Пры запаленні слізістай тонкага і тоўстага кішэчніка, парушэнні ператраўлівання і ўсмоктвання ежы хворы пакутуе ад болю ў жываце, бурчання, успушвання, хуткай стамляльнасці. Калі пакутуе ў асноўным тонкая кішка, балець пачынае вакол пупка, калі ў паталогію ўцягнуўся тоўсты кішэчнік, боль праяўляецца больш ярка, узмацняецца пры збіранні газаў. Стул, як правіла, няўстойлівы — то паслаблены, то запор. Агульны стан не змяняецца пры лёгкай і сярэдняй ступені цяжару захворвання, пры цяжкай жа ступені хворыя худзеюць.
Паводле слоў урача-рэабілітолага 3 й цэнтральнай раённай клінічнай паліклінікі г. Мінска Надзеі ЛАЎРЭНЦЬЕВАЙ, у хранічнага захворвання кішэчніка шмат прычын. Дызентэрыя, глісная інвазія, вірусныя хваробы, хранічныя інфекцыі (туберкулёз, хворыя зубы, гнайнікі ў міндалінах), хібы ў харчаванні (злоўжыванне грубай, цяжкай для засваення ежай, вострымі, вэнджанымі стравамі, парушэнне рэжыму харчавання), хваробы органаў стрававання, алергія, спадчыннасць, злоўжыванне некаторымі медыкаментамі і інш.
Правільная дыетатэрапія спрыяе ў гэтым выпадку аднаўленню змененых функцый кішэчніка, парушанага абмену рэчываў. Харчаванне павінна быць максімальна збалансаваным і разнастайным.
Паўнацэнны бялок дапамагае хутчэй аднавіць парушаныя функцыі кішэчніка, печані, падстраўнікавай залозы, у цэлым абмен рэчываў.
Колькасць тлушчу пры энтэракаліце — 100–120 г за суткі, але каб ён не выклікаў паслаблення, яго неабходна размеркаваць на ўсе прыёмы ежы. Не рэкамендуецца ўжываць тлушч у свабодным выглядзе — лепей дадаваць у гатовыя стравы. У моманты абвастрэння захворвання, расстройстве кішэчніка тлушчы ў харчаванні на 4–5 дзён змяншаюцца да 60–70 г.
Пры хранічным энтэракаліце звычайна дрэнна ўсмоктваюцца вітаміны і мінеральныя солі (кальцый, фосфар, калій, жалеза і г. д.), што можа прывесці да змяненняў у нервовай і мышачнай сістэмах, карыесу зубоў, змены ў касцях. Таму вітаміны і мінералы трэба ўжываць дадаткова. Кальцый добра засвойваецца, калі ў дыеце дастаткова бялку, тлушчу і фосфару. Штодня, хоць бы раз на дзень, неабходна ўжываць несалёны тварог і сыр. Для папаўнення запасу жалеза і прафілактыкі малакроўя трэба ўжываць мяса, яйкі, зярністую ікру, печань, гематаген (яго нават дадаюць у кашы, печыва), з прадуктаў расліннага паходжання — пшанічную муку 2 гатунку, аўсяныя крупы, айву, яблыкі, кізіл. З садавіны гатуюць адвары, кісялі, кампоты, варэнне, джэмы. Яблыкі і грушы можна запякаць у духоўцы. Пры заціханні непрыемных сімптомаў яблыкі можна есці сырымі.
Соль істотна абмяжоўваецца, паколькі раздражняе слізістую і паслабляе стул.
Яйкі таксама могуць дрэнна пераносіцца з за амінакіслот, якія змяшчаюць серу і тым самым спрыяюць утварэнню серавадароду. Аднак калі ўжыванне яек не выклікае непрыемных адчуванняў, іх можна спакойна ўжываць.
Усе стравы варта гатаваць на пары, варыць ці запякаць.
Нельга ўжываць ежу падчас чытання, прагляду тэлеперадач. Вельмі важна сканцэнтравацца на тым, што вы ясце, каб усе ферментатыўныя сістэмы пачалі працаваць у аптымальным рэжыме.
Катэгарычна нельга ўжываць гарачую ежу (вышэй за 40 градусаў). Ежа павінна быць крыху цяплейшай за пакаёвую тэмпературу. Гэта звязана з жыццём і аднаўленнем клетак стрававальнага тракта (яны аднаўляюцца праз кожныя тры дні). Калі ж тройчы на дзень ужываць гарачую ежу, то клеткі, якія загінулі, не паспеюць аднавіцца, з за чаго пачнуць з'яўляцца эрозіі, гастрыты, энтэракаліты, каліты і язвы.
Нельга піць ваду падчас яды. Не пажадана піць і адразу пасля яе. Рэкамендуецца піць ваду за 1 гадзіну да яды, каб яна паспела накіравацца ў страўнік. У спякоту тэмпература вады павінна быць 23 градусы, у халодны час — 35.
Хворым на хранічны энтэракаліт у стадыі рэмісіі (калі няма абвастрэння) рэкамендуецца дыета з наяўнасцю бялкоў (100–120 г), тлушчаў (100–120 г), вугляводаў (400–450 г), солі (да 15 г), свабоднай вадкасці (1,5 л). Маса сутачнага рацыёну — 3 кг. Энергетычная каштоўнасць — 3000–3500 ккал за суткі. Тэмпература халодных страў не ніжэй за 15 градусаў, гарачых — не вышэй за 40. Харчаванне пяціразовае, пераважна ў выглядзе пюрэ.
Рэкамендуюцца:
— пшанічны хлеб учарашняй выпечкі, булачкі або пірагі з няздобнага цеста з вараным мясам, рысам, яйкамі, яблыкамі; ватрушка з тварагом;
— супы на абястлушчаным мясным ці рыбным булёне з рознымі крупамі (акрамя проса), вермішэллю, бульбай, морквай, кабачкамі, гарбузом, квяцістай капустай;
— нятлустыя гатункі мяса (ялавічына, цяляціна, трусяціна), птушкі (кураціна, індычына) або рыбы (судак, траска, хек, акунь, навага), нятлустая вяндліна, вымачаны селядзец;
— яйкі ўсмятку, амлеты;
— сметанковае масла (не больш за 50 г на суткі);
— агародніна (морква, бульба, кабачкі, гарбуз, пры добрай пераноснасці — капуста, зялёны гарошак, маладая фасоля, буракі);
— рассыпчатыя кашы (акрамя прасяной і ячнай), гатаваныя на вадзе з дабаўленнем 1/3 малака або вяршкоў, пудынгі паравыя або запечаныя, вермішэль;
— печаныя яблыкі і грушы, салодкія плады і ягады ў кісялях, кампотах, жэле, джэмах, варэнні. Клубніцы, суніцы, маліны, яблыкі і грушы без лупін дапускаюцца ў сырым выглядзе;
— свежыя сокі з яблык, клубніц, вішань;
— неразведзенае малако ў стравах, чыстым выглядзе, кісламалочныя прадукты, свежы тварог натуральны або ў пудынгах, запяканках, ватрушках, нявостры сыр, свежая смятана (да 15 г у стравах);
— зяленіва пятрушкі, кропу, ваніль, лаўровы ліст у малой колькасці, малочны соус без падсмажвання мукі з дабаўленнем смятаны, масла, таматнага соку, фруктовыя соусы;
— чай, кава з малаком, адвары шыпшыны і чорных парэчак.
Абмяжоўваюцца стравы, багатыя на халестэрын: яечны жаўток, печань, язык, сэрца, лёгкія, мазгі. Булёны лепш за ўсё гатаваць на адвары з круп ці агародніны.
Выдаляюцца:
тлустае мяса (свініна, бараніна), птушка (качаціна, гусяціна), рыба (асятрына, сяўруга, бялуга), рыбныя і мясныя кансервы, варанае ўкрутую яйка, свіны тлушч, бабовыя, ячныя крупы, радыска, часнок, цыбуля, перац, агуркі, грыбы, вэнджанае, тлустыя і вострыя соусы, гарчыца, хрэн, вінаградны сок.
Супрацьпаказаны прадукты, багатыя на арганічныя кіслоты: кіслыя ягады і плады (лімон, журавіны, агрэст, чорныя і чырвоныя парэчкі, чырвоныя вішні, кіслыя яблыкі), а таксама кіслыя малочныя прадукты.
Падчас абвастрэння (акрамя асноўнага меню на дыеце):
соль абмежаваць да 5–8 г;
вада — 1,5 л;
вітаміны А, С групы В;
прыём ежы праз кожныя 2–3 гадзіны ў вадкім і паўвадкім выглядзе;
нават пры паляпшэнні стану рэкамендуецца шасціразовае харчаванне;
катэгарычна забараняецца ўжыванне алкаголю.
Хвораму, які пакутуе ад некалькіх захворванняў, лячэбнае харчаванне прызначаецца з улікам патрабаванняў і абмежаванняў усіх дыет. Таму неабходна выконваць рэкамендацыі ўрача з улікам спадарожных захворванняў і індывідуальных асаблівасцяў.
Святлана БАРЫСЕНКА
Два дні былі насычаны ўнікальнымі выставамі, карыснымі праектамі і інтэрактыўнымі пляцоўкамі.
«Нашы работы — жывыя, з энергетыкай любові і дабра».
Галоўная мэта дзяржавы сёння — інтэграваць чалавека з інваліднасцю ў грамадства.