Вы тут

«КАНЕК-ГАРБУНОК»


І ІНШЫЯ МУЛЬТФІЛЬМЫ ЛЬВА МІЛЬЧЫНА. На работах нашага суродзіча славуты Уолт Дзісней вучыўся ствараць амерыканскую анімацыю

Гартаючы раз-пораз выдатны энцыклапедычны даведнік «Беларускі Саюз мастакоў», зрэдзьчасу спыняюся на артыкуле, прысвечаным Ісаку Восіпавічу Мільчыну (1894—1943). Усяго дзевяць радкоў... Дазволю сабе працытаваць іх: «... вучыўся ў школе малявання Я. Кругера ў Берліне (1911 —1914). Член Усебеларускага Аб'яднання мастакоў — першай арганізацыі мастакоў Беларусі (1927— 1928), член Рэвалюцыйнай асацыяцыі мастакоў Беларусі (1928—1931). Працаваў у кніжнай графіцы. Сярод твораў: іл. да кнігі Шолама-Алейхема «Сярэбраны». Загінуў у фашысцкім гета».

I нешта ж, нейкая струнка памяці чапляла, прымушала спыняцца, перачытваць гэтыя радкі, углядацца ў здымак !саака Мільчына. I ўсё ж такі разгадка прыйшла: успомнілася дзяцінства, цітры розных мультфільмаў. Так, і там — Мільчын!.. Але ж якая сувязь? Мультфільмы, відавочна, пасляваенныя.

Пачаў цікавіцца больш дэталёва. Па ініцыялах атрымліваецца, што да мульцікаў мае дачыненне іншы Мільчын. Высвятляецца: Леў !сакавіч Мільчын — пэўна ж, сын... Тым больш што месцам нараджэння мастака-мультыплікатара пазначаны Мінск. Вядома, што Леў Мільчын пакінуў Беларусь перад вайною... А ўжо ў пасляваенныя гады як мастак (а часам яшчэ і як рэжысёр) ствараў вядомыя і сёння мультфільмы. Сярод іх — « Канёк-Гарбунок» (копію яго славуты Уолт Дысней купіў у «Саюзмультфільма», каб вучыць мастакоў і рэжысёраў амерыканскіх мульцікаў), «Бабулін парасон», «Светлячок», «Маша болей не гультайка», «Маша і чароўнае варэнне», «Як Маша з падушкай пасварыліся», цыкл «Апавяданні старога марака»...

Паспрабаваў адшукаць нейкія сляды Мільчынасына. Пазваніў у Маскву на колішні «Саюзмультфільм». Там адказалі на трэці ці чацвёрты зварот: «Ён даўно памёр...» I кінулі трубку. Шукаючы славутых землякоў не толькі ў Беларусі, але і ў свеце, да падобнага стаўлення, да таго, што і на дзясятак лістоў не адказваюць, я ўжо прызвычаіўся. Хоць мірыцца з гэтым не магу і часам падоўгу грукаюся ў зачыненыя дзверы... Замест некалі ўсемагутнай карпарацыі «Саюзмультфільм», славу якой стваралі і работы Мільчына, звярнуўся да Леаніда Аронавіча Шварцмана. Акадэмік «НКК яркая, шматгранная асоба, ён таксама ўсё жыццё аддаў мультыплікацыі. Гэта ён, Шварцман, наш зямляк (нарадзіўся ў Мінску), прыдумаў, намаляваў Чабурашку такім, якім мы ведаем, уяўляем казачнага героя Эдуарда Успенскага. Пра Шварцмана я пісаў некалькі разоў для самьк розных выданняў Беларусі. З Леанідам Аронавічам мы ліставаліся, перазвоньваліся. Чалавек ён выключна адказны і абавязковы. Пацікавіўся ў яго і пра Мільчына. Пра гэтага мастака мы неяк раней не гутарылі...

А далей — як у казцы!.. Паслухайце, што расказаў вядомы расійскі мастак:

— Дык гэта ж сябар майго дзяцінства!..

_ ???!

—   I ён, як і я, — мінчанін... Я нарадзіўся 30 жніўня 1920 года. Лёва — 18 жніўня. Абодва пайшлі ў «нулёўку» ў 1927 годзе. У адну школу—мінскую школу нумар 5... Абодва з самага маленства малявалі. Але так, як маляваў Лёва, ніхто з нас, нашага акружэння не маляваў. Ён забываўся на ўсё на свеце, маляваў на ўроках. Яго малюнкі — гэта шматфігурныя кампазіцыі: рыцарскія баі, марскія бітвы, грандыёзныя будоўлі дамоў і заводаў... Нас, яго аднакласнікаў, здзіўляла фантазія Лёвы, хуткасць, з якой ён маляваў...

Разам Шварцман і Мільчын пайшлі і ў мастацкую студыю. Выкладаў у будучых мультыплікатараў Валянцін Віктаравіч Волкаў. Гэта ўжо было, пэўна, пасля 1929 года. Бо вядома, што да 1929-га Волкаў працаваў у Віцебскім мастацкім тэхнікуме.

Безумоўна, школа такога вялікага мастака паўплывала на фарміраванне таленту падлеткаў. Валянцін Віктаравіч заахвочваў юных мастакоў да шматжанравай працы. I калі надышоў час выбару прафесіі, сумненняў у тым, якую жыццёвую сцяжыну выбраць, не было. Абодва — Леў і Леанід — выправіліся ў Ленінград, каб паступаць у Акадэмію мастацтваў. Але лёс распарадзіўся так, што не паступілі.

—   Я пайшоў вучыцца ў школу пры акадэміі

—  расказвае Леанід Аронавіч, — а Лёва паехаў у Маскву і паступіў на мастацкі факультэт Усесаюзнага дзяржаўнага інстытута кінематаграфіі. У 1943 годзе ён бліскуча абараніў дыплом на тэму «Ціль Уленшпігель». Адна з першых прац Мільчына ў кінематаграфіі — «Нашэсце»...

Мастаком-пастаноўшчыкам на «Нашэсце» юнага Льва Мільчына запрасіў Абрам Мацвеевіч Роам. Магчыма, спрацавала і пачуццё зямляцкасці. Роам — з Вільні, добра ведаў Беларусь. У свой час працаваў выкладчыкам ва Усесаюзным дзяржаўным інстытуце кінематаграфіі. Першы свой фільм Абрам Мацвеевіч зрабіў яшчэ ў 1924 годзе... За «Нашэсце» Роам атрымаў Сталінскую прэмію. А Льва Мільчына проста заўважылі. I ўжо праз год наш зямляк робіць «Канёк-Гарбунок» з «бацькам савецкай мультыплікацыі» рэжысёрам !ванам Пятровічам !вановым-Вано. Да гэтага твора будзе яшчэ і вяртанне — у 1975 годзе. Але і тая, 1945 года, версія выклікала вялікую цікавасць у гледачоў, у калег па працы. Амаль праз 40 гадоў пасля вайны Мільчын і ўжо 84-гадовы яго настаўнік зрабілі яшчэ адзін досыць цікавы мультфільм — «Казку пра цара Салтана».

—   Лёва, — успамінае далей Шварцман,

—  быў яшчэ і выкладчыкам у мяне — ва Усесаюзным інстытуце кінематаграфіі. Выкладаў карыкатуру і шарж. Тады я і даведаўся, што бацька, маці і сястрычка Лёвы загінулі ў гета. А да вайны жылі яны на Шырокай вуліцы на беразе Свіслачы, якраз насупраць тэатра оперы і балета. Бацька Лёвы — мастак...

Такая вось разгадка, такія вось сувязі паміж Мільчынымі. Леў !сакавіч таксама ўжо пайшоў з жыцця—у 1987 годзе. А мультфільмы, зробленыя ім, па-ранейшаму радуюць юнага гледача і ў Расіі, і ў Беларусі, і ў іншых краінах на постсавецкай прасторы, а мо і не толькі на постсавецкай...

Кастусь ХАДЫКА.

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

Сёння пачаў работу УНС у новым статусе

Сёння пачаў работу УНС у новым статусе

Амаль тысяча дзвесце чалавек сабраліся, каб вырашаць найважнейшыя пытанні развіцця краіны. 

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.