Вы тут

Стой, што вязеш?! А што па дэкларацыi?


Дзякуючы працы мытнi толькi на Мiншчыне ў бюджэт краiны за суткi паступае каля 110 мiльярдаў рублёў. Якi шлях праходзiць тавар падчас кантролю? Каму з «супрацоўнiкаў» вышэйзгаданай структуры належыць адпачываць пасля гадзiны працы? Каб даведацца пра гэта, карэспандэнты «Звязды» правялi адзiн дзень на Мiнскай рэгiянальнай мытнi.

1387258157464_1

Мяжа далёка, мытня — каля Мiнска

Шумная магiстраль, астатняя ж прастора — снежнае поле i абрысы будынкаў удалечынi…

Мы непадалёку ад Мiнска, у вёсцы Шчытамiрычы. Тут колькi месяцаў таму пачаў працаваць новы пункт мытнага кантролю, якi адносiцца да Мiнскай рэгiянальнай мытнi. На досыць вялiкай тэрыторыi размешчаны два склады, гасцiнiца, кавярня, мыйка для грузавiкоў, стаянка на 140 месцаў, пажарнае дэпо i два кантрольна-прапускныя пункты. Дастаўляць грузы непасрэдна да складоў можна не толькi на машынах, але i па чыгунцы. На спецыяльнай пляцоўцы ёсць месца для 156 кантэйнераў. Грузы накiроўваюць з любога ўчастка мяжы, паколькi працуе сiстэма кантролю iх дастаўкi. Гэта значыць, што на Мiнскай рэгiянальнай мытнi яшчэ ў самым пачатку працоўнага дня могуць даведацца, якiя (i адкуль) машыны сёння да iх прыедуць.

— Напрыклад, сёння ў Шчытамiрычы было накiравана каля 30 транспартных сродкаў. Яны едуць з такiх памежных пераходаў, як «Брузгi», «Казловiчы» i iншых, — распавядае начальнiк Мiнскай рэгiянальнай мытнi Юрый Сянько. — Мяжу грузавiк перасякае, не падвяргаючыся нiякiм мытным працэдурам. На яго толькi выдаецца транзiтная дэкларацыя, з якой патрэбна прыехаць на той цi iншы пункт мытнага кантролю ўнутры краiны.

Груз, якi прайшоў усе неабходныя працэдуры ў такiм пункце, як у Шчытамiрычах, у межах Мытнага саюза лiчыцца поўнасцю аформленым. Гэта значыць, што пасля ўсiх неабходных працэдур тавар ужо праз некалькi гадзiн цi сутак можа аказацца, напрыклад, на палiцы ў любой з крам Беларусi, Расii цi Казахстана…

1387258161688_2

На КПП сяджу, «далёка бачу»…

…Але перш аўто з грузам трапляе на кантрольна-прапускны пункт. У яго будынку iнтэр'ер досыць просты: два сталы з камп'ютарамi i два вялiкiя экраны, на якiя камеры назiрання транслююць усё, што адбываецца вакол. Дарэчы, шматлiкiя камеры размешчаны на ўсёй тэрыторыi зоны мытнага кантролю. Яны валодаюць павышанай якасцю вiдэазапiсу, а запiсаны матэрыял захоўваецца больш за тры месяцы.

Калi машыны пад'язджаюць да кантрольна-прапускнога пункта, адзiн з яго супрацоўнiкаў абыходзiць кожную з iх. Гэта неабходна, каб iдэнтыфiкаваць грузавiкi i ўпэўнiцца, што менавiта гэты, а не iншы транспарт быў накiраваны з мяжы. Кантралёр звярае дакументы i прымае iх для афармлення.

— У апошнiя гады мая праца стала вельмi «камп'ютарызаванай». Раней камп'ютар настолькi не быў патрэбны, — распавядае кантралёр кантрольна-прапускнога пункта Пётр Хадатовiч. — Але даводзiцца паспяваць за «прагрэсам», бо дзякуючы тэхнiцы кантроль праводзiць прасцей.

Юрый Сянько пацвярджае, што калi пару гадоў таму на Мiнскай рэгiянальнай мытнi ў суткi афармлялi 800 дэкларацый, то цяпер гэтая лiчба паднялася да 1200–1500.

Такiм чынам, калi кантралёр не знаходзiць нiякiх хiбаў у дакументах, афармленне пераходзiць на наступны этап. Груз уязджае на тэрыторыю зоны мытнага кантролю. Як толькi гэта адбылося, усе далейшыя функцыi па афармленнi бяруць на сябе супрацоўнiкi «Белмытнасэрвiсу», прадстаўнiкi мытнi.

Кiроўцу патрэбна пачакаць некаторы час, таму ён можа наведаць кавярню цi засялiцца ў гасцiнiцу, калi давядзецца прабыць у зоне мытнага кантролю больш за некалькi гадзiн. Гасцiнiца, дарэчы, мае 20 нумароў. У кожным з iх — два ложкi, стол, некалькi тумбачак, ванны пакой i шафа. На выгляд — досыць утульна i акуратна. Цалкам падыходзiць для таго, каб адпачыць з дарогi. Каб пераначаваць, давядзецца заплацiць 300–450 тысяч рублёў у залежнасцi ад нумара.

— На мой погляд, нашы паслугi не пададуцца надта дарагiмi для кiроўцаў, — лiчыць адмiнiстратар гасцiнiцы Кацярына Лапунова. — Мы працуем параўнальна нядаўна, таму вялiкага наплыву наведвальнiкаў пакуль няма. Але, думаю, попыт будзе.

1387258164822_3

Адзiн iнспектар i… 1000 найменняў

…На тэрыторыi пункта мытнага кантролю заўважаем адразу некалькi вялiкiх экранаў, на якiх адлюстраваны нейкiя спiсы. Аказваецца, з дапамогай iх можна адсочваць звесткi пра тое, у якой стадыi знаходзiцца афармленне грузу. Таксама гэтая iнфармацыя даступная i ў iнтэрнэце, на сайце «Белмытнасэрвiсу». Зялёным колерам выдзяляюцца грузы, афармленне якiх завершана, чорным — яшчэ не прынятыя да афармлення, а чырвонымi лiтарамi пазначаюцца тыя, якiм у iм па нейкiх прычынах адмоўлена.

Пасля таго, як прадстаўнiк мытнi завершыць сваю працу з дакументамi, яны трапляюць да мытнага iнспектара. Калi тавар не патрэбна адгружаць на склад i з паперамi ўсё як належыць, то гэта заключны этап шляху.

— Мае абавязкi — класiфiкаваць тавар. Кожнаму адпавядае свой код. Ад таго, як менавiта класiфiкавалi тавар, залежыць памер мытнай пошлiны, — распавядае старшы iнспектар аддзела тарыфнага рэгулявання Мiнскай рэгiянальнай мытнi Наталля Чуковiч.

Дзяўчына кажа, што для таго, каб правiльна правесцi класiфiкацыю недастаткова проста ведаць назву тавару. Калi трапляецца машына, якая перавозiць толькi адно найменне ў вялiкай колькасцi, то тут працаваць проста. Але здараюцца i iншыя выпадкi. Так, напрыклад, доўга даводзiцца правяраць касметыку адной вядомай маркi. Там у адной партыi можа быць да 1000 найменняў. А патрэбна класiфiкаваць кожны прадукт у асобную пазiцыю i вызначыць адпаведны яму код.

— Мы ведаем усё i пра матэрыял, з якога рэч зроблена, i пра яе функцыi, — распавядае Наталля. — Напрыклад, нядаўна я сутыкнулася з таварам, якi па дакументах праходзiў як мыючы пыласос. Але аказалася, што па тэхнiчных характарыстыках гэта, хутчэй, не пыласос, а прыстасаванне для чысткi дываноў i тэкстыльных тканiн, у iм няма мяшка для пылу. Зразумела, мытная пошлiна ў гэтым выпадку зусiм iншая.

Цiкаўлюся, цi дапамагаюць атрыманыя на працы веды ў жыццi. Наталля кажа, што гэта, у нейкiм сэнсе так. Калi сутыкаўся з пэўным таварам, звесткi пра ўсе яго ўласцiвасцi адкладваюцца ў галаве.

1387258167538_4

«Разумныя» сiстэмы i «жывая сiла»

Дастаўшы сiнтэтычную чорную блузку з вялiкай упаковачнай скрынi, перш-наперш чытаем этыкетку, а пасля знаходзiм у даведнiку код, якi адпавядае менавiта гэтаму вiду тавару. Гэта журналiстам дазволiлi на хвiлiну адчуць сябе ў ролi супрацоўнiка мытнi. На складзе нас чакала машына, гружаная адзеннем i бiжутэрыяй. Груз патрабавалася праверыць, але гэта, зразумела, рабiлi ўжо мытнiкi.

Трэба сказаць, што дзякуючы загадзя вядомай iм iнфармацыi пра машыну i груз ёсць магчымасць хутка вызначыць, як размясцiць яго на складзе.

Па парковачных месцах на пункце мытнага кантролю грузавiкi размяшчаюцца аўтаматыкай. У залежнасцi ад грузу, габарытаў аўто i некаторых iншых фактараў, «разумная» сiстэма сама вызначае, якi аўтамабiль i дзе павiнен стаяць, каб гэта было найбольш зручна. Напрыклад, машыны, што патрэбна разгрузiць, ставяцца блiжэй да складоў.

На адным з iх давялося пазнаёмiцца з яшчэ адной «супрацоўнiцай» мытнi. Яе завуць Тутсi. Гэта васьмiгадовая нямецкая аўчарка, якая шукае схаваныя наркотыкi. Мiнскай рэгiянальнай мытняй сёлета выяўлена iх больш за тры кiлаграмы. Кiнолаг Вольга Шышковiч амаль нячутна аддае сабаку каманды, i Тутсi спрытна бегае вакол расстаўленых на складзе паддонаў, шукаючы пры дапамозе свайго вострага нюху хоць што-небудзь падазронае. Дарэчы, на мытнi нам расказалi, што службовых сабак нельга прымушаць да пастаяннай «працы». Пасля гадзiны пошуку жывёле патрэбна абавязкова даць адпачыць, iначай гэта можа негатыўна адбiцца на яе нюху. Але насамрэч «напружаны графiк» для сабакi — зусiм не неабходнасць. Па словах Юрыя Сянько, для пошуку наркотыкаў у мытнiкаў ёсць прыстасаваннi, здольныя вызначыць сляды наркотыкаў на руках, нават калi чалавек дакранаўся да пакецiка некалькi дзён таму…

…За 11 месцаў гэтага года праз Мiнскую рэгiянальную мытню прайшло 18 мiльёнаў тон самых розных грузаў. Лiчба значная, але, хутчэй за ўсё, апошнiя тыднi года яе няблага павялiчаць. Самы напружаны час у мытнiкаў — перад зiмовымi святамi. Так што пакуль мы з вамi будзем да iх рыхтавацца, праца на мытнi будзе яшчэ больш напружанай, чым звычайна.

Ганна ГАРУСТОВIЧ.
Мiнскi раён

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Грамадства

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Мерапрыемства праводзіцца на добраахвотнай аснове.