і мясцовыя жыхары паднялі такі гвалт, што гатовы былі на руках вынесці прэч гэтыя танкі. Святыню знявечылі і забыліся на яе.

Пасля тых жудасных падзей руіны царквы стаялі 45 гадоў, чырвонай плямай адлюстроўваючыся ў возеры. Да таго ж храм быў зроблены з цэглы-сырца, таму падчас дажджоў гліну вымывала, і яна чырвонымі струменямі цякла па сценах…

У 1972 годзе зноў спрабавалі разбурыць царкву, ужо з за таго, што яна ўяўляе сабой небяспеку для мясцовых жыхароў. Да таго ж на гэтым месцы задумалі будаваць лодачную станцыю. Аднак мясцовыя жыхары сталі ў ачапленне і не далі нікому падысці да царквы. Таму яна выстаяла.

1386650361722_4

Новае жыццё царквы

Адраджаць храм пачалі толькі ў наш час. У 1997 годзе была арганізавана праваслаўная суполка, якая пачала рабіць спробы аднавіць царкву. Аднак у той час яна ўжо стала помнікам архітэктуры: новыя тэхналогіі і матэрыялы прымяніць было немагчыма. Да таго ж руіны стаялі, як соты, да якіх невядома як было падысці. Таму работы так і не ўдалося распачаць.

У 2006 годзе было атрымана архіпастырскае бласлаўленне на аднаўленне станькаўскай царквы. Вясной таго ж года пачалася распрацоўка навуковай праектнай дакументацыі. А ўжо ўвосень быў атрыманы афіцыйны дазвол з Міністэрства культуры і ў сцяну храма была ўкладзена першая цаглінка.

Алег Масліеў расказвае:

— У аднаўленне царквы ўжо ўкладзена звыш 2,5 мільёна долараў. З іх больш за 2 мільёны — гэта ахвяраванні. І 450 тысяч — дапамога дзяржавы. На работы, якія засталіся, патрэбна яшчэ 2 мільёны долараў: адзін — на агульнабудаўнічыя работы і яшчэ адзін — на царкоўныя рэчы. У руіны было ўкладзена 22 вагоны цэглы. У Обылі Віцебскай вобласці на заводзе была спецыяльна замоўлена цэгла-сырэц — такая ж, як выкарыстоўвалася калісьці. Усе матэрыялы, якія выкарыстоўваюцца, аўтэнтычныя. З сучасных — толькі электрыка і падлога з падагрэвам — каб не вешаць на сцены радыятары. І лесвіца на другі паверх зроблена не з дрэва, як калісьці, а з металу, — на гэтым настаялі пажарнікі. Для працоўных работ выкарыстоўваецца вапнава-пясчаная сумесь, а не сучасны бетон. Пад заваламі знайшлі фрагмент пліткі са старой падлогі — па гэтым узоры заказалі такую ж. Вокны і дзверы зроблены з сібірскай лістоўніцы. Праводзілася хімічная экспертыза старой тынкоўкі. Новая, якая выкарыстоўваецца на рэстаўрацыі, ёй цалкам адпавядае. Колер купала таксама падабраны па знойдзеным фрагменце.

У Станькаве праводзіцца такая акцыя, як «імянная цаглінка». Па меры ўзвядзення сцен на цаглінках запісваліся імёны тых, хто ахвяраваў грошы. Поўныя спісы людзей, якія ўнеслі свае сродкі ў аднаўленне, будуць змешчаны ў спецыяльную капсулу, якую перад самым заканчэннем работ замуруюць у храме. Цяпер жа за ўсіх гэтых людзей кожны дзень ідзе малітва.

Першая служба прайшла ў храме ўжо ў 2008 годзе. Сёлета з 19 снежня і да Вялікадня таксама будуць весціся набажэнствы. Пасля гэтага рэстаўрацыйныя работы будуць працягнуты, і да канца лета ці пачатку восені адрэстаўраваная царква набудзе свой канчатковы выгляд і стане дзейнічаць пастаянна.

Ніна ШЧАРБАЧЭВІЧ.
фота аўтара.
Дзяржынскі раён

Чаму вырашылі паехаць?

Недалёка ад Мінска. Рэстаўрацыя царквы ідзе даволі хутка і ў бліжэйшы час скончыцца. Побач знаходзяцца рэшткі графскіх пабудоў, маляўнічае возера і парк.

Як дабіраліся і ў колькі абышлося?

На маршрутцы Мінск—Станькава ў адзін бок 16 тысяч. На ўсё выдаткавана 32 тысячы.

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Прэзідэнт: сцяг і герб Беларусі адлюстроўваюць нацыянальную ідэю народа — імкненне да незалежнага і мірнага жыцця

Прэзідэнт: сцяг і герб Беларусі адлюстроўваюць нацыянальную ідэю народа — імкненне да незалежнага і мірнага жыцця

Урачысты рытуал ушанавання дзяржаўных сцяга і герба праходзіць у Мінску з удзелам Аляксандра Лукашэнкі.