Вы тут

За што мы любім «Кароўку»?


Крыху салодзенькага — толькі на карысць. Асабліва калі менавіта крыху і калі салодзенькае, так бы мовіць, правільнае. Напрыклад, малочныя цукеркі «Кароўка». Іх выпускаюць не толькі айчынныя вытворцы, але і замежныя. Спажывец жа павінен дакладна ведаць, што паміж «кароўкамі» бывае розніца. Вырабленая на ААТ «Чырвоны Мазыранін» — сапраўдная, з натуральнай сыравіны.

1386905315417_13-16

Наогул зефір, мармелад і тая ж «Кароўка» — прысмакі, пры вырабе якіх выкарыстоўваецца шмат ручной працы. Як вядома, галоўным складнікам «каровак» з'яўляецца цэльнае згушчанае малако з цукрам. У цвердаватую аснову дадаецца яшчэ крухмал. У паглыбленне такой асновы заліваецца вадкаватая начынка-«цягнучка». Для гэтага працэсу цалкам непажаданае механічнае ўздзеянне. «Адліванне» малочных цукерак патрабуе ў прамым сэнсе пяшчотных рук і… А вось чаго яшчэ — не могуць патлумачыць нават тэхнолагі! На прадпрыемстве кажуць, што «цягнучка» неабавязкова павінна цягнуцца, хоць менавіта гэтага і чакае той, хто імі ласуецца. Штораз усё робіцца паводле адной «формулы», але нейкая партыя «цягнецца», застаецца вадкай, а другая — крышталізуецца амаль тут жа. А ў рэшце рэшт дзён праз пятнаццаць пасля вырабу зацукроўваецца любая «Кароўка».

Праўда, у некаторых імпартных аналагах такога працэсу не назіраецца. Колькі ні захоўвай, яны ўсё мяккія ды цягнуцца. Сакрэт просты: для дасягнення падобнага эфекту вырабнік выкарыстаў нямала не вельмі карысных дабавак.

Жыхары невялікага горада Нароўля, дзе вырабляецца «Кароўка» а ля нацюрэль, дакладна ведаюць, што шмат гадоў таму нехта прыдумаў такія цукеркі з за любові да згушчанага малака. Тут нават разважаюць над усталяваннем помніка рагулі.

На жаль, «Чырвонаму Мазыраніну», прадпрыемству—роданачальніку вытворчасці класічнай «Кароўкі», не ўдалося запатэнтаваць гэтую назву, і таму цяпер на блізказамежныя рынкі пастаўляецца нараўлянская «Шчодрая Кароўка». Ёсць яшчэ «Макавая расінка» (насамрэч «Кароўка» з макам), «Кароўка з карыцай», «Свирель» (глазураваная «Кароўка»).

Гісторыя самой фабрыкі пачалася з 1913 года, калі яе заснаваў мясцовы памешчык Горват для перапрацоўкі фруктаў і гародніны са сваіх іменняў. Пасля рэвалюцыі фабрыку нацыяналізавалі, а грамадзянская вайна прывяла да поўнага разбурэння прадпрыемства. У 1925 годзе фабрыку аднавілі мазырскія рабочыя, з за чаго яна і атрымала адпаведную назву. У тым жа годзе была выпушчана першая прадукцыя — цукеркі, ірыс, павідла, джэм, пасціла, мармелад, зефір. У 1996 годзе Нараўлянская кандытарская фабрыка была ператворана ў ААТ «Чырвоны Мазыранін».

— Мы выкарыстоўваем экалагічна чыстую, натуральную сыравіну з краін блізкага і далёкага замежжа. Выпускаем сёння больш за 100 найменняў кандытарскіх вырабаў — цукеркі малочныя і памадныя, у шакаладнай і кандытарскай глазуры, зефір, пасцілу, мармелад, ірыс, — расказала дырэктар ААТ «Чырвоны Мазыранін». — Адзіныя выпускаем глазураваны зефір «Загадкавы» — арыгінальныя цукеркі на палачцы з водарам кавуна, персіка, ванілі і клубніц.

У планах — выраб шакаладу. Ад малочнага да горкага і дэсертнага. А вось з дня на дзень работнікі фабрыкі мяркуюць парадаваць спажыўца шакаладнымі цукеркамі з лікёрнай начынкай.

Святлана БАРЫСЕНКА

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.