Вы тут

«Набіць» руку і не параніць сэрца...


Гэты горад раздзяляе на дзве часткі чыгуначнае палатно: цягнікі адсюль ідуць ажно ў чатырох кірунках. Мы ў Асіповічах, адкуль сем гадоў таму паехаў вучыцца ў сталіцу Леанард Пракапенка. Скончыўшы Беларускі дзяржаўны медыцынскі ўніверсітэт, ён стаў хірургам, а адпрацоўваць размеркаванне накіраваўся ў родны горад. Што такое «класічная» хірургія, чаму доктар ніколі не надзене кашулю навыварат і як не «згарэць», кожны дзень сутыкаючыся з людскім горам, чытайце ў нашым артыкуле.

1386819844425_1

Першы стрэс, першае шво...

У бальнічным калідоры нас сустракае малады доктар. У Асіповічах Леанард працуе з гэтага лета. За плячыма — шэсць гадоў вучобы ва ўніверсітэце плюс год інтэрнатуры.

— Усе ведаюць, што студэнцтва — самы лепшы час, але калі гаворка ідзе пра медыцынскі ўніверсітэт, то тут усё крыху па-іншаму, — успамінае доктар. — Навучанне забірала вельмі шмат часу. У некаторыя дні мы маглі вучыцца літаральна з 8 раніцы да 8 вечара.

Медыцынская сцежка — зусім не сямейная традыцыя. У бацькоў Леанарда мастацкая адукацыя. Бацька да таго ж быў вайскоўцам.

— Які матыў падштурхнуў пайсці ў медыцыну, ужо нават не памятаю, — кажа Леанард. — Але цяпер думаю, што ўсё ж не памыліўся. Раз няма думак прафесію пакінуць, ды і атрымліваецца нешта, значыць, выбар быў правільным.

Найбольш складана даліся першыя тры гады ва ўніверсітэце. У гэты перыяд чыталася шмат розных «даклінічных» прадметаў, якія былі дадатковай нагрузкай да і без таго насычанага раскладу заняткаў. Пасля стала крыху лягчэй: у галаве ўжо назапасіліся патрэбныя веды, ды і вопыт у вывучэнні за адзін вечар неверагоднай колькасці інфармацыі паспеў з'явіцца. Да таго ж пачалася практыка, а гэта ўжо нашмат цікавей.

— Але паступова я адчуў, што адведзеных на яе гадзін вельмі мала. На старэйшых курсах ніхто асабліва не прымушае ісці паралельна з вучобай працаваць у медыцынскую ўстанову, каб атрымаць дадатковыя веды, — кажа Леанард.

Як ён мяркуе, калі студэнт мае нейкую мэту, то сам шукае для сябе такую магчымасць. Калі гэтага не рабіць, можна скончыць універсітэт, так і не папрысутнічаўшы на аперацыі нават у якасці асістэнта.

Першае хірургічнае шво Леанард змог накласці, калі быў на трэцім курсе. На многіх аперацыях даводзілася быць асістэнтам, але найбольш запомніўся выпадак, які здарыўся за межамі аперацыйнага блока. Аднойчы падчас працы на «хуткай» прыйшлося ратаваць мужчыну, што парэзаў сабе сонную артэрыю. І гэта быў не няшчасны выпадак.

— Мы ўвайшлі ў дзверы, а за імгненне да гэтага чалавек паспеў пашкодзіць сабе артэрыю і ляжаў у крыві. Усё вырашалі секунды. На шчасце, мужчыну ўдалося выратаваць, — успамінае Леанард.

За час вучобы яму давялося папрактыкавацца, лічы, ва ўсіх клінічных бальніцах Мінска. Трэба сказаць, што хірургі старэйшага пакалення, што тады дзяліліся сваім вопытам, былі сапраўднымі прафесіяналамі, якія прытрымліваліся прынцыпаў так званай «класічнай» хірургіі. Адзін з выкладчыкаў Леанарда, напрыклад, пільна сачыў, каб студэнты вучыліся правільна трымаць інструмент ці шпрыц правільна, а не так, як ім зручна, як гэта часта робяць маладыя хірургі. Такія цікавыя і патрэбныя нюансы сёння можна спасцігнуць хіба што працуючы па вузкай хірургічнай спецыяльнасці, як, напрыклад, нейрахірургія.

1386819847565_2

Лепшая практыка — у «глыбінцы»

— Перш чым паехаць па размеркаванні ў Асіповічы, я доўга сумняваўся. Былі думкі застацца ў Мінску і займацца нейрахірургіяй. Праўда, да гэтага мне трэба было два гады адпрацаваць у паліклініцы, — распавядае Леанард Пракапенка.

Але роздумы ўсё ж сышліся на горадзе, дзе вырас. Малады доктар вырашыў, што трэба спачатку спасцігнуць агульную хірургію, а ўжо пасля пайсці ў больш вузкую спецыялізацыю. Магчымасць атрымаць добрую практыку, відаць, і стала вырашальным аргументам.

— Пра свой выбар цяпер не асабліва шкадую. Працуючы ў Асіповічах, я магу займацца шмат якімі відамі аперацый: і рукі ўпраўляць, і чэрапна-мазгавыя траўмы лячыць. Яшчэ даводзіцца сутыкацца з гнойнай хірургіяй, практалогіяй, уралогіяй, таму вопыт бясцэнны, — лічыць Леанард Пракапенка.

З самага пачатку новага супрацоўніка кінулі «ў бой».

Вядома, што для атрымання вопыту патрэбен час, таму, калі раптам неабходныя веды адразу ў галаве не знаходзяцца, Леанард не саромеецца паглядзець нешта ў кнізе ці пракансультавацца з калегамі.

— У свой камп'ютар я запампаваў вельмі шмат медыцынскай літаратуры. Калі сутыкаюся з нейкім цяжкім выпадкам, абавязкова да яе звяртаюся. Напрыклад, па траўмах я заўжды тэлефаную і прашу парады ў знаёмых хірургаў. Галоўнае правіла — не нашкодзіць, а для яго выканання падыходзяць любыя сродкі, — кажа малады доктар.

Многія з яго аднакурснікаў засталіся ў сталіцы. Як кажа Леанард, некаторыя нават шкадуюць аб сваім рашэнні. Асноўная прычына простая — зарплата, на якую цяжка пражыць у Мінску. Многім дагэтуль дапамагаюць бацькі.

— Калі толькі прыехаў у Асіповічы, жыў з бацькамі, але нядаўна пачаў здымаць кватэру. Плачу за яе 100 долараў. Чарга на будаўніцтва кватэры пакуль не для мяне. У бацькоў хапае метраў, — распавядае Леанард. — Колькі грошай трачу на ежу, пакуль не падлічваў. Калі знаходжуся на працы, маю магчымасць паабедаць тут, а вось дома паспяваю гатаваць сам, так эканомней атрымліваецца. У Мінску было нашмат больш магчымасцяў грошы патраціць, а тут такога няма. У мяне пасля ўсіх неабходных выдаткаў застаецца больш грошай, чым у маладых калег, якія працуюць у сталіцы. Пасля прыезду па размеркаванні «пад'ёмных» мне не далі, паколькі я прыехаў дадому, а значыць, тэарэтычна магу жыць з бацькамі. Даплата як маладому спецыялісту — не вельмі вялікія грошы. Так што нейкіх асаблівых пераваг ад статусу «малады спецыяліст» я не маю.

Перамагчы хваробы і... сябе

У хірургічным аддзяленні бальніцы, акрамя Леанарда Пракапенкі, працуе цяпер два ўрачы, яшчэ два — пакуль што на курсах павышэння кваліфікацыі. Таксама два хірургі ёсць у паліклініцы. Атрымліваецца, Асіповічы і прылеглы да горада раён абслугоўвае сем дактароў.

— Я аформлены як урач-хірург хірургічнага кабінета паліклінікі, а ў бальніцы працую таму, што ў стацыянары не хапае людзей, — распавядае Леанард.

Працоўны графік складваецца па-рознаму. Калі трэба працаваць у стацыянары, малады доктар прыходзіць а 8 гадзіне раніцы. У 9.30 — пачатак абходу, які доўжыцца прыкладна да 10.00. Далей — перавязкі і аперацыі. Калі няма патрэбы застацца даўжэй, то ў 14.30 ён ужо вольны. З дзяжурствам крыху па-іншаму. На ім Леанард павінен быць з 18.00 да 8 гадзін раніцы. А нядаўна ўвогуле давялося дзяжурыць цэлыя суткі. Адзін абавязковы выхадны субота альбо нядзеля.

Прымушаць сябе не спаць ноччу — не даводзіцца. Хворыя ёсць — не паспіш. Трэба «ўключаць» галаву, думаць, як дапамагчы, а часам і стаяць шмат гадзін за аперацыйным сталом.

— Неяк за змену, з 8 да 15 гадзін, я прыняў 120 пацыентаў (норма — 50—60 чалавек). Тады адзін з нашых дактароў вымушаны быў тэрмінова з'ехаць, а я працаваў за дваіх, — кажа Леанард.

Свабодны час малады доктар часта праводзіць... у сне. Яшчэ варыянт — паглядзець які-небудзь фільм ці выбрацца з сябрамі ў горад.

Зразумела ж, чытачоў цікавіць зарплата доктара, які жыве па такім неймаверным працоўным раскладзе.

— Першая зарплата была крыху больш за 3 мільёны рублёў, а нядаўна атрымаў 8 мільёнаў, бо браў шмат дзяжурстваў, ды яшчэ і прэмію выпісалі, — расказвае малады доктар. — Калі з'явіцца сям'я, у такім тэмпе стану працаваць, толькі калі вельмі-вельмі будуць патрэбны грошы. У асноўным жа, працуючы на стаўку, хірургі атрымліваюць 4—4,5 мільёна.

Леанард кажа, што моладзь з Асіповіч часцей за ўсё марыць «пакарыць» Мінск ці нейкі іншы вялікі горад. Застаюцца тут толькі ў двух выпадках: альбо чалавек добра ўладкаваўся, а таму няма сэнсу шукаць лепшага жыцця, альбо ў яго ўвогуле няма ніякіх памкненняў, таму і «плыве па цячэнні».

— Многія маладыя спецыялісты не застаюцца на месцах, куды прыехалі па размеркаванні, бо галоўная праблема — жыллё. Пабудаваць яго на невялікую зарплату немагчыма. Але з іншага боку, за што маладому спецыялісту плаціць вялікія грошы? — лічыць Леанард Пракапенка. — Так, у Амерыцы ўрач атрымлівае некалькі тысяч долараў, толькі перад тым яму трэба вучыцца больш за 10 гадоў, а не 6, як у нас. У некаторых нашых суайчынніках чамусьці жыве ўпэўненасць, што нехта павінен забяспечыць ім належны ўзровень жыцця і вялікую зарплату. На маю думку, можна не з дапамогай зарплаты, а неяк па-іншаму падтрымліваць маладых людзей. Напрыклад, павялічыць дапамогу на дзяцей.

Пацыенты, якіх зараз лечыць малады хірург, вельмі адрозніваюцца ад сталічных: яшчэ больш добразычлівыя. Тут не заведзена скардзіцца на доктара.

— Як распавядаюць мне калегі, у Мінску яны са скаргамі сутыкаюцца ледзь не кожны дзень, — тлумачыць розніцу хірург.

У той жа час, кажа Леанард, фізічна цяжка з так званымі «асацыяльнымі» асобамі. Яны, як правіла, не думаюць пра чысціню і гігіену, не выконваюць рэкамендацый доктара. Лячыць іх даводзіцца ледзь не «з боем». А найвышэйшы эмацыянальны цяжар адчуваецца тады, калі даводзіцца працаваць з пацыентамі, хворымі на рак...

— Ва ўніверсітэце даецца тэарэтычная падрыхтоўка, якая, як мяркуецца, павінна дапамагчы змагацца з эмацыянальным грузам. Але не ўспрымаць блізка да сэрца чалавечых трагедый, якіх на працягу ўсёй кар'еры хірурга будзе нямала, сапраўды дапамагае толькі прафесійны цынізм, які рана ці позна выпрацоўваецца ў кожнага доктара. У мяне ён пакуль не зусім развіты, мне пацыентаў шкада, — распавядае Леанард Пракапенка.

А яшчэ малады спецыяліст упэўнены, што людзей з «талентам хірурга» не існуе. Калі так гавораць, часцей за ўсё маюць на ўвазе прызванне. Калі ў чалавеку прысутнічае жаданне дапамагаць проста так, не думаючы пра ўзнагароду ці добрую зарплату, абавязкова з'явіцца імкненне «набіць руку» і стаць прафесіяналам. І ўсё ў яго будзе атрымлівацца.

Ганна ГАРУСТОВІЧ.
Мінск — Асіповічы — Мінск.
Фота Марыны БЕГУНКОВАЙ.

А вы ведалі?

— Многія хірургі — вельмі прымхлівыя людзі, — кажа Леанард. — Напрыклад, у нашым асяродку не заведзена аперыраваць сваіх родных і блізкіх. Яшчэ адна з прыкмет — нельга надзяваць навыварат хірургічную кашулю. Акрамя таго, па святах ніхто стараецца не аперыраваць, калі не здарыцца тэрміновы выпадак.

А вось шмат каму вядомы стэрэатып пра тое, што хірургі «берагуць рукі» і не робяць без пальчатак ніякай хатняй працы, Леанард лічыць перабольшаннем.

— Вядома, малатком па пальцах я не хацеў бы сябе ўдарыць, бо любая траўма рук робіць хірурга непрацаздольным. Але ж і дома надзяваць пальчаткі дзеля любой дробязі ніхто не стане. Прынамсі, я і мае калегі так не робім, — сцвярджае ён.

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Сёння пачаў работу УНС у новым статусе

Сёння пачаў работу УНС у новым статусе

Амаль тысяча дзвесце чалавек сабраліся, каб вырашаць найважнейшыя пытанні развіцця краіны. 

Навука

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Расказаў першы намеснік старшыні Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Рэспублікі Беларусь Дзяніс Каржыцкі.

Здароўе

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

Як вакцыны выратоўваюць жыцці і чаго можа каштаваць іх ігнараванне?

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.