Вы тут

У кожнага дзіцяці будзе свята


Падчас навагодняй дабрачыннай акцыі «Нашы дзеці» плануецца наведаць не менш за 257 дзіцячых сацыяльных устаноў па ўсёй краіне. Дзякуючы гэтаму падарункі змогуць атрымаць каля 15 тысяч дзяцей. Пра гэта паведамілі прадстаўнікі Міністэрства адукацыі падчас прэс-канферэнцыі.

Акцыя пройдзе з 11 снежня па 10 студзеня, удзел у ёй пацвердзілі ўжо 85 арганізацый. Але намеснік міністра адукацыі Віктар Якжык заўважыў, што іх колькасць павялічыцца. Плануецца, што, як і летась, да мерапрыемства далучацца ўсе дзяржаўныя міністэрствы і ведамствы, грамадскія аб'яднанні, банкі, прыватныя кампаніі і грамадзяне. Падчас акцыі прадстаўнікі арганізацый наведаюць дзіцячыя дамы (у тым ліку сямейнага тыпу), бальніцы, інтэрнаты і іншыя сацыяльныя ўстановы і акажуць ім адрасную дапамогу.

Цэнтральнай падзеяй акцыі традыцыйна стане навагодняе свята «Галоўная ёлка краіны» з удзелам кіраўніка дзяржавы, якое пройдзе 27 снежня ў Палацы Рэспублікі. На яго будуць запрошаны дзеці-сіроты з усіх рэгіёнаў краіны, апроч таго — гадаванцы кадэцкіх вучылішчаў, вучні-пераможцы міжнародных і рэспубліканскіх алімпіяд, творчых конкурсаў і фестываляў, спартыўных спаборніцтваў, а таксама навучэнцы, якія дасягнулі поспеху ў грамадскай рабоце.

Прадстаўнікі Мінадукацыі адзначылі, што і дзеці, якія знаходзяцца ў спецустановах, таксама атрымаюць віншаванні. «У межах акцыі важна дайсці да кожнага дзіцяці», — падкрэсліла кансультант упраўлення сацыяльна-выхаваўчай і ідэалагічнай работы Мінадукацыі Алена ГАЛАЎНЁВА. Па яе словах, цяпер на ўліку знаходзіцца больш за 20 тысяч непаўналетніх. «Гэта не паказчык праблемнасці, а паказчык таго, што менавіта гэтым дзецям сёння неабходна асаблівая ўвага».

Рэспубліканская навагодняя дабрачынная акцыя «Нашы дзеці» сёлета будзе ладзіцца ўжо 19-ты раз.

Дзіяна СЕРАДЗЮК

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».