Вы тут

Хачу сваю Снягурку!


Набліжаецца час, калі нават рэдкі дарослы, няхай недзе і ў глыбіні душы, не спадзяецца на невялікі цуд, — Новы год... Не, можна, вядома, і не спадзявацца, а самому ўвасобіць мары і памкненні ў жыццё. Замовіць, напрыклад, на свята эратычную Снягурку. Ці нават лепш дзвюх! Вой, прабачце, гэта я зараз услых сказаў?!. Ну, вы ж ведаеце, што дзяцінства заканчваецца тады, калі хочацца, каб жаданні выконваў не Дзед Мароз, а Снягурка. Гэта для дарослых хлопчыкаў. А для такіх жа дзяўчат — стрыптыз ад самога Дзеда Мароза. Зараз і такое магчыма... Але гэта, пагадзіцеся, неяк не зусім натуральна. У нашай традыцыі верыць у тое, што доўгачаканы цуд адбудзецца сам па сабе і менавіта з намі. А з кім жа яшчэ? Мы ж заслужылі! Памятаеце даўні тост-анекдот: «Давайце пажадаем, каб на нас напала зграя баксаў. А мы не здолелі ад іх адбіцца!». Таму пад бой навагодніх курантаў ці падчас варажбы на святкі, напэўна, не адзін і не адна загадаюць і такое: абавязкова сустрэць у наступным годзе сваю другую палавінку...

1387871252795_24-9

Кажуць, некалі чалавек спалучаў у адным цэлым і мужчынскі, і жаночы пачатак, але потым Бог за нейкую правіннасць падзяліў яго. І з таго часу мы шукаем па свеце менавіта сваю палавінку. Як у анекдоце: «Цалуюцца ў цемры двое. «Як цябе завуць? — Сярожа. — Цьфу, мяне гэтаксама». Не-не-не, не падумайце нічога такога!... Ніякіх «адценняў блакітнага». Сёння нашы нататкі «пафарбаваны» выключна адным колерам — пераднавагоднім. Проста ўжо і навукоўцы даказалі, што мы на падсвядомым узроўні шукаем сярод прадстаўнікоў процілеглага полу падобных сабе. Рысамі твару, характару. Светаўспрыманнем. Нават калі іншы чалавек як быццам цалкам твая процілегласць, ён усё роўна можа нечым прыцягваць. Гэта азначае толькі тое, што тыя ж рысы характару хацеў бы мець і ты.

На працы якраз нядаўна каляжанка заўважыла, што мы з жонкай — аднолькавыя, маючы на ўвазе нашы прафесійныя падыходы. Хаця, па праўдзе, не такія мы ўжо і аднолькавыя. Трэба ж мець нейкія няроўнасці (я пра характары!), каб «іскру высякаць»... Дарэчы, бацькі той самай каляжанкі пазнаёміліся менавіта ў навагоднюю ноч. Пачалі сустракацца, а праз год ажаніліся. Так што навагоднія казкі і сапраўды здараюцца ў жыцці.

...Праўда, загадваючы жаданне, трэба быць асцярожным з імі. Дакладнасць — найперш! А то можа атрымацца, як было ў нашай кампаніі. На святкі неяк вырашылі паваражыць. І адна незамужняя дзяўчына, якая не ўтойвала, што хацела б выйсці замуж, выцягнула паперку з уласнаручна дагэтуль напісанай фразай: «Не спяшайся, а тое паспееш!». Пасмяяліся, падзівіліся, але ніякага тлумачэння прадказанню даць не змаглі. А фраза тая «расшыфравалася» літаральна некалькі гадзінамі пазней, пра што мы даведаліся наступным днём... Вярталіся мы з гасцей позна, калі вуліца была ўжо амаль пустая, а святлафоры мігалі ў дзяжурным рэжыме. Высадзілі яе насупраць «Рыгі» — яна якраз жыла на тым баку вуліцы побач з універсамам. Дзяўчына потым расказвала: «Думаю — чаго ісці на пешаходны пераход, хаця ён і быў літаральна побач... Вуліца ж пустая, нікога няма. Пайшла напрасткі. І неяк не заўважыла, што іду... роўна ў напрамку міліцэйскай машыны, прыпаркаванай на тым баку... Аштрафаваць мяне, вядома, не аштрафавалі, але «лекцыю» прачыталі добрую. Хлопцы, відаць, у нарадзе крыху засумавалі...» Знаёмства, як нехта мог падумаць, не атрымалася. Выйшла як у тым анекдоце: «На «чорным рынку» з'явіліся фальшывыя ёлачныя ўпрыгажэнні. Выглядаюць як сапраўдныя, але радасці ад іх няма». З таго часу фраза «Не спяшайся, а то паспееш» стала ў нас крылатай...

І яшчэ пра варажбу і асцярожнасць. Неяк раней адна знаёмая дзяўчына расказвала, што вырашыла паваражыць простым спосабам — кінуць бот за веснічкі. Куды насок абутку пакажа — адтуль і жаніха чакаць. Выйшла ўвечары на двор і шпурнула ў цемру бот...

Адразу пасля кідка з вуліцы пачуўся... моцны мужчынскі мацюк. Хлопец, якога яна не заўважыла, ледзь паспеў ухіліцца ад бота, які «прасвісцеў» каля скроні...

Чаго мы яшчэ чакаем ад галоўнага зімовага свята? Што пасля яго наша жыццё абавязкова зменіцца. Мы будзем чуць блізкіх і будзем пачуты імі. Гэта я ўсё пра тую ж даўнюю традыцыю верыць, што цуд — будзе... Галоўнае, каб не атрымалася, як у чарговым анекдоце. «Кожны год перад зімовым святам жонка падносіць мне кулак да носа і заяўляе: «Не будзеш «ужываць» у новым годзе! Не будзеш!» — А я ў адказ усміхаюся і радасна думаю пра сябе: «Столькі ўжо гадоў разам жывём, а колькі ў ёй яшчэ аптымізму!»

Вось! За аптымізм! За веру ў тое, што ў наступным годзе ўсё ў нас будзе добра! Што здзейсняцца ўсе нашы мары і жаданні!

На нашых святочных сталах будуць, пэўна ж, мандарыны і шампанскае, аліўе і заліўная рыба... Але варта прыгатаваць яшчэ адну страву, якая ніколі не будзе лішняй. Трэба ўзяць у пэўных прапорцыях страсці, дадаць кахання, на смак — пацалункаў і абдымкаў. Страву рэкамендуецца паспрабаваць удваіх, лепш за ўсё — у ложку. Можна нават не чакаючы надыходу Новага года.

За веру ў цуды, якія мы можам стварыць самі для сябе і сваіх самых блізкіх!

Штатны чараўнік «Чырвонкі» Кастусь ХАЦЕЛАЎ-ЗМАГЕЛАЎ.

Выбар рэдакцыі

Навука

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Расказаў першы намеснік старшыні Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Рэспублікі Беларусь Дзяніс Каржыцкі.

Здароўе

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

Як вакцыны выратоўваюць жыцці і чаго можа каштаваць іх ігнараванне?

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.