Вы тут

З тугой па радзіме


…Сказаць каму, не зразумее — у рэстаран мы пайшлі не таму, што нехта паклікаў ці мулялі грошы, не таму, што хацелася есці ці адпачыць… Нас завабілі… кветкі: высокія, жоўтыя і насамрэч залатыя шары! У нас, у Беларусі, у верасні яны цвітуць ці не ў кожным гародчыку (ды што там — нават на сметніках!). Тут жа, у Балгарыі, мы не бачылі іх нідзе і ні разу! А яны, між тым, ёсць!.. Нехта прывёз! Яно ж цікава — хто? Цікава — чаму і адкуль?..

Хоць, шчыра кажучы, адказ быў відавочным. Ну напэўна ж, нейкім лёсам у гэты гарадок закінула некага з нашых — з беларусаў, з землякоў (а хутчэй, з зямлячак); ну напэўна ж, жывучы тут, сумаваў чалавек па сваёй радзімцы, хацеў хоць нешта перанесці з тамтэйшага жыцця ў гэтае…

І таму — за тысячы вёрст — перавёз жменьку жывучых карэньчыкаў, пасадзіў, вырасціў… Вось тут, ля ўваходных дзвярэй… А значыць, нам, беларусам, сам Бог загадаў адчыніць іх, зайсці, заняць вольны столік. І тым самым скарыстацца шанцам не толькі на кубачак кавы, але і на знаёмства, размову…

Мы, як аказалася, замнога хацелі. Бо малады ўслужлівы афіцыянт быў гатовы (і з дарагою душой, што называецца!) ад пуза накарміць, напаіць… Аднак зразумець нашай цікавасці да нейкіх там кветак… Ну растуць яны і растуць… Ды гадоў, можа, з дваццаць… «Хто пасадзіў?» — «Ды якая розніца?»

Гэтага нават на кухні ніхто не ведаў.

Аднак аб тым, што зайшлі ў той рэстаран, мы не шкадавалі, бо ў нас засталася рэдкая фотакартка двух адпачывальнікаў з тымі залатымі шарамі (фатаграфавацца з імі дома? Ды ў галаву нікому не прыйшло б!)… Да таго ж мы вельмі добра пасядзелі — ва ўтульнай зале за прыгожым сталом…

Ён, дарэчы, быў засланы досыць цікава: упоперак, двума адмысловымі не то ручнікамі, не то дарожкамі з сурвэткамі па канцах, што не хавала ад вачэй прыгажосці драўлянай стальніцы і ў той жа час добра засцерагала яе.

А таму, прыехаўшы з вандроўкі, ці не першае, што зрабіла — дастала з шафы ўсе свае ручнікі, панесла на кухню — мераць. Нейкія з іх былі безнадзейна кароткімі, нейкія — вузкімі…

Нічога не даў і паход у краму. Значыць, рэстаран той (разам з кветкамі-ручнікамі) так і застаўся б прыгожым ўспамінам, калі б…

Калі б надоечы на кірмашы не трапілі на вочы дарожкі — «майго памерчыку», як казаў Папандопала, патрэбнага колеру, з патрэбнай тканіны!

— А сурвэткі да іх ёсць? — узрадавана спытала ў прадавачкі.

Тая пакруціла галавой: няма…

Без іх не мела сэнсу і купля дарожак. Таму ў надзеі падабраць іх, можа, з нейкай іншай тканіны пад наглядам усё той жа прадавачкі досыць доўга тапталася ля паліц, доўга прыглядалася… І перабрала, здаецца, усё — марна…

— В продаже комплекты такие есть, — раптам «знайшлася» гандлярка. — Вот, посмотрите!

І з гэтым словам яна падала мне прыгожую каробку, у якой ляжалі… дзве дарожкі і да іх чатыры сурвэткі — якраз тое, што трэба! Проста жанчына (ну трэба ж было здагадацца!) не разумела маёй беларускай мовы, а таму не ведала, пра што я ў яе пытаюся і што так доўга шукаю на паліцах…

Добра ўсё, што добра канчаецца: купля ўсё ж адбылася, стол накрыты — разумна, прыгожа. Акурат як там, у Балгарыі…

Адзінае — асадак застаўся. Падумалася: гэта шчасце, што словы «хлеб», «мяса», «малако» і па-беларуску, і па-руску гучаць аднолькава. Інакш магла б застацца не тое што без сурвэтак — без ежы…

Валянціна Доўнар

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».