Вы тут

Захоўванне азiмага часнаку


Азiмы часнок без страт захоўваецца нядоўга — усяго некалькi месяцаў. Вядома, руплiвым гаспадарам, якiя ведаюць шмат хiтрасцяў доўгажыхарства агароднiны, удаецца пратрымаць яго ў засеках да вясны. Але тут здароўе галовак — асноўная ўмова. Аднак хваробы часнаку адразу непрыкметныя.

1386819014614_12-26

Магчымыя хваробы часнаку пры захоўваннi

Шыйкавая гнiль, мабыць, самае распаўсюджанае грыбковае захворванне. Агароднiна размякчаецца, становiцца вадкай, жаўтлявай альбо наогул мумiфiкуецца.

Нападаюць на яго i iншыя iнфекцыi, узбуджальнiкамi якiх становяцца грыбы. Напрыклад, рознакаляровыя цвiлi — зялёная, шэрая, чорная. Пры першай (яе яшчэ называюць пенiцылёз) некаторыя зубкi становяцца вялымi, на сакавiтай тканцы ўтвараюцца ўцiснутыя светла-жоўтыя плямы, якiя потым пакрываюцца зялёным плесневым налётам. Вельмi дробныя споры грыба пачынаюць распаўсюджвацца ўглыб i ўшыр, калi лускавiнкi прарываюцца: з аднаго пашкоджанага зубчыка яны адразу пранiкаюць ўсярэдзiну галоўкi. Зубкi зморшчваюцца, цямнеюць, крышацца. Часнок становiцца пустым. Споры разлятаюцца вакол, i праз 2—3 месяцы зялёная цвiль ахоплiвае ўвесь часнок. Шэрая цвiль любiць сялiцца на баках i донцы зубкоў. Яе знак адрознення — шэры пухнаты налёт. Чорная цвiль, або аспергiлёз, пашкоджвае верхнiя лускавiнкi. Памiж iмi ўтвараецца чорная маса дробных спор, якiя заражаюць суседзяў не толькi пры прамым кантакце, але i разлятаючыся па паветры.

Бывае ў часнаку i белая гнiль, быццам светлае макавае насенне на зубках. А сканчаецца ўсё банальным гнiеннем.

Часам гнiлi i цвiлi правакуе бактэрыёз часнаку, прычынай якога становяцца ўжо не грыбы, а бактэрыi. На зубках падчас захоўвання з'яўляюцца паглыбленыя болькi i палоскi, якiя iдуць ад донца ўгору. Тканкi робяцца перламутрава-жоўтымi. Гэтая хвароба выдатна маскiруецца. Калi вы з нядбайнасцю паставiцеся да апiсаных сiмптомаў i пасадзiце нездаровыя зубкi на градку, у тэрмiн з'явяцца ўсходы, якiя нават будуць нармальна развiвацца. Аднак увесь ураджай або яго львiная доля акажацца няякасным.

Наогул усе апiсаныя хваробы рэдка ўзнiкаюць паасобку. На адной галоўцы бывае да 3-4 захворванняў. А прадухiляюць усе хваробы аднолькава. Паколькi дачны ўраджай не такi вялiкi, як прамысловы, пратручваць заражаны часнок фунгiцыдамi не варта.

Экалагiчнасць вырашчаных прадуктаў — вышэй за ўсё! Таму пойдзем абсалютна бяспечным для здароўя шляхам: раз на 10 дзён станем аглядаць часнок, якi захоўваецца, i выдаляць падазроныя галоўкi. А каб такiя як мага даўжэй не з'яўлялiся, трэба стварыць ураджаю аптымальныя ўмовы.

Па-першае, пакiнуць на зiму толькi прасушаны, шчыльны часнок. Зубкi не павiнны лёгка аддзяляцца ад донца, iнакш знiжаецца ўстойлiвасць да хвароб.

Па-другое, трэба падтрымлiваць нулявую тэмпературу захоўвання, а лепш нават мiнусавую (1-2°С). Пры ёй спыняецца развiццё грыбоў, а значыць, гнiлi i цвiлi. А вось калi слупок тэрмометра падымаецца вышэй за 0°С, галоўкi хварэюць, усыхаюць альбо пачынаюць прарастаць.

Па-трэцяе, неабходна сачыць за вiльготнасцю ў памяшканнi, аптымальны паказчык для часнаку — не больш за 70-80%. Таму часнок нельга захоўваць разам з агароднiнай, для якой такое паветра занадта сухое. У памяшканнi з такiмi параметрамi здаровы часнок мае сэнс трымаць у палатняных мяшэчках, на якiя надзяваюць полiэтыленавыя пакеты, пакiдаючы iх адкрытымi. Калi ўраджай ляжыць у цёплай кладоўцы, праз месяц пакет завязваюць, каб часнок не завяў.

Ірына Тамковіч

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.