Вы тут

Мастацтва трох «Р»


Савет Рэспублікі ўхваліў галоўны эканамічны дакумент года

Падчас заключнага пасяджэння трэцяй сесіі верхняй палаты беларускага парламента сенатары разгледзелі бюджэтны пакет законапраектаў на будучы год. Даходы і расходы рэспубліканскага бюджэту вызначаны ў аднолькавым аб'ёме — 128 трлн рублёў. Пры гэтым запланавана, што даходная частка ў параўнанні з бягучым годам вырасце на 20%, а расходная — на 15%. Унутраны валавы прадукт, згодна з бюджэтам, прырасце на 3,2%.

Бюджэт прадугледжвае прыцягненне дадатковых даходаў у суме 3,6 трлн рублёў. Даход ад адзінага падатку на вызначаны даход і 50% ад пошліны за выдачу дазволу на допуск транспартнага сродку да ўдзелу ў дарожным руху будуць накіроўвацца ў мясцовыя бюджэты і бюджэт Мінска. Пры гэтым сродкі ад дзяржпошліны па рашэнні адпаведных Саветаў дэпутатаў пойдуць на будаўніцтва, рэканструкцыю і капітальны рамонт аўтамабільных дарог і вуліц у населеных пунктах.

— Ужо больш за 10 гадоў я маю непасрэднае дачыненне да бюджэтаў рознага ўзроўню: пярвічнага (сельскага Савета), базавага, абласнога, і на працягу апошняга года — рэспубліканскага, — сказаў журналістам старшыня Пастаяннай камісіі Савета Рэспублікі па эканоміцы, бюджэце і фінансах Уладзімір ПАНЦЮХОЎ. — Шматгадовыя назіранні паказалі, што бюджэтам ніколі ніхто не бывае задаволены. Скласці бюджэт — вялікае мастацтва трох «Р» — Раўнамернага Размеркавання Расчараванняў. І што б мы сёння ні казалі, праект, які ўнёс урад, аказаўся лепшым. Бо ўжо з мая над гэтым дакументам працавалі лепшыя спецыялісты нашай краіны, якія любяць Беларусь. У выніку мы маем бюджэт збалансаванага развіцця, пабудаваны на бездэфіцытнай аснове. Усе 77 сацыяльных праграм маюць каэфіцыент трываласці.

Разам з тым сенатар адзначыў, што прыняцце бюджэту пакідае шмат пытанняў, асабліва звязаных з надзеямі на павелічэнне ў некалькі разоў экспартнага складніка, прыцягненне прамых замежных інвестыцый. «Мне здаецца, што скласці бюджэт было складана, але яшчэ больш складана будзе яго выканаць, — дадаў Уладзімір Панцюхоў. — І каб яго выканаць, нам усім трэба кіравацца прынцыпам: рабі, што можаш, там, дзе ты ёсць. Я асабіста з аптымізмам гляджу ў будучыню».

Вольга МЯДЗВЕДЗЕВА.

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?