Вы тут

Свята — рукамі майстроў


Каляровыя навагоднія цацкі, шматлікія бліскучыя ўпрыгожанні, арыгінальныя прадметы інтэр'ера — кожная рэч толькі ў адным экзэмпляры, бо зроблена рукамі майстра. Усю гэту прыгажосць можна ўбачыць на выставе сувеніраў і падарункаў ручной працы «Млын-2013», якая ўчора адкрылася ў беларускай сталіцы.

1387610883428_1

Здзівіцца сапраўды ёсць чаму. Тут можна ўбачыць навагоднія ёлкі, зробленыя з пёраў, са штучнага белага футра, можна памераць цёплыя каляровыя тапачкі з лямцу. Паспрабаваць зайграць на свістульках і акарынах. Ёсць стэнды толькі з васковымі прадметамі і толькі з драўлянымі. Дзесьці ўсе рэчы — гэта сшытыя кавалкі тканіны. Шмат розных цацак. Некаторыя майстры робяць лялек з партрэтамі людзей. Такога «двайніка», пэўна, будзе прыемна атрымаць кожнаму.

1387610886329_2

На «Млыне» побач выстаўляюцца рамеснікі і мастакі, дызайнеры і майстры хэндмэйду. Кожны год іх шэрагі папаўняюцца. Некалькі гадоў таму праект пачынаўся з 20 майстроў, пасля іх было 40, 50. Сёння іх 500 чалавек. Не ўсім ахвотным хапіла месца ў павільёне «БелЭкспа».

1387610890741_3

Куратар выставы Таццяна АНТОНЧЫК расказала, што кожны год сюды прыязджаюць майстры з самых розных куткоў Беларусі. Ёсць і пакупнікі, якія спецыяльна завітваюць на «Млын» з рэгіёнаў. Некаторых рамеснікаў можна раз на год убачыць выключна тут — гэта, напрыклад, бондар Зміцер Бірала.

Майстрыха Марыя Шчурская, што з Мінска, выстаўляе тут вялізную калекцыю цацак. Дапамагаюць ёй сяброўкі з Баранавіч — Аліна Пятрухіна і Наталля Янкоўская, адзетыя ў каляровыя балетныя пачкі. Увогуле ж іх экспазіцыя падобна на перасоўны лялечны тэатр.

1387610894425_4

У Марыі Шчурскай выраб цацак — асноўная праца. Яна расказала, што большасць работ ідзе на продаж за мяжу. Лялька вышынёй 40 сантыметраў каштуе прыкладна 250 тысяч, а зрабіць яе можна прыкладна за адзін працоўны дзень. Майстрыхі расказалі, што кожны год па-рознаму афармляюць сцэну, клапоцяцца пра свой адметны знешні выгляд. Бо сапраўдны гандляр павінен прывабліваць пакупніка і звяртаць на сябе яго ўвагу.

«Млын-2013» будзе працаваць і на выхадных. Уваходны квіток каштуе ад 10 да 15 тысяч.

Ніна ШЧАРБАЧЭВІЧ.
Фота Любові БЯЛЯЕВАЙ.

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?