Вы тут

Людзі павінны ведаць, што іх чакае


Яшчэ колькі часу таму губернатара Мінскай вобласці турбавалі пытаннямі, якія можна было вырашыць на ўзроўні мясцовага ЖЭСа (напрыклад, як адрамантаваць кран у кватэры, замяніць агароджу). Прамая тэлефонная лінія, якую правёў на днях старшыня Мінскага аблвыканкама Сямён ШАПІРА, выявіла больш значныя праблемы.

Шмат хто выказаў незадаволенасць нясвоечасовым уводам у дзеянне жылля. Напрыклад, Любоў Антонаўна з Дзяржынска паскардзілася, што кааператыўны дом не могуць здаць у эксплуатацыю з 2009 года. А гэта балюча б'е па кішэнях грамадзян: толькі сёлета тройчы павялічваўся кошт квадратнага метра. Ды грошай для завяршэння будаўніцтва зноў не хапае. Разам з тым, згодна з дакументамі, дом ужо прыняты адпаведнай камісіяй. Але ў будучых жыльцоў няма нават ключоў ад доўгачаканых кватэр.

Дарэчы, праблема даўгабуду тыповая для многіх забудоўшчыкаў. У аналагічную сітуацыю трапіў і Дзмітрый Паўлавіч з Барысаўскага раёна. «Кааператыўны дом будуецца даўно, марудна, дрэнна, а мы вымушаны падпісваць дадатковае пагадненне на павелічэнне кошту «квадрата», — абураўся мужчына.

Шмат званкоў паступіла наконт прыватызацыі службовага жылля. Жыхар вёскі Дуброва, якая ўваходзіць у ААТ «Агракамбінат Аляхновічы» Маладзечанскага раёна, паведаміў, што кіраўніцтва замест выкупу жылля прапануе арэндныя адносіны. А тым часам на птушкафабрыцы, дзе ён працуе, зарплата... усяго 500 тысяч(!) рублёў. Губернатар назваў такія адносіны з боку кіраўнікоў сельгасарганізацыі здзекам з людзей і даручыў адпаведным службам выехаць на месца і разабрацца ў сітуацыі.

Ларыса Рыгораўна са Стаўбцоўскага раёна таксама звярнулася да Сямёна Шапіры ад імя людзей, якія не могуць прыватызаваць свае дамы. У 2010 годзе прадпрыемства «Заямнаўскае» было прададзена па конкурсе прыватнаму даччынаму сельскагаспадарчаму ўнітарнаму прадпрыемству «Профі-Аграцэнтр». Новы ўласнік заклаў дамы ў банку і цяпер на ўсе звароты адказвае: маўляў, чакайце. Але з любой сітуацыі ёсць выйсце. Напрыклад, прапанаваць банку ўзамен іншую маёмасць: людзі, якія аддалі гаспадарцы многія гады жыцця, не павінны быць заложнікамі ўласніка ці абставін.

Уздымаліся і іншыя пытанні. У жыхара з Салігорска прамярзаюць сцены ў кватэры: тэмпература не вышэй за 14-15 градусаў. Такая сітуацыя тыповая не толькі для салігорцаў. Таму кіраўнік цэнтральнага рэгіёна распарадзіўся абследаваць «халодныя» дамы на працягу тыдня, скласці іх спіс з тым, каб у бліжэйшай перспектыве ўстараніць недахопы.

Жыхарка вёскі Астравечча Клецкага раёна не можа дачакацца, калі ў доме з'явіцца «блакітнае» паліва. Жанчына прасіла старшыню аблвыканкама пасадзейнічаць у гэтым, але такога абяцання губернатар не даў. Сямён Шапіра распарадзіўся скласці спісы на першачарговае падключэнне прыроднага газу і надрукаваць іх у абласной газеце. «Людзі павінны ведаць, на што ім спадзявацца. Гэта будзе празрыста, сумленна і справядліва. Такі пералік неабходны і па рамонце дамоў, і па асфальтаванні вуліц», — зрабіў выснову Сямён Шапіра.

Таццяна ЛАЗОЎСКАЯ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?