Вы тут

Ліставанне ніхто не адмяняў. І не адменіць!


...Дыялог з разраду рэдакцыйных і ледзь не штодзённых:

— Вы атрымалі мой ліст?

— А калі вы яго адпраўлялі?

— Учора.

— Электроннай поштай?

— Не, звычайнай...

І ўжо, бач, непакоіцца чалавек — хоча, каб ліст не проста дайшоў, а дайшоў тут жа, максімальна хутка!

Калі хочацца, значыць, трэба зрабіць! Днямі рэспубліканскае ўнітарнае прадпрыемства «Белпошта» прэзентавала новае пісьмасартавальнае абсталяванне, якое...

1387610929305_1

Зрэшты, пра яго варта падрабязней і, напэўна, спачатку. Такім чынам, ліст напісаны нашым чытачом з вёскі, перш-наперш апрацоўваецца, сартуецца па месцы яго адпраўлення, гэта значыць, у сваім аддзяленні паштовай сувязі, потым — у раённым вузле, потым — у абласным філіяле, у сталіцы...

— Гэта, — як прызнала падчас прэзентацыі генеральны дырэктар РУП «Белпошта» Ірына Саксонава, — быў самы працаёмкі працэс, бо ўсе лісты ўручную 10-12 разоў сартаваліся. І кожнае з такіх сартаванняў вымагала не толькі часу — вымагала вялікай адказнасці і ўвагі. Нашым сартавальніцам, каб ведаць, які ліст куды пакласці, даводзілася, што называецца, трымаць у галаве каля сямісот адрасоў і кірункаў. Якасць працы ў выніку ў многім залежала яшчэ і ад таго, як хто запомніў ячэйкі, ці не захварэў, ці не стаміўся... Іншымі словамі, ад так званага чалавечага фактару. Новае ж абсталяванне дазваляе сартаваць пісьмовую карэспандэнцыю аўтаматычна і адразу — да даставачнага ўчастка, да сумкі паштальёна, і выключаючы дубляванне.

Працуюць новыя машыны на ранейшых плошчах — у старых сценах. Праўда, іх цяпер ужо не пазнаць: у памяшканні ранейшага цэха светла, прасторна. Кожную з машын абслугоўваюць тры аператары. Праца ў іх, што называецца, не пыльная, але ж патрабуе і пэўных ведаў, і практыкі. Усю інфармацыю з канвертаў — індэксы, адрасы — «счытвае» аўтаматыка і накіроўвае ў спецыяльныя ячэйкі. Усё, здавалася б, проста, але нашы людзі, паводле слоў начальніка цэнтра развіцця інфармацыйных тэхналогій «Белпошты» Наталлі Пілецкай, не заўсёды акуратна пішуць адрасы, прычым — поўныя, дакладныя, як гэта патрэбна машыне. І праблема, вядома ж, не ў асаблівасцях почыркаў.

1387610932142_2

— На многіх канвертах цяпер пазначана кароткае: «Дзеду Марозу». Нехта піша яму ў Белавежскую пушчу, нехта — у Лапландыю. Але ж гэта — з'ява часовая і даравальная, бо пішуць пераважна дзеці. У дарослых — свая логіка. Яны лічаць, напрыклад, што ўсе добра ведаюць, дзе знаходзіцца «Бабруйскшына», а значыць, каб ліст дайшоў, гэтага слова на канверце будзе цалкам дастаткова... Нехта не бачыць сэнсу ў тым, каб пазначаць тып населенага пункта (вёска, горад, пасёлак гарадскога тыпу...). Словам, хацелася б, каб людзі, падпісваючы канверты, былі больш уважлівымі, каб яны ўсё ж кіраваліся тымі падказкамі, што ёсць на канвертах. Тады на апрацоўку, на сартаванне іх лістоў будуць затрачвацца літаральна долі секунды.

Гэта, як высветлілася, зусім не перабольшванне: прадукцыйнасць працы новага абсталявання — 45 тысяч лістоў за гадзіну. Пакуль — так званых стандартных лістоў: вагой да 20 грамаў, у звычайных канвертах. Але ж з часам плануецца закупка абсталявання для апрацоўкі нестандартнай карэспандэнцыі і пасылак, перавозка пошты з выкарыстаннем спецыяльных кантэйнераў.

1387610935973_3

Чым гэта абернецца для прадпрыемства? Па-першае, аптымізацыяй лагістыкі і колькасці работнікаў, якія займаліся раней апрацоўкай і сартаваннем пошты (ужо на першым этапе, паводле падлікаў, вызваліцца каля 220 чалавек, якія — вакансіі ёсць — могуць застацца на прадпрыемстве ў якасці аператараў і паштальёнаў). Па-другое, аўтаматызацыя і механізацыя тэхналагічных працэсаў істотна паўплывае на павышэнне якасці — прынамсі, значна павялічыцца хуткасць праходжання пошты. Па-трэцяе, адкрываюцца магчымасці для ўкаранення новых паслуг з дабаўленым коштам... І адпаведна, у прадпрыемства павышаюцца аб'ёмы работ з усімі адсюль наступствамі ў выглядзе росту даходнасці, заработнай платы і г.д.

— На рэалізацыю праекта затрачана 41 млрд беларускіх рублёў, — распавядае Ірына Саксонава. — Паводле папярэдніх падлікаў, акупіцца ён за два гады, бо, нягледзячы на альтэрнатыўныя варыянты сувязі, ліставанне ніхто не адмяняў і не адменіць — аб'ём пісьмовай карэспандэнцыі пастаянна расце. Гэта і дзелавая перапіска, і асабістая (што асабліва адчуваецца ў перадсвяточныя дні!), і посткросінг, якім захапляюцца цяпер і піянеры, і пенсіянеры, як той казаў... Да таго ж мы жывём і працуем ва ўмовах рынку, а значыць, вытворцы (гэта непазбежна) — будуць рэкламаваць сваю прадукцыю, свае паслугі...

1387610939761_4

Як гэта робіцца, расказалі і паказалі ў цэху гібрыднай пошты, дзе на той час выконваўся перадсвяточны заказ адной вядомай кампаніі: гэта значыць, аўтаматычна пакавалася нестандартнае ўкладанне (віншавальная паштоўка, адмысловы каляндарык, рэкламны буклет), якое пасля, скажам так, «канвертавання» будзе дастаўлена па тысячах адрасоў. Для таго, каб самастойна адолець падобны аб'ём — і працы, і потым рассылкі — кампаніі, хутчэй за ўсё, давялося б некага наймаць або і наогул не менш як на месяц прыпыняць сваю дзейнасць... «Белпошта», займаючы ганаровае другое месца ў свеце па развіцці электронных паслуг, можа зрабіць гэта за лічаныя гадзіны.

А таму цалкам магчыма, што хутка на запытальнае: «Вы атрымалі мой ліст, адпраўлены звычайнай поштай учора?», мы зможам сказаць: «Так». Беларусь стала трэцяй краінай на былой постсавецкай прасторы (пасля Расіі і Казахстана) з аўтаматызаваным працэсам апрацоўкі і сартавання пошты.

Валянціна Доўнар.
Фота Анатоля Клешчука.

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».