Вы тут

Нацыянальная музычная прэмія-2013: інтрыга без інтрыгі


Сёлета адзін з самых прэстыжных айчынных музычных конкурсаў, які праводзіць трэці год запар Міністэрства культуры і тэлеканал СТБ, пашырыў стылістычныя межы, бо прэмія пазбавілася вызначэння «ў галіне папулярнай музыкі». Але на канчатковых выніках гэта мала адбілася...

1387512677828_1

У судзейскай калегіі з'явілася шмат новых імёнаў: Дзмітрый Калдун, атрымаўшы раней дзве прызавыя статуэткі, цяпер сам «журыў» калег, а кампазітар Эдуард Ханок, наадварот, пакінуў склад журы, затое трапіў у лік лаўрэатаў — са спецпрызам «За ўнёсак у развіццё сучаснай музыкі». Пераможца ж леташняй прэміі Саша Нэма дэбютаваў у ролі вядучага цырымоніі. «Узнагарода цябе распіярыла, цяпер ты на яе папрацуй!» — падбадзёрвалі артыста за сцэнай.

Прадказальна лепшай поп-артысткай Беларусі была названа Алена Ланская, чый хіт «Solayoh», акрамя «Еўрабачання», за гэты год прагучаў, здаецца, на ўсіх больш ці менш значных мерапрыемствах. Нечакана для публікі артыстка выйшла на сцэну без знакамітага бліскучага дыскаболу. «Дзе шар?» — вялікімі літарамі чыталася ў вачах гледачоў.

— Мы доўга вырашалі, як зрабіць пастаноўку, і вырашылі адмовіцца ад шара з-за тэхнічных асаблівасцяў мерапрыемства, — патлумачыў у адказ на пытанне «Звязды» новы дырэктар прадзюсарскага цэнтра «Спамаш» Дзяніс Шпітальнікаў. — Канцэрт ідзе жвава, проста не хапала часу для ўстаноўкі. Ды яго і на «Еўрабачанні» правільна выкацілі хіба з пятай спробы.

Лепшым рок-калектывам Беларусі стаў гурт «Без білета», які, дарэчы, адзін з лаўрэатаў прэміі здолеў у прамым сэнсе слова разварушыць залу. Ды што там зала — нават дзяўчаты з «Харошак» за кулісамі падпявалі і прытанцоўвалі пад зусім не беларускую, але такую цёплую «На Ямайку!» Дарэчы, аркестр ансамбля «Харошкі», у сваю чаргу, стаў лепшым этна-фолк-калектывам, што і пацвердзіў сваім жвавым «Юр'евым канём». Наогул, арганізатары стрымалі слова: у спісе намінантаў сёлета траплялася нашмат больш беларускамоўных артыстаў і калектываў, якія прэтэндавалі на ўзнагароды. Акрамя ўласна «Лепшай беларускамоўнай песні», якой была прызнана «Танчыць» гурта «іlі-іlі», лепшы альбом за год выдаў абноўлены «Krіwі» — Вераніка Круглова асабіста прымала ўзнагароду за «Traukamurauka», лепшым кліпам стала работа беларускамоўнага праекта «У нескладовае» і гурта «Браты Грым». Пад народны ансамбль «Верас» быў заснаваны нават адмысловы спецпрыз «Народны хіт» — за песню «Лісапет», а гурт «N.R.M.» хоць і не трапіў у прызёры, але быў двойчы абвешчаны як намінант — хіба не прагрэс для афіцыйнай прэміі?

1387512680348_2

Лепшы гастрольны тур «Як жа край наш не любіць» дала Ірына Дарафеева. Зрэшты, гэтую прэмію нечакана — і, здаецца, упершыню за час яе існавання — журы аддало адразу двум выканаўцам — Дарафеевай і Гюнеш за гастрольны тур «Што ў гэтым сэрцы». Але гэта было не адзінае здзіўленне. Раптам высветлілася, што званне лепшага прадзюсара года, на якое прэтэндавалі 5 чалавек, вырашылі наогул не прысуджаць. Зусім нечакана тытул «Лепшы юны выканаўца» атрымаў бронзавы прызёр дзіцячага «Еўрабачання» Ілья Волкаў. І ўсё б нічога, калі б... на гэтую ўзнагароду пад назвай «Лепшая зорачка года» не намініраваліся 5 дзяўчат і (паводле правілаў конкурсу) у ім не павінны былі ўдзельнічаць толькі тыя песні, кліпы, канцэрты і г.д., што адбыліся да 1 лістапада ўключна. (А дзіцячае «Еўрабачанне» ў Кіеве, напрыклад, прайшло 30 лістапада.) Ніхто не спрачаецца, што Ілья Волкаў выдатна прадставіў краіну і варты ўзнагароды — але, паводле правілаў, усё ж не за мінулы год.

Не былі ўручаны ўзнагароды і ў намінацыі «Адкрыццё года» — дарэмна гурт «Napolі» добрасумленна прабыў усе чатыры з лішнім гадзіны канцэрта за кулісамі. Такім чынам, з 19 абвешчаных раней узнагарод знайшлі сваіх гаспадароў усяго 16. А прызнаны «Лепшым джаз-калектывам» бэнд «Apple Tea» хоць і выйшаў па ўзнагароду, але не выступаў, спаслаўшыся на прастуду... бубнача.

1387512683824_3

Выхад на сцэну першага намесніка міністра культуры Уладзіміра Карачэўскага стаў для прысутных асобным сюрпрызам, бо той нікога не віншаваў, затое праспяваў песню «Лепшага аўтара музыкі 2013 года» Леаніда Шырына. «Я насамрэч шмат гадоў не стаяў на сцэне як артыст, таму хваляваўся, як успрымуць слухачы гэткую мужчынскую лірыку, — прызнаўся Уладзімір Міхайлавіч за сцэнай. — Хоць музыкай займаўся ўсё сваё жыццё, а некалькі гадоў таму запісаў першы дыск, які даволі паспяхова круцілі па радыё».

Але, бадай, галоўнай нечаканасцю прэміі стала тое, што аўтараў лепшай песні года — «Першы снег» у выкананні Іны Афанасьевай — Юлію Быкаву і Яўгена Алейніка — нават не запрасілі на цырымонію. «Дакладней, нейкая мілая дзяўчына-адміністратар, якая, відаць, была не ў курсе сітуацыі, патэлефанавала нам за тры гадзіны да пачатку мерапрыемства, — расказвае кампазітар. — Я не ўцяміў: гэта што, новая «фішка»? Такое адчуванне, што аўтары лепшай песні года — статысты, якіх можна паклікаць за пару гадзін да мерапрыемства ці зусім не паклікаць... Прэмія задумвалася як мерапрыемства, што павялічыць павагу да прафесіі музыканта ў грамадстве. Але якая тут павага?».

1387512687927_4

У кулуарах жа адзначалі, што вызначэнне пераможцаў вузкім колам суддзяў — гэта што заўгодна, але не нацыянальная прэмія. Маштаб не той. «Дзе народнае галасаванне, дзе доўгі адбор і прадстаўленне ўсіх намінантаў? Па якіх крытэрыях ідзе ацэнка?» — перагаворваліся паміж сабой артысты і прадзюсары.

Мудрыя людзі раяць ніколі не спяшацца з высновамі. Вось і мы адмыслова вытрымалі паўзу, перш чым падзяліць трэцюю Нацыянальную музычную прэмію на складнікі. Але чорных каменьчыкаў на вагах усё адно аказалася больш, чым белых... Беларуская мова, як і раней, гучала на сцэне хіба з вуснаў асобных лаўрэатаў ды ў музычнай застаўцы. За сцэнай жа грымёркі заслужаных артыстаў суседнічалі з памяшканнямі, дзе рабочыя насілі будматэрыялы, а ўдзельнікі дзіцячага танцавальнага калектыву наогул вымушаныя былі пераапранацца ў калідоры. Пэўна, варта штосьці падправіць у «кансерваторыі»?

Вікторыя ЦЕЛЯШУК.
Фота Марыны БЕГУНКОВАЙ

З першых вуснаў

Пачуўшы мноства нараканняў наконт трэцяй Нацыянальнай музычнай прэміі, намеснік генеральнага дырэктара СТБ Павел Каранеўскі адмоўчвацца не стаў і пракаментаваў «Звяздзе» найбольш «гарачыя» з іх.

— Я ведаю пра скандал вакол «Лепшай песні года», — адразу заўважыў ён. — А вось вы ведаеце, што заяўка на ўдзел гэтай песні ў конкурсе прыйшла літаральна ў апошні дзень, прычым не ад аўтараў Яўгена Алейніка і Юліі Быкавай, якія праігнаравалі цырымонію, і нават не ад Іны Афанасьевай, — а ад прадзюсара Уладзіміра Кубышкіна, які звярнуў увагу адборачнай камісіі на тое, што гэтая кампазіцыя магла б прэтэндаваць на ўзнагароду? Тая ж гісторыя з гуртам «У нескладовае»: яны падалі заяўку ў апошні дзень, 21 лістапада, а ў выніку ўзялі прэмію за лепшы кліп... Некаторых жа беларускіх артыстаў, як высветлілася, прызнанне на радзіме наогул не цікавіць: напрыклад, ці не прамым тэкстам аб гэтым заявіў Макс Корж, які летась у нас прэтэндаваў на «Адкрыццё года».

— А чаму ў некалькіх намінацыях прэміі так і не былі ўручаны?

— Сапраўды, у шорт-лісце журы былі прэтэндэнты ва ўсіх 19 намінацыях, у тым ліку «Лепшы прадзюсар», «Адкрыццё года» і «Зорачка года». Але прадстаўленыя ў гэтых трох намінацыях заяўкі, на думку суддзяў, не мелі настолькі высокага мастацкага ўзроўню, каб адзначаць іх Нацыянальнай музычнай прэміяй, якая ўсё ж павінна задаваць адпаведны ўзровень.

— Многія меркавалі, што «Лепшым прадзюсарам» у знак пашаны можна было без усякага галасавання прызнаць нябожчыка Дзмітрыя Баранава (экс-дырэктар прадзюсарскага цэнтра «Спамаш», пры ўдзеле якога Алёна Ланская паказала адметны вынік на сёлетнім «Еўрабачанні». — Аўт.).

— На мой погляд, ён сапраўды быў варты гэтай узнагароды. Але гэта прыватнае меркаванне, якое не ўплывае на рашэнне журы.

— Калі ўзровень актыўнасці адразу ў трох намінацыях быў такі нязначны, мабыць, варта перагледзець намінацыі наогул?

— А яны і пераглядаюцца: параўнайце спіс першай і трэцяй прэміі, заўважце, якая істотная паміж імі розніца. І потым, гэта не паказчык: сёлета іх мала, налета можа быць вельмі шмат. І намінацыі павінны змяняцца гэтаксама, як мяняецца сітуацыя ў айчынным шоу-бізнесе, у рэальным жыцці.

— Шмат хто ўпікаў тэлеканал, як арганізатара цырымоніі, за выкарыстанне фанаграмы...

— Для тэлезапісу — а мы пазначалі на квітках, што гэта тэлевізійны запіс, — зазвычай артысты і выступаюць пад фанаграму, бо вельмі складана і часам нават немагчыма настроіць апаратуру пад кожнага выканаўцу. Але якраз у гэтай прэміі, хачу адзначыць, ці не палова артыстаў «давала жывака»: і «J:Mopc», і гурт «Без Білета», і Дзмітрый Калдун у суправаджэнні Прэзідэнцкага аркестра — усе яны працавалі жыўцом. Натуральна, што атрымалася — вырашаць гледачам. Але тое, што на адной сцэне ўдалося прадставіць настолькі розныя стылі, я лічу, паказвае, што прэмія жыве і развіваецца, як бы нас ні крытыкавалі...

— Праца ў нас такая — заўважаць хібы, каб у наступны раз усё было лепш...

— Вось мы на гэта і працуем. Дарэчы, вашы пажаданні я таксама помню і спадзяюся, што ў будучыні цырымонія ўручэння Нацыянальнай музычнай прэміі будзе праходзіць на беларускай мове.

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».