Вы тут

Чым наша слова адгукнецца


Сучасны стан i перспектывы развiцця рэгiянальнай прэсы абмеркавалi ўдзельнiкi рэспублiканскага семiнара ў Салiгорску

У Мiнскай вобласцi самаакупнасць дзяржаўных газет павялiчылася ў параўнаннi з мiнулым годам амаль на 20%. Больш за тое, 80% выданняў сёння прыбытковыя. У вынiку на ўтрыманне друкаваных сродкаў масавай iнфармацыi сёлета з абласнога бюджэту затрачана на 1 млрд рублёў менш, чым летась.

— Наогул, фiнансавае становiшча мясцовай прэсы сёлета дастаткова стабiльнае, — падкрэслiў мiнiстр iнфармацыi Алег Праляскоўскi. — Сваю ролю тут адыграла пэўная эканамiчная кан'юнктура: нязначнае павышэнне кошту на палiграфiчныя, паштовыя паслугi, паперу, ды i рэклама iшла нядрэнна. Такая сiтуацыя, бясспрэчна, з'яўляецца добрай падмогай для развiцця рэдакцыйных устаноў, умацавання матэрыяльна-тэхнiчнай базы. Разам з тым Мiнiстэрства iнфармацыi, заснавальнiкi падтрымлiвалi i будуць падтрымлiваць прэсу. Тыя, хто не выйшаў на самаакупнасць, павiнны ведаць, што гэта не датацыi, не падачкi, а кампенсацыя дзяржаўнага заказу. Менавiта дзяржава ў асобе мiнiстэрства, абласных, раённых выканаўчых камiтэтаў заказвае вам пэўную iнфармацыю.

Мiнiстр падкрэслiў, што зарабляць грошы — не самае галоўнае для перыядычных выданняў. На першым месцы — фармiраванне грамадскай думкi, адлюстраванне грамадскiх, палiтычных, эканамiчных, культурных падзей. «Першае патрабаванне да рэгiянальных СМI — выкананне сацыяльнай, грамадска-палiтычнай функцыi, кансалiдацыя грамадства, змякчэнне супрацьлегласцяў, — адзначыў Алег Праляскоўскi. — Не менш важныя i тэхналагiчнасць, дызайн, вёрстка, асваенне iнтэрнэт-прасторы. У сацыяльных сетках трэба не проста прысутнiчаць, а весцi актыўную i нават, так бы мовiць, агрэсiўную работу».

Дарэчы, усе абласныя, гарадскiя i раённыя газеты маюць свае сайты. Але частка з iх уяўляюць сабой недзеяздольныя пляцоўкi: просты перадрук газетнага варыянту. Такая праца бессэнсоўная. Як адзначыў мiнiстр, на iнтэрнэт-сайтах павiнны змяшчацца ўнiкальныя, арыгiнальныя матэрыялы, i перш за ўсё праблемныя. Сайт газеты павiнен стаць месцам дыскусii, форумам, куды людзi змогуць «скiнуць» эмоцыi.

Сiтуацыя на рынку друкаваных СМI характарызуецца ў цэлым паступовым адтокам аўдыторыi да новых медыя, перш за ўсё — iнтэрнэту. Як паказваюць сацыялагiчныя даследаваннi, значна павялiчылася колькасць людзей, якiя наогул не чытаюць газет, — такiх 44%. Апошнiя 5 гадоў назiраецца пэўнае знiжэнне тыражоў рэспублiканскiх газет. Пры гэтым рэгiянальная прэса свае тыражы захавала, але iх рост замарудзiўся.

Таццяна ЛАЗОЎСКАЯ

Выбар рэдакцыі

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».