Вы тут

І думка, і палёт, і страсць...


Вялікая радасць — адкрыць новы талент. Яшчэ большая — адчуць, што здольны падтрымаць яго, дапамагчы раскрыцца і сцвердзіцца ў гэтым жыцці. Х Рэспубліканскі мастацкі конкурс, што праходзіў у лістападзе ў Мінскім дзяржаўным мастацкім каледжы імя А. Глебава, у якім удзельнічала больш за сто юных мастакоў з усёй Беларусі, быў багаты на творчыя адкрыцці. Але сёння мне вельмі хочацца расказаць пра ўсяго аднаго з пераможцаў — навучэнку 3 курса гімназіі-каледжа мастацтваў імя І.В. Ахрэмчыка Рыпсімэ Геваркян, якая стала лепшай у намінацыі «Скульптура». І таму што ведаю яе асабіста, і таму што ёй з юных гадоў выпала шчасце вучыцца ў аднаго з самых яркіх нашых скульптараў Святланы Гарбуновай.

1386819828585_12-14

Ці не самым адказным заданнем на конкурсе было стварэнне ўласнай кампазіцыі на зададзеную тэму «Легенды і паданні». Як прызнаецца Рыпсімэ, яна адразу ўбачыла, што будзе ляпіць. Вітаўт, Грунвальдская бітва, коні, што быццам з'яўляюцца з самое зямлі, зламаны шчыт, які ратуе крыж і чалавека, героя, што паўстае па-над стыхіяй бою...

— Рыпсімэ з тых, пра каго кажуць «пацалаваная Богам». Але пры гэтым яе вылучаюць незвычайнае працалюбства, выдатнае выхаванне, далікатнасць, унутраная культура, — з захапленнем кажа Святлана Гарбунова, якая ўжо некалькі гадоў выкладае ў групе, дзе займаецца Рыпсімэ Геваркян. — У мяне ёсць вопыт, а ў яе ёсць што сказаць свету, таму нам разам вельмі цікава. Мне вельмі хочацца перадаць ёй не толькі нейкія прафесійныя сакрэты, але і навучыць верыць у сябе, у свой талент, у сваю зорку. У ёй проста пульсуе радасць спазнання. Яна шмат працуе і пры гэтым імкнецца пакінуць у творы, як кажуць, неруш першага натхнення. Я сама ў свой час скончыла гімназію-каледж мастацтваў імя І.В. Ахрэмчыка і заўжды з удзячнасцю згадваю свайго першага настаўніка Барыса Часлававіча Лазарэвіча. Гэта ён даў нам, зусім юным сваім вучням, зразумець, што скульптура — гэта і веды, і палёт, скульптура — гэта і школа, і думка, і страсць.

Рыпсімэ стварае вельмі глыбокія вобразы. У яе лепшых, здавалася б, зусім рэальных шматфігурных кампазіцыях заўжды застаецца нешта таемнае, неразгаданае...

У свой час Рыпсімэ раптам захапілася вобразам Напалеона і стварыла на гэтую тэму некалькі кампазіцый. Мне здаецца, што тэма ролі асобы ў гісторыі яе хвалюе асабліва. Асобы, якая, хоча таго ці не, нясе ў сабе і генетычны код, і тую іскру, якую заклаў у яе пры нараджэнні Бог, і тое, што заклалі бацькі і настаўнікі.

Маці Рыпсі, па адукацыі філосаф, цяпер працуе на міжнародным аддзяленні Беларускай Акадэміі музыкі, бацька — інжынер. Рознымі шляхамі ў зусім маладым узросце яны, армяне, трапілі ў Беларусь. Тут нарадзілася іх каханне, тут нарадзіліся Рыпсі і яе брат. З маленства Рыпсі спявала (у яе незвычайны, цудоўны голас) і малявала. Спявала яна беларускія, армянскія, рускія песні, сусветную класіку, малявала і родную Арменію, і родную Беларусь. Калі ў 7 класе паступіла ў гімназію-каледж мастацтваў імя
І.В. Ахрэмчыка, зразумела, што на тое, каб сур'ёзна займацца і скульптурай, і спевамі, часу не хапае. І цалкам аддалася скульптуры.

— Рыпсімэ, ці ёсць той скульптар або скульптары, якія дапамагаюць вам рабіць уласныя адкрыцці?

— Назваць толькі кагосьці аднаго не магу. Захапляюць скульптуры, якія знаходзяцца ў каталіцкіх храмах, творы Радэна, у якіх ёсць эмацыянальнасць на грані экспрэсіі. Армянскі скульптар Ервант Кочар уразіў мяне не толькі сваімі класічнымі, добра ўсім вядомымі коннымі скульптурамі, але і авангардысцкімі творамі, што экспануюцца ў яго музеі. Важна, каб скульптура была простаю і пры гэтым мела глыбокі сэнс. Я гэта зразумела дзякуючы Паўлу Валяр'янавічу Лявонаву, у якога мне пашчасціла вучыцца. Ён прывіў мне любоў да скульптуры.

— Але, як цяпер разумею, сустрэча са Святланай Гарбуновай стала для вас лёсавызначальнай. Дарэчы, калі згадаць яе лепшыя творы (напрыклад, помнік Сымону Буднаму ў Нясвіжы), яе тэма асобы і яе ролі ў гісторыі таксама хвалявала з юных гадоў...

— Святлана Рыгораўна штодня раскрывае мне ўсё новыя і новыя магчымасці скульптуры, дапамагае паглыбіцца ў вобраз, раскрывае прафесійныя таямніцы. Яна так шчодра дзеліцца ўсім, што ведае...

— Прыйдзе час, і вы самі будзеце выбіраць матэрыял для сваіх работ. Гліна, пластылін, дрэва, мармур, граніт, бронза... А з якім матэрыялам вам сёння падабаецца працаваць?

— З глінай... Ёсць магчымасць давесці вобраз да строгай дасканаласці і пры гэтым захаваць выбух эмоцый. Гліна, як ніякі іншы матэрыял, здольная захаваць пераходы фактуры, жывое жыццё...

Рыпсі — вялікі эксперыментатар. Яна паспела папрацаваць з рознымі матэрыяламі, і нават са... снегам. На гарадскім конкурсе снежных і лядовых скульптур у Батанічным садзе кампазіцыя, якую Рыпсі зрабіла са сваімі аднакурснікамі, была адной з лепшых. Вясною ў Беларускай акадэміі музыкі праходзіла персанальная выстава яе работ.

Узіраюся ў эмацыянальныя і пры гэтым вельмі цэласныя скульптурныя кампазіцыі Рыпсімэ Геваркян і ў спляценні ліній бачу не толькі пластыку нашых беларускіх узгоркаў, але і вастрыню армянскіх гор. Ведаю, што беларускую культуру Рыпсімэ, як і яе бацькі, успрымае душою. Дарэчы, яна размаўляла са мной на цудоўнай беларускай мове.

Калісьці выдатны рускі скульптар Вера Мухіна сказала: «Скульптура вучыць думаць углыбіню». А глыбіня пачынаецца з паўзы, з таго імгнення, калі чалавек прыслухоўваецца да навакольнага свету і да самога сябе. Рыпсімэ ўмее не толькі працаваць, але і своечасова зрабіць паўзу. Яна слухае і чуе...

Галіна БАГДАНАВА.

Выбар рэдакцыі

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Зоркі абяцаюць шмат прыемных момантаў і добрых навін для Блізнятаў.

Памяць

Партызанскі ўнёсак у «Баграціён»

Партызанскі ўнёсак у «Баграціён»

Беларуская наступальная аперацыя пачалася 23 чэрвеня 1944 года.