Вы тут

Час нашага жыцця


...На той карціне (бачу, як цяпер!) быў лістапад, быў гай, заліты сонцам, і вузкая дарожка... Па якой на белым кані ехаў... тата!

Не!.. Ну, вядома ж, не мой — памылілася: мастак, відаць, маляваў свайго... Ці проста нейкага дзядзьку, на нейкай падводзе...

Але ж карціну купіць хацелася. І потым павесіць — дома, на самым бачным месцы, каб час ад часу глядзець, каб помніць і слухаць восень...

Дарагая была карціна — не дакупіцца. І... не забыць! Бо яно ж і напраўду — можна ў чалавека забраць усё! Апроч таго, што ён выпіў, з'еў і ўбачыў.

Нават — калі ўбачыў не тое.

Тут вам не там

Продкі елі хлеб траякі — чорны, белы і ніякі.

Цяпер гатункаў — мусіць, не злічыць!

А ў Адэсе, кажуць, цэн. Прынамсі (з цэнніка):

Одно кофе — 30 гривен,
Один — 25,
Один, пожалуйста, — 20,
Доброе утро, один кофе, пожалуйста, — 15...

Надоечы на плошчы Якуба Коласа мужчына спыніў, сказаў: «Добры дзень, прабачце, калі ласка, што затрымаў, але ж, калі вас не абцяжарыць, скажыце мне: я да плошчы Незалежнасці на гэтым аўтобусе даеду?»

Пакуль пытаўся, аўтобус пайшоў. Мужчына застаўся — у цэнтры Мінска. Тут кошт на каву (для пітакоў) пакуль нязменны. А то асобных давялося б паіць задарма.

Мама як група дызайнераў...

Некалі тут быў завод — адзін з буйнейшых у горадзе, а можа, і ў краіне? Цяпер...

Цяпер у будынках, што бліжэй да вуліцы, да людзей, чаго толькі няма: казіно, рэстаран, аптэкі, банкі, медцэнтры, проста безліч крамак і крам!..

У адной — творы мастацтва, можна сказаць: вязаныя (на спіцах, шыдэлкам) сукенкі, спадніцы, кофты, шапачкі, шалікі... Цікавыя фасоны і ўзоры, якасныя ніткі... Можна да чагось прыцаніцца, можна прымераць, а потым уголас заўважыць:

— Гузічкі б сюды іншыя...

— Не пытанне, можам памяняць, — заверыла маладая дзяўчына-прадавец.

— І рукавы крыху даўгаватыя...

— Падкароцім... Лёгка, — зашчабятала яна. — Мы і наогул любую з гэтых рэчаў, па жаданні заказчыка, можам падагнаць па фігуры, удасканаліць, звязаць у іншым колеры альбо з іншых нітак, распрацаваць эксклюзіўную мадэль... У нас група дызайнераў, група майстроў...

Але ж гузікі, трэба разумець, перашываў адзін. І, на жаль, крыху «прамахнуўся»... Аж прадавец здзівілася. Тут жа схапілася за свой мабільны, сказала:

— Мама, у гэтай кофтачцы — ну ты помніш? — адно крысо атрымалася крыху даўжэй, а другое — карацей... Што? Перашыеш яшчэ раз?..

Не было б шчасця...

Хлопец кахаў яе.

Яна? Ды як у песні, відаць: і не тое, каб так, і не тое, каб не... Але ж на працы якраз мянялася начальства, а з ім і ўсё астатняе: падначаленых, прынамсі, усё больш нагружалі і ўсё менш плацілі. Апроч таго, у Зоі, падыходзіла чарга на кватэру і будаваць яе на адну асаблівага сэнсу не мела. Таму яна выйшла замуж за таго хлопца, нарадзіла сынка, усёй сям'ёй яны засяліліся ў новую двухпакаёўку, збольшага абжыліся...

Праз два гады яна выйшла на працу. І ці не ў першы ж дзень зразумела, што да лепшага там амаль нічога не змянілася: усё тая ж нервознасць, усё тое ж патрабаванне немаведама чаго. Таму Зоя неўзабаве зноў пайшла ў дэкрэт, зноў нарадзіла. І ўжо падгадавала...

Надоечы на працу ездзіла — навагоднія падарункі дзецям забраць. Шмат каго там пабачыла, многіх распытала...

Зразумела з размоў, што зарплата нізкая, што працаваць па-ранейшаму цяжка...

Думае цяпер: можа, зноў у дэкрэт?

Двое — у натоўпе

Дзень. Праспект і прыпынак. Праўда, прыпыняюцца тут не ўсе — толькі тыя, хто хоча пад'ехаць...

Дзве дзяўчыны пехам ідуць — пад ручку, блізенька-блізка... Пра нешта сваё гамоняць, смяюцца... Сяброўкі, відаць.

Што здзіўляе, адна — у дыхтоўным норкавым футры, у светлых прыгожых боціках...

На другой — старэнькі палітончык, джынсы. А бач ты...

У адной хапае розуму не фанабэрыцца сваім багаццем, у другой — не камплексаваць з-за яго адсутнасці. Бо яно ж і сапраўды — грошы як птушкі: прылятаюць і адлятаюць.

Не факт, што ад адных і тых жа.

Парады бывалых

...Тралейбус што той мурашнік — у пэўныя з гадзін. Бо нехта выходзіць, заходзіць, садзіцца, устае і, вядома ж, гаворыць — яшчэ і па мабільных...

— Што-што ты размарозіла? — выпытвае ў некага мажная пажылая кабета. — Курыцу? І што? Вырашыла падсмажыць?.. Дурніцай не будзь! Паслухай мяне: калі ты яе падсмажыш, твае хлопцы за раз з'ядуць і праз гадзіну забудуцца. Лепей патушы — з бульбай. Тады і на вячэру хопіць. А яшчэ лепш — супу навары. На два выхадныя, можа, расцягнеш.

...«Эканоміка (у тым ліку хатняя) павінна быць эканомнай» — і хацеў бы забыць гэту фразу ды хіба ж дадуць?

Характар

Вёска... Вуліца... Дама з сабачкам — праўда, не з аповеду Чэхава — наша, невялічкая, рухавая, у гумовых боціках, у ватоўцы...

А вось сабачку ў кіно хоць сёння здымай: рыжанькі, калматы... За гаспадыняй трусіць — спачатку ў краму, а хвілін праз дзесяць — адтуль, з кавалкам батона ў зубах і ўжо спераду — жанчына за ім ледзьве паспявае:

— Ды вось жа, — усміхаецца, — акраец батона кінула, а ён абы-дзе ды ўпохапкі нічога есці не стане: у зубах дамоў прынясе. І ўжо там спакойна сядзе і з'есць.

Сабака... Вясковы... А бач ты — прыкладам... Для людзей.

Больш, відаць, гарадскіх?

Падарунак

Віно, паводле класіка, «скотинит и зверит человека», прычым любога — не выбіраючы. І не шкадуючы...

Гэты вось — не іначай з начальства, бо ў дыхтоўным паліто, у бялюткай сарочцы, пры гальштуку...

І ноша ў яго адпаведная: у адной руцэ — партфель (відавочна, з важнымі паперамі), у другой — вялізны падарункавы пакет. Стаміўся трымаць! А таму на бліжэйшым прыпынку паставіў усё пад слуп і сам стаў «у позу»: ногі паводдаль, лоб — у халодны бетон... Каб адпачыць? Не толькі — мяркуючы па гуках, што стварае падзенне вады — на партфель, на пакет....

З якога, калі даедзе (і ўсё давязе), напэўна ж, будзе даставаць падарункі...

І тыя ж паперы...

Віно, паводле класіка, «скотинит и зверит...». Яно ж робіць чалавека смешным, вартым шкадобы, гідкім...

Але само такім чамусьці не робіцца...

Ад любові...

У Юлькі нічога не трымаецца — гаворыць, што трэба, а што, можа, і не... З месяц таму, прынамсі, пахвалілася, як ехала з працы, як у аўтобусе пазнаёмілася з прыгожым прарабам, як той угаворваў яе збочыць — некуды схадзіць, пасядзець... А далей — болей: пра любоў стаў казаць (з першага позірку), пра сваю гатоўнасць жаніцца...

— А ты? — папыталіся мы ў дзяўчыны.

— Што я, — адмахнулася тая, — нумар тэлефона дала, а ўсё астатняе... Ён, разумееце, п'янаваты быў. Куды з такім пойдзеш?

— Дык хоць пазваніў?

— Не... Але ж сказаў, што з працы заўжды на дваццатцы ездзіць. Значыць, сустрэнемся...

— Ну як твой прараб, — спыталі днямі ў дзяўчыны, — яшчэ не сустрэліся?

— А як жа! — з форсам адказала Юля.

— І... Што?

— Не пазнаў.

Грошы

З правілаў жыцця: дапамога псіхааналітыка — гэта, вядома ж, добра, але памацюкацца — нашмат танней.

Днямі сусед наш душачку адвёў: жонка тваражок да кавы падсунула. А ён не каб узяць ды адразу з'есці, — разгледзець вырашыў.

І, вядома ж, прачытаў, што ў пакуначку — 150 грамаў, што тлустасць 4 працэнты, што кошт («і вочы на лоб!») — 3750 рублёў!

Роўна столькі ж трыццаць пяць гадоў таму ён за... новы «Запарожац» аддаў!

Пытанне

...«Ні разу не паваліцца — не самая вялікая заслуга ў жыцці. Галоўнае — кожны раз падымацца», «Калі гаварыць з чалавекам на мове, якую ён разумее, гэта ідзе да яго галавы. Калі гаварыць на яго роднай мове — гэта ідзе да яго сэрца», «Многія справы здаюцца невыканальнымі, пакуль іх не зробіш»...

Фразы з тых, што на слыху, ад (светлай памяці) Нэльсана Мандэлы, былога прэзідэнта Паўднёва-Афрыканскай Рэспублікі, Нобелеўскага лаўрэата, які 27 гадоў правёў у зняволенні. І апроч іншага, пакінуў на роздум пытанне, чаму... Чаму, прынамсі, «складанасці і нягоды руйнуюць адных людзей і ствараюць іншых»?

На шалях

Будоўляй хлопчык «захварэў» змалку. Падабалася глядзець, як майстры абчэсваюць бярвенцы, як выбіраюць драчку і падразаюць вуглы... Як кладуць падрубы, потым вянцы — да вокнаў, паміж імі, вышэй... Глядзіш — і бэлькі на месцы, і кроквы стаяць...

Хапаўся хлапчук за малаток, за скоблю, за пілу і сякеру, вучыўся... Каб потым ці не ўсё дарослае жыццё будаваць — хлеўчыкі, лазні, дачы, дамы. Спачатку — некаму, а потым і сабе. А гэта, як высветлілася, працэс бясконцы: гадамі ў яго ні выхадных, ні прахадных... Ні, вядома ж, свабодных грошай...

Хіба сёлета неяк на капейку ўзбіўся. І «адарваўся», як той казаў: з дачкой на два тыдні ў Егіпет махнулі. А там — сонца... Мора... На беразе — чатырохзоркавы атэль і ўсё ўключана: гэта значыць, еш — хоць расперажыся, пі — хоць заліся, клопатаў ніякіх: купайся, загарай. Будаўнік аніколі гэтак не жыў!

І — казаў — хараства такога не бачыў...

Болей — не кажа. Бо вярнуўшыся, у грыбы каля дома схадзіў. І трэба ж — амаль адразу, на ўскрайку — тры баравікі знайшоў! Ладныя такія... Ланцужком раслі. Прасачыў, адкуль той ланцужок — там яшчэ тры сядзяць, чорненькія, беланогія; прасачыў, куды — пяць новых убачыў!..

Насцярожыўся: быццам трэск за спінай пачуў? Спужаўся, што нехта ідзе (крый Божа, «сланом» — дык яшчэ патопча!), кінуўся да грыбоў — зразаць. А расхінуў трохі мох — ля першага ж — яшчэ два растуць!

Ад неспадзеўкі сеў, яшчэ раз прыслухаўся (ціха, як быццам), яшчэ раз агледзеўся — стаў лічыць: сямнаццаць штук як на далоні! Вачам не паверыў — палічыў яшчэ раз! Убачыў, што сапраўды памыліўся: баравікоў не сямнаццаць! Іх... дзевятнаццаць — на зялёным дыване, з-пад елачкі, з-пад лапачкі, рознага «росту» і «ўзросту»...

Хвілін пятнаццаць ля іх прасядзеў, хвілін пятнаццаць глядзеў — «узважваў», так бы мовіць, уражанні.

І выходзіла, як ні круці, што вось гэтыя, перажытыя дома, у лесе, былі куды вастрэйшыя, куды цяплейшыя, чым тыя, што купіў сабе — за тысячу вёрст і долараў.

Валянціна Доўнар.

Ад яе ж...

Навагоддзем, па дарозе
Панна крочыла ў знямозе:
Прыпыніцца б трошкі трэба —
Папрасіць вады і хлеба.

Цуда-церам на пагорку...
Ды спыняюць на падворку:
Гаспадыня прабурчала,
Што самой ёй хлеба мала:
— Ты ж ідзі, адкуль прыйшла...

Да суседа ў двор зайшла...
Але й той прымаў ля хаты.
Ён сказаў, што ўсім багаты.
А чаму? Бо не з дурных:
Не пускае ў дом чужых.
А тым болей — перад ноччу...

Значыць, далей трэба крочыць,
Аб цяпле і хлебе марыць...
Бачыць — дзядзька гаспадарыць:
Твар у поце, рукі ў брудзе...
Гэты ж — літасцівы будзе?!
— Не, — ён кажа, — бо прымака:
Сам жыву, як пабірака.

...Па раз'езджанай дарозе
Дабрыня ішла ў знямозе.
Са здароўем і з багаццем!
Ды... не мела месца ў хаце.

...Хай жа ў гэта навагоддзе
Усё да вас дарогу знойдзе!
І далей — нідзе не пойдзе!

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

Амаль тысяча дзвесце чалавек сабраліся, каб вырашаць найважнейшыя пытанні развіцця краіны. 

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.