Вы тут

Падводзім вынікі года


Сяргей АШМЯНЦАЎ, старшыня Брэсцкага абласнога Савета дэпутатаў:

1387339318644_1

1387339318644_1

 

— Галоўнай формай работы дэпутацкага корпуса Брэстчыны паступова сталі выязныя сесіі ў рэгіёнах. У працэсе работы мы з калегамі пераканаліся: лепш раз убачыць, чым сто разоў пачуць. За два апошнія скліканні дэпутаты нашага абласнога Савета пабывалі ў кожным раёне.

Так, сёлета ў Пінскім і Пружанскім раёнах мы пазнаёміліся з вопытам падтрымкі асабістых падсобных гаспадарак. І пераканаліся, што Пружаншчына ў гэтым сэнсе можа служыць узорам не толькі ў вобласці, але і ў рэспубліцы. Мясцовыя ўлады ды і суб'екты гаспадарання аказваюць людзям істотную дапамогу: забяспечваюць пашай і кармамі, апрацоўваюць прысядзібныя ўчасткі, купляюць лішкі сельгаспрадукцыі. Сістэма работы выстройвалася гадамі. Як вынік, у Пружанскім раёне адзін з лепшых паказчыкаў закупу малака на карову.

У Столінскім раёне мы разглядалі работу па добраўпарадкаванні і навядзенні парадку на зямлі. За апошняе дзясяцігоддзе ў вобласці прыведзены ў парадак усе раённыя цэнтры, па праграме адраджэння вёскі абсталяваны многія аграгарадкі. Але ж у гэтай справе трэба дайсці да кожнай вёскі, да кожнага кавалка зямлі.

1387339320543_2

1387339320543_2

 

Марына Бондар, старшыня Гомельскага абласнога Савета дэпутатаў:

— Амаль за чатыры гады працы ў дэпутацкага корпуса Гомельшчыны сфарміраваўся свой почырк. Сярод асноўных нашых накірункаў — добраўпарадкаванне, духоўна-маральнае выхаванне, фізкультурна-масавая работа і адраджэнне народных традыцый.

Імкнемся ўзаемадзейнічаць з выканаўчымі органамі ўлады. Дэпутаты ўсіх узроўняў шмат зрабілі для таго, каб населеныя пункты былі добраўпарадкаванымі. У выніку сумеснай працы на тэрыторыі вобласці даведзены да ладу ўсе помнікі і мемарыяльныя комплексы, знойдзены новыя гаспадары для 200 будынкаў, якія доўгі час не выкарыстоўваліся, знесена 6300 пустуючых хат. Менавіта з дэпутацкай ініцыятывы пачалося ўсталяванне ў сельскіх населеных пунктах дзіцячых пляцовак. Дэпутаты таксама зрабілі значны ўнёсак у самаабкладанне: і арганізацыяй гэтай працы, і асабістым прыкладам.

Надыходзячыя цудоўныя святы нясуць надзею і на новыя дасягненні, здзяйсненні, перамогі. Шчыра жадаю, каб у гэтыя святочныя дні ва ўсіх дамах панавала разуменне і цеплыня.

1387339323643_3

1387339323643_3

 

Барыс БАГДАНЕЦ, намеснік старшыні Гродзенскага абласнога Савета дэпутатаў:

 

— У мясцовых Саветаў ёсць важнае звяно сувязі з жыхарамі населеных пунктаў — старасты. Гэта, так бы мовіць, вочы і вушы сельскага выканаўчага камітэта, вялікая кагорта грамадскіх актывістаў, найбольш аўтарытэтных людзей, якія дапамагаюць аднавяскоўцам і органам улады ў вырашэнні самых надзённых пытанняў. Праца старастаў быццам і непрыкметная, але вельмі важная, і гэтыя людзі павінны заахвочвацца. Прычым не толькі маральна, словамі падзякі на раённым і абласным узроўні, але і матэрыяльна. Мяркую, на Гродзеншчыне будзем рабіць гэта на пастаяннай аснове: сёлета ўжо прэміравана каля 50 старастаў.

Вельмі важная задача органаў улады пярвічнага звяна — праца па навядзенні парадку на зямлі, клопат пра лёс пустуючых дамоў, добраўпарадкаванне могілак. Нядаўна, напрыклад, па ініцыятыве мясцовага Савета добраўпарадкаваны могілкі ў пасёлку Сапоцкін, шмат у гэтым кірунку зроблена і ў іншых населеных пунктах.

Сёлета больш актыўна, на маю думку, зацікаўленыя службы і грамадскія фарміраванні працавалі ў аглядавых камісіях па выяўленні парушэнняў пажарнай бяспекі і іншых праблем у домаўладаннях, сацыяльна небяспечных сем'ях. Гэтыя пытанні, дарэчы, былі спецыяльна разгледжаны на сесіі абласнога Савета дэпутатаў.

Што датычыцца аптымізацыі сельскіх Саветаў, то гэта рабілася з выездам на месцы і тлумачэннем людзям. Ніводны работнік сельвыканкамаў, што трапілі пад скарачэнне, не застаўся без працы. Упэўнены, што органамі ўлады будзе зроблена ўсё, каб у новых адміністрацыйна-тэрытарыяльных рэаліях усе важныя для населеных пунктаў і іх жыхароў пытанні вырашаліся на належным узроўні.

1387339325342_4

1387339325342_4

 

Іван Ліпніцкі, старшыня Мінскага абласнога Савета дэпутатаў:

— З 2006 года ў нас мэтанакіравана і паступова праводзіцца работа па ўзбуйненні сельсаветаў. Сёлета ў маі завяршыўся чарговы этап аптымізацыі адміністрацыйна-тэрытарыяльных адзінак пярвічнага ўзроўню. Пры гэтым сачылі, каб следам за ліквідацыяй сельсаветаў не былі закрыты аб'екты інфраструктуры, не зніжалася прывабнасць населеных пунктаў, развіваліся транспартныя зносіны з цэнтрамі нанова створаных сельсаветаў, а фінансавыя сродкі накіроўваліся на павышэнне якасці паслуг насельніцтву, даступнасці гандлёвых і сацыяльных аб'ектаў.

Сёлета ўпершыню пачалася распрацоўка канцэпцыі развіцця сельсаветаў і сельскіх населеных пунктаў Міншчыны на 2014-2020 гады. Раней прымаўся генеральны план у дачыненні гарадоў. Але ж не менш важна прагназаваць і развіццё сельскай мясцовасці з улікам дэмаграфічнай сітуацыі. Для таго, каб рацыянальна выкарыстоўваць жыллёвы фонд, вытворчыя і матэрыяльныя рэсурсы, эфектыўна вырашаць пытанні жыццезабеспячэння насельніцтва. На тэрыторыі Мінскай вобласці налічваецца 5206 вёсак, дзе пражывае каля 610 тысяч чалавек.

У сталічнай вобласці 2013-ы быў аб'яўлены Годам навядзення парадку на зямлі і добраўпарадкавання. Шмат увагі надавалі пытанням навядзення парадку ў населеных пунктах, на тэрыторыях ляснога фонду, дарожных арганізацый, меліяраваных землях.

Актуальным застаецца такі накірунак, як выкарыстанне або знос пустуючых старых дамоў у сельскай мясцовасці, старых будынкаў, жывёлагадоўчых фермаў, іншых вытворчых пабудоў, якія прыйшлі ў непрыдатнасць і псуюць знешні выгляд вёскі. На гэтыя пытанні будзе скіравана асаблівая ўвага і ў 2014 годзе.

1387339328212_5

1387339328212_5

 

Раіса Лычкоўская, намеснік старшыні Магілёўскага абласнога Савета дэпутатаў:

— Гэты год быў вельмі напружаным і разам з тым плённым. На сесіях разглядаліся розныя пытанні, у тым ліку эканоміі і беражлівасці, мадэрнізацыі прадпрыемстваў, занятасці і падтрымкі моладзі, дапамогі дзецям з праблемных сем'яў, мясцовага кіравання і самакіравання. Адным з актуальных пытанняў, разгледжаных на пасяджэнні прэзідыума аблсавета, стала якасць жылля, якое будуецца ў Магілёўскай вобласці. Шмат увагі надавалі аптымізацыі адміністрацыйна-тэрытарыяльнага ўладкавання вобласці: на працягу года было скасавана 20 сельсаветаў, а больш за 40 рэарганізавана з улікам інтарэсаў народнай гаспадаркі і насельніцтва, якое там жыве.

Разам з абласнымі, раённымі і сельскімі Саветамі і выканкамамі мы прымалі рашэнні па зносе трухлявага жылля, думалі, як палепшыць работу па папярэджанні гібелі людзей — ад пажараў і іншых знешніх прычын.

На міжнародным узроўні былі падпісаны пагадненні аб супрацоўніцтве з дэпутатамі Адэскай і Бранскай абласцей.

Шмат чаго было зроблена для моладзі. У Магілёўскай вобласці пражывае звыш 240 тысяч маладых людзей ва ўзросце ад 14 да 31 года. Пытанні фарміравання здаровага ладу жыцця і прафілактыкі негатыўных з'яў сярод моладзі застаюцца актуальнымі. І тут мы працуем разам з моладзевымі арганізацыямі і выканаўчай уладай. Вось даручылі гарадскім і раённым Саветам дэпутатаў, выканаўчым камітэтам да 1 студзеня 2014 года распрацаваць пытанне стварэння моладзевых тэрытарыяльных органаў самакіравання.

Фота Яраслава ВАНЮКЕВІЧА.

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?