Гэтым прынцыпам у сваёй рабоце карыстаецца завуч магілёўскай школы № 34 Галіна Бяляева
Ёсць людзі, якія кідаюць выклік цяжкасцям, пераадольваюць іх і ідуць далей. Галіна Бяляева якраз з такіх. Гісторык па адукацыі, аптымістка па жыцці, яна сваёй энергіяй зараджае і тых, хто побач. Пакуль адны ставяць пытанні, яна шукае на іх адказы. Не таму, што ёй болей за ўсіх трэба. А таму, што ведае: калі не яна, гэтага, магчыма, не зробіць ніхто. А яшчэ яна ўпартая ў сваіх мэтах. Гэта, напэўна, і дапамагло ёй, тады яшчэ 25 гадовай настаўніцы, якая толькі выйшла з «дэкрэта», рызыкнуць прыняць удзел у галоўным прафесійным настаўніцкім конкурсе «Хрустальны журавель» і стаць першай у горадзе і трэцяй у вобласці.
Нездарма пасля ўдзелу ў рэспубліканскім этапе гэтага конкурсу ёй даверылі пасаду завуча, бо не сумняваліся — справіцца. Яе дэвіз: «Дасягні мэты і зрабі планку вышэй». «Мая бабуля казала: калі ты нават і не дасягнеш яе, будзеш ведаць, што зрабіла ўсё магчымае і не пражыла жыццё дарэмна», — усміхаецца яна. Напэўна, таму і вынікі яе працы ўражваюць. Некалькі школьных даследчых работ, дзе яна з'яўляецца кіраўніком, сёння лічацца ўзорнымі і рэкамендаваны для ўкаранення ў навучальны працэс школ, ліцэяў і гімназій. А яе аўтарская праграма стала падставай для адкрыцця на базе 34 й школы рэспубліканскай інавацыйнай пляцоўкі па выхаванні навучэнцаў з дапамогай сродкаў музейнай педагогікі.
Віртуальны музей і вайна
— Што сёння можа захапіць вучня больш, чым камп'ютар? — задае рытарычнае пытанне Галіна Бяляева. — Мы прапанавалі навучэнцам школы дапамагчы перавесці ў электронную базу матэрыялы нашага музея баявой славы 290 й стралковай дывізіі, якая вызваляла Магілёў. Яны так захапіліся гэтай справай, што непрыкметна для сябе сталі цікавіцца гісторыяй абароны і вызвалення горада. Калі гэтая інфармацыя з'явілася на школьным сайце, да нас пачалі прыходзіць лісты з усіх краін свету. Адгукаліся нашчадкі тых байцоў, якім альбо нічога не было вядома пра іх бацькоў і дзядоў, альбо проста захацелася падзякаваць за тую справу, што мы зрабілі.
З 2010 га па 2012 год сайт наведала амаль 27 тысяч карыстальнікаў з Беларусі, Расіі, Украіны, Казахстана, Латвіі, Узбекістана, Германіі, Нідэрландаў, ЗША і Панамы. Дзякуючы інтэрнэт-перапісцы з сем'ямі ўдзельнікаў Вялікай Айчыннай вайны архівы школьнага музея сталі папаўняцца біяграфіямі і фотаздымкамі байцоў 290 й стралковай дывізіі. Аднойчы атрымалі ліст ад унучкі ўраджэнца Магілёўшчыны двойчы Героя Савецкага Саюза Сцяпана Шутава. Было вядома, дзе ён нарадзіўся і якімі подзвігамі праславіўся, але ніхто не ведаў, як склаўся яго лёс пасля вайны. Як высветлілася, сын героя таксама стаў танкістам, выкладаў у Кіеўскім вышэйшым танкавым інжынерным вучылішчы. Унук прадоўжыў дынастыю, сёння ён генерал-маёр ВС Украіны. А ўнучка — вядомы ў Кіеве архітэктар.
«Электронная» гісторыя
Дарэчы, сваю першую электронную праграму Галіна Бяляева зрабіла, калі знаходзілася ў дэкрэтным водпуску, разам з такой жа няўрымслівай мамай. Прысвечана яна абароне Магілёва і аб'ядноўвае ў адну сістэму ўсю тую інфармацыю, якая ўжо была. Як кажа сама Галіна, захацелася стварыць зручны дапаможнік для навучэнцаў. Спатрэбілася 8 месяцаў, каб атрымаўся паўнавартасны фільм, дзе ў храналагічным парадку, па днях паказана, як вялося наступленне на Магілёў. З першых дзён вайны і да таго самага 26 ліпеня, калі абарона горада была зламаная. 7 ліпеня. Гараць Княжыцы, Рэчкі — гэта зусім блізка ад Магілёва… 15 ліпеня. Кальцо вакол Магілёва замкнулася. З гэтага дня па 26 ліпеня ўключна яно звужаецца — спачатку да граніц горада, потым да яго вуліц, канкрэтных дамоў… Вядома, што абарона Магілёва працягвалася 23 дні, але, калі адлічваць час па зробленай спецыяльнай «стужцы часу», з'яўляецца яшчэ адзін — дваццаць чацвёрты. У тых жахлівых умовах, калі кожная гадзіна мела вялікую цану, пратрымацца дзень было сапраўдным подзвігам. Галіна Бяляева лічыць, што гісторыкам ёсць сэнс пераглядзець гэты факт і зрабіць адпаведныя высновы. Дарэчы, гэты дыск зачапіў нават Прэзідэнта Беларусі. Аўтар прадстаўляла праект на сустрэчы з кіраўніком краіны, калі ён у сёлетнім кастрычніку прыязджаў на 100 гадовы юбілей сваёй альма-матар — Магілёўскага ўніверсітэта імя А. Куляшова. Ён нават папрасіў для сябе копію гэтага дыска.
Другой справай, на якую замахнулася Галіна Бяляева, было стварэнне электроннай энцыклапедыі Магілёва: тут змешчана ўся каштоўная інфармацыя — ад заснавання горада да сучаснага перыяду. На электронным носьбіце сабраны звесткі па гісторыі, культуры, архітэктуры, грамадскім жыцці Магілёва. А рубрыка «лінія часу» паказвае магілёўскую гісторыю ў разрэзе сусветнай. Тут сабрана шмат ілюстрацый і дакументальнага матэрыялу, каля тысячы біяграфій людзей, звязаных з гісторыяй Магілёва, апісваецца 417 помнікаў культуры і архітэктуры. Для праверкі ведаў па гісторыі горада ў канцы кожнага раздзела ёсць тэставыя заданні… Бяляевай спатрэбілася 4 гады, каб рэалізаваць гэты праект. Распрацоўваць праграмнае забеспячэнне ёй дапамагалі спецыялісты магілёўскага прадпрыемства «Цэнтр гарадскіх інфармацыйных сістэм». Праект быў прызнаны адным з лепшых на ўзроўні вобласці і рэкамендаваны для ўкаранення ў навучальны працэс школ, ліцэяў і гімназій.
Кароткі шлях — небяспечны
Гэта работа і наогул размешчана на сайце Мінадукацыі як узорная. У аснову праекта, які Галіне Бяляевай дапамагла зрабіць у электронным выглядзе праграміст Ірына Галафаст, лягла даследчая работа вучаніцы 3 класа Ульяны Глазковай. Дзяўчынка паспрабавала высветліць… ці заўсёды самы кароткі шлях бяспечны. Разам з навуковым кіраўніком яна праводзіла даследаванні на час, кіламетраж і небяспеку. У выніку атрымалася, што самы кароткі шлях ад дома да школы — самы небяспечны! Галіна Бяляева пашырыла рамкі праекта і распрацавала карыснае кіраўніцтва па бяспецы для ўсіх навучэнцаў школы (Вядома, што ў горадзе, дзе шмат транспарту і нерэгуляваных пешаходных пераходаў, праблема дзіцячага траўматызму заўсёды актуальная).
— Мы апісалі ўсе дарожныя знакі, абышлі ўсе дамы вакол школы, замералі, колькі хвілін спатрэбіцца на дарогу, — расказвае Галіна Бяляева. — З за адсутнасці крокамера прыйшлося вадзіць з сабой вучаніцу — каб усё было дакладна. Гэтую работу мы размясцілі на сайце школы, каб бацькі таксама падказвалі сваім дзецям, якая небяспека можа чакаць іх на дарозе. Наш вопыт перанялі яшчэ дзве школы з Магілёва і Бабруйска. А калі да нас звярнуліся з Мінадукацыі з прапановай дазволіць размясціць яе на міністэрскім сайце, мы з задавальненнем пагадзіліся. Гэтая работа нескладаная, але вельмі карысная. Наша школа нават атрымала падзяку ад ДАІ за супрацоўніцтва.
Магілёўскі некропаль
За апошняе стагоддзе класіфікацыяй месцаў пахавання ў Магілёве ніхто не займаўся. Па ініцыятыве Галіны Бяляевай гэты прабел быў запоўнены. У праекце ўдзельнічалі дзевяцікласніца 34 й школы Дзіяна Марозава, навуковым кіраўніком якой была Галіна Бяляева, і трэцякласнік 3 й гімназіі Максім Бяляеў пад кіраўніцтвам настаўніцы пачатковых класаў Ірыны Канапліцкай. Такі тандэм, дарэчы, таксама можна лічыць наватарскім. За паўгода яны абследавалі 6 могілак — Успенскія, Машакоўскія, яўрэйскія, польскае, Карабаноўскія, Уваскрасенскія і склалі спіс з 292 магіл. Усе пахаванні былі класіфікаваны па часе, палавой і ўзроставай прыкметах, асаблівасцях у афармленні магіл. Даследчыкі зрабілі ацэнку захаванасці помнікаў, склалі спісы імянных надмагілляў, вызначылі і неідэнтыфікаваныя магілы. Працу ацанілі на міжнароднай школьнай канферэнцыі ў Новасібірску і на ХХ Усерасійскіх чытаннях Вярнадскага ў Маскве. Яна выклікала інтарэс і ў вучоных Магілёўскага ўніверсітэта імя Куляшова. Такога, каб дзеці абаранялі сваю працу на ўніверсітэцкім узроўні, у Магілёве яшчэ не было.
Пасля таго, як гэтая работа з'явілася на школьным сайце, яе аўтары сталі атрымліваць цікавую інфармацыю. З імі звязаліся нашчадкі апошняга святара Іосіфаўскага сабора, які быў пабудаваны ў Магілёве ў ХVІІІ веку ў знак сустрэчы імператрыцы Кацярыны ІІ з аўстрыйскім імператарам Іосіфам. На жаль, у 1938 годзе храм быў разбураны. Ніякіх звестак аб тых, хто ў ім служыў, не засталося.
Але цяпер гэты прабел ліквідаваны. У пісьме, якое прыйшло на сайт школы з Санкт-Пецярбурга, паведамлялася, што святар Мікалай Іванавіч Гнядоўскі і яго жонка Алена Іосіфаўна былі арыштаваныя, але цудам пазбеглі расправы. Следчы так закахаўся ў іх пляменніцу, што зрабіў усё магчымае, каб іх вызваліць. Але тое, што ім прыйшлося перажыць, наклала свой адбітак — яны ў хуткім часе сышлі ў магілу. А іх дзеці вымушаны былі пераехаць у Ленінград. На Абухаўскім заводзе і па сёння працуе дынастыя Гнядоўскіх. Убачыць інфармацыю аб сваіх продках на сайце магілёўскай школы ім было вельмі цікава.
— Дзякуючы такім лістам мы спадзяёмся стварыць найбольш поўныя спіскі тых, хто быў пахаваны ў Магілёве, — кажа Галіна Бяляева. — На жаль, у савецкі час некалькі дарэвалюцыйных могілак было знесена. Адны з іх — Саборныя — знаходзілася бадай у сучасным цэнтры горада. Цяпер тут размешчаны жылыя і адміністрацыйныя будынкі, разбіты сквер. Але калі мы апытвалі людзей, знайшліся тыя, хто яшчэ памятае аб пахаваных тут. Адна жанчына — Святлана Шаблоўская — нават падзялілася старымі фотаздымкамі сваіх продкаў. Калі бачыш, які водгук выклікае твая праца, адчуваеш, што час патрачаны не дарэмна.
Нэлі ЗІГУЛЯ.
Восень для спецыялістаў аграрнай галіны — час падводзіць вынікі, і сёлета яны годныя.
6 кастрычніка архівісты адзначылі сваё прафесійнае свята.
У поўным аб’ёме задаволена патрэба краіны ў калійных і каменных солях, торфе, сапрапелі, будаўнічым камені, падземных водах.