Вы тут

«Шэрыя заробкі» супраць пенсіі


Члены ўрада таксама адказалі на пытанні дэпутатаў абедзвюх палат парламента. Больш за ўсё пытанняў было да асноўнага дакладчыка — намесніка прэм'ер-міністра Пятра Пракаповіча. Аднак традыцыйна без увагі дэпутатаў не засталіся і іншыя прадстаўнікі Савета Міністраў.

Экспарт харчавання

Член Савета Рэспублікі Яўген КАРАШКОЎ папрасіў Пятра Пракаповіча распавесці аб долі сельгаспрадукцыі ў экспарце.

— Экспарт сельгаспрадукцыі — адзіны кірунак, які паспяхова развіваецца, — заўважыў віцэ-прэм'ер. — Станоўчае сальда ад экспарту харчавання за 10 месяцаў склала 1,4 млрд долараў. Задачы выйсці ў 2015 годзе на экспарт у 7 млрд — рэальныя. Думаю, што мяжа ў 5 мільярдаў будзе пройдзена ўжо сёлета. Доля сельгаспрадукцыі ў экспарце павінна скласці 15-17%.

Галоўным рэзервам у АПК Пракаповіч лічыць павышэнне вытворчасці малака. «Калі б мы працавалі па малацэ так, як маглі, то ў нас ніякіх праблем у эканоміцы не было б увогуле, — дадаў намеснік прэм'ер-міністра. — Калі б у нас было 2,5 млн кароў, як у 1990 годзе, і кожная давала б 5 тысяч літраў малака, то мы атрымалі б прыкладна $5 млрд экспарту».

Прыватызацыя

Дзмітрый ХАРЫТОНЧЫК, старшыня Пастаяннай камісіі Палаты прадстаўнікоў па прамысловасці, паліўна-энергетычным комплексе, транспарце і сувязі, спытаў, наколькі ўрад прапрацаваў пытанне рэалізацыі дзяржаўнай уласнасці.

— Па прыватызацыі мы прынялі канкрэтнае рашэнне: прадаваць дзяржаўныя акцыі там, дзе доля дзяржавы менш за 25%, — сказаў Пётр Пракаповіч. — Мы таксама даручылі прыцягваць інвестара, і ў першую чаргу беларускага, на прадпрыемствы, якія з'яўляюцца хранічна стратнымі і дзе ўладальнікі не бачаць вырашэння.

Віцэ-прэм'ер заўважыў, што ў Беларусі ўжо вырас клас уласнікаў, якія маюць рэсурсы, магчымасці і паказалі прыклад добрай работы. «І мы павінны садзейнічаць таму, каб яны ўзялі на сябе адказнасць за прадпрыемствы, якія яны змогуць зрабіць эфектыўнымі».

Трэцяя катэгорыя прадпрыемстваў, якія будуць прадавацца ў першую чаргу, — тыя, дзе не хапае сродкаў на распачатую мадэрнізацыю.

Саюзны дагавор

Старшыня Палаты прадстаўнікоў Уладзімір АНДРЭЙЧАНКА спытаў віцэ-прэм'ера, як ідзе падрыхтоўка Саюзнага дагавора аб Еўразійскім эканамічным саюзе.

— Як у гэтую працу ўключаныя міністэрствы і ведамствы? Ці не атрымаецца, што, калі дагавор запрацуе, з'явяцца пытанні? Чаму няма рэгулярных пасяджэнняў урада па гэтым пытанні? Праблем па руху грузаў, па лёгкай прамысловасці шмат, але не чуваць, каб яны абмяркоўваліся, — выказаў сумненні спікер.

Пётр Пракаповіч запэўніў, што падрыхтоўка дагавора ідзе, і 1 мая дакумент будзе гатовы. У рабочым парадку вырашаюцца многія праблемныя пытанні. Разам з тым, віцэ-прэм'ер пагадзіўся, што працу гэтую трэба ўзмацніць.

Пенсіі трэба павышаць

Мікалай КАЛТУНОЎ, намеснік старшыні Пастаяннай камісіі Палаты прадстаўнікоў па эканамічнай палітыцы, спытаў міністра працы і сацыяльнай абароны Марыяну ШЧОТКІНУ, як яна асабіста ставіцца да неабходнасці пенсіянерам плаціць транспартную пошліну.

— Пытанне будзе праходзіць практыку, — ухілілася ад прамога адказу міністр. — Ведаю, што заўсёды заканадаўства жывое. Трэба глядзець. Калі ёсць транспарт, калі гэта ідзе на дарогі, на бяспеку дарожнага руху, я не супраць, калі пошліна гэта разумная.

— Ці хопіць на яе пенсіі? — больш прама спытаў народны абраннік.

— Пенсію трэба павышаць, — знайшлася міністр. — Просьба да дэпутацкага корпуса: выступайце супраць шэрых схем выплаты заробкаў, каб больш сродкаў паступала ў фонд сацабароны.

Пасля гэтых слоў у авальнай зале раздаліся апладысменты.

Вольга МЯДЗВЕДЗЕВА.

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?