Вы тут

Вiльнюс і Мiнск звяжа трансеўрапейская магiстраль


Цяпер кiроўцы аўтамашын, якiя едуць ад сталiцы Лiтвы ў бок Беларусi, могуць уздыхнуць з палёгкай. Раней намечаных тэрмiнаў закончылася рэканструкцыя лiтоўскай часткi трансеўрапейскай дарогi Е28 (А3).

Гэты адрэзак шляху вельмi iнтэнсiўна эксплуатаваўся. За суткi тут праязджала больш як 3,5 тысячы аўтамабiляў, кожны чацвёрты з iх — грузавы.

Падчас мадэрнiзацыi дарогi ўкаранёны найноўшыя меры бяспекi руху i аховы навакольнага асяроддзя, ажыццёўлена рэканструкцыя электрычных i электронных камунiкацыйных сетак i мелiярацыйных сiстэм, асвятленне пешаходных пераходаў. На гэтым участку заменена старое бетоннае пакрыццё. Усе работы каштавалi 43,6 млн лiтаў.

«Рэканструкцыя гэтага ўчастка дарогi будзе спрыяць далейшаму развiццю лiтоўска-беларускiх эканамiчных адносiн, павелiчэнню таваразвароту, паляпшэнню ўмоў для турызму. Для беларусаў палепшацца i зносiны з Клайпедскiм марскiм портам», — сказаў, вiншуючы будаўнiкоў з паспяховым заканчэннем работ, мiнiстр зносiн Лiтвы Рымантас Сiнкявiчус.

Так ужо склалася, што i Вiльнюс пастараўся. Будаўнiчыя работы 2 га этапу Заходняй аб'язной дарогi ў Вiльнюсе таксама ўдалося завяршыць раней намечаных тэрмiнаў. Пракладзена паралельная праспекту Лайсвес хуткасная вулiца працягласцю 2,84 км з шасцiпалосным рухам у абодва бакi. Цяпер кiроўцы, якiя едуць з боку Мiнска або Каўнаса, змогуць ездзiць на хуткасцi 80 км па Укмяргскiм накiрунку, абыходзячы цэнтр горада i многiя мiкрараёны. А гэта прамая дарога не толькi ва Укмярге, але i ў Панявежыс, Рыгу.

«Кошт будаўнiцтва другога этапу гэтай дарогi склаў больш як 211 млн лiтаў. Дзякуючы гэтым iнвестыцыям нарэшце ў коранi зменiцца сiтуацыя на праспекце Лайсвес, па якiм за суткi праязджае больш як 30 тыс. аўтамабiляў. Палепшацца ўмовы i для транзiтнага транспарту, якi рухаецца з Мiнска ў Рыгу, Талiн. Радуе, што гэты падарунак для ўсiх кiроўцаў удалося зрабiць яшчэ да Каляд», — сказаў мэр Вiльнюса Артурас Зуокас.

Добрыя дарогi толькi зблiжаюць. Тым больш такiя суседнiя краiны, як Лiтва i Беларусь, таваразварот памiж якiмi з кожным годам павялiчваецца. У 2012 годзе ён упершыню перавысiў 1,5 млрд долараў ЗША. Немалая доля гэтых тавараў была перавезена па дарозе Вiльнюс — Мiнск.

Вiтаўтас ЖЭЙМАНТАС, уласны карэспандэнт «Звязды» ў Лiтве.
Вiльнюс.

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?